Паехалі!..

- 13:08Уступная кампанія

Сёння пачынаецца прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Уступная кампанія лагічна рухаецца да фіналу. Усё мінула: работа над сярэднім балам школьнага атэстата, выбар профілю будучай адукацыі, падрыхтоўка да ЦТ і ўласна ЦТ. Засталося падаць дакументы на абраную спецыяльнасць і чакаць завяршэння гэтага шматмесячнага марафону…


Вядома, пакуль не ўсё так проста. Толькі ўладальнікі высокіх балаў могуць дазволіць сабе адносны спакой. Многіх абітурыентаў яшчэ чакаюць выпрабаванні ва ўстановах адукацыі — экзамены па творчасці і фізкультуры, а таксама па спецдысцыплінах (для выпускнікоў каледжаў, якія паступаюць на скарочаную форму навучання). Выпускнікі педагагічных класаў, якія паступаюць на педспецыяльнасці, рыхтуюцца да субяседавання.

Гэты этап уступнай кампаніі напоўнены хваляваннямі і надзеямі. Усе без выключэння будуць сачыць за кожным абнаўленнем інфармацыі аб прыёме дакументаў на ўніверсітэцкіх сайтах. І некаторым, магчыма, давядзецца выкарыстоўваць план “Б” — выбіраць “запасную” спецыяльнасць, магчыма ў іншай установе адукацыі ці нават у іншым горадзе. Так, на гэтым этапе трэба быць актыўнымі і мабільнымі.

А яшчэ гэта вельмі імклівы этап. Ужо праз два тыдні ўсе экзамены будуць здадзены. Да 28 ліпеня адбудзецца залічэнне на бюджэтнае навучанне і да 6 жніўня — на платнае. У наваспечаных студэнтаў будзе амаль месяц, каб асэнсаваць сябе ў новым статусе і як след адпачыць.

Але і тым, каму не пашанцуе ў гэтай абітурыенцкай гонцы, засмучацца не варта. Цікавыя сучасныя спецыяльнасці можна атрымаць таксама ў сістэме сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Гэта ні ў якім разе не выключае вырыянт паступлення ва ўніверсітэт у будучыні, наадварот, робіць яго больш усвядомленым і перспектыўным.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.