Падзяляем цяжар бяды

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванні губернатару Чэлябінскай вобласці Расіі Барысу Дуброўскаму, родным і блізкім загінуўшых пры выбуху ў жылым доме ў Магнітагорску. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі вестку аб трагедыі, якая здарылася ў Магнітагорску.

“Велізарны боль ад незаменных страт напоўніў сэрцы ўсіх беларусаў. Мы смуткуем разам з брацкім расійскім народам і падзяляем цяжар напаткаўшай яго бяды”, — гаворыцца ў спачуванні.

31 снежня з-за выбуху газу адбылося абвальванне пад’езда жылога дома ў Магнітагорску. Паводле апошніх даных, загінулі больш за 20 чалавек. Месцазнаходжанне яшчэ некалькіх дзясяткаў не ўстаноўлена. Як адзначылі ў МНС Расіі, захоўваецца пагроза далейшага абвальвання дома.