Ідэя дапоўніць рубрыку “80 гадоў разам” матэрыяламі пра юбілейныя гады “Настаўніцкай газеты” ўзнікла невыпадкова. Юбілей — гэта не проста круглая дата, прыгожая лічба, а выдатная нагода азірнуцца на пройдзены шлях, прааналізаваць яго і з новымі планамі, ідэямі крочыць далей. Вось і мы з калегамі вырашылі ўважліва прачытаць пажаўцелыя нумары газеты, паглядзець, як фарміраваўся яе адметны знешні выгляд і не менш адметны характар. Сваімі назіраннямі, высновамі будзем дзяліцца з вамі, паважаныя чытачы.
1955 год: час станаўлення
Першую тэматычную падборку прысвячаем першаму юбілейнаму году.
Гэта быў асаблівы год у гісторыі “Настаўніцкай”. Першыя традыцыі, першыя рубрыкі — “Майстры педагагічнай справы”, “Школьнае жыццё”, “За паўнацэнныя падручнікі”, “Па нашай рэспубліцы”. А якія загалоўкі! “Працоўнаму выхаванню — належную ўвагу”, “Надзённае пытанне”, “Павышаем ідэйны ўзровень”, “На правільным шляху”…
Асаблівай лірычнасцю яны не вылучаюцца, аднак цалкам адпавядаюць духу пасляваеннага часу. Толькі 10 гадоў, як скончылася Вялікай Айчынная. Адбудоўваліся зруйнаваныя гарады, паступова наладжвалася сацыяльна-эканамічнае жыццё, аднак яшчэ хапала матэрыяльных цяжкасцей: у недастатковай колькасці выдавалася метадычная літаратура, не хапала падручнікаў, прылад. І канечне, трэба было вырашаць адно з самых важных пытанняў — будаўніцтва школ.
Гэтая з’ява пакуль не набыла такога масавага характару, як у наступнае дзесяцігоддзе, але ўсё роўна дзякуючы дапамозе дзяржавы, ініцыятыве саміх грамадзян у населеных пунктах на месцы ўчарашніх руін, папялішчаў узводзіліся храмы навукі. Вось што чытаем у нумары за 23 чэрвеня: “У Жалудоцкім раёне шырока разгорнута будаўніцтва школ метадам народнай ініцыятывы… Да пачатку навучальнага года намечана вывесці з наёмных памяшканняў Агароднікаўскую і Прэцімскую пачатковыя школы. Для іх будаўніцтва ўжо адпушчаны сродкі і выдзелены лесаматэрыял”.
Не менш важнай была і арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу, у першую чаргу забеспячэнне школ якаснымі падручнікамі. Невыпадкова ў 1955 годзе з нумара ў нумар выходзіла рубрыка “За паўнацэнныя падручнікі”. Што цікава, аўтарамі выступалі ў асноўным школьныя настаўнікі — тыя, хто непасрэдна працаваў з падручнікамі. Менавіта яны аналізавалі змест, называлі канкрэтныя недахопы, памылкі, выказвалі прапановы па ўдасканаленні.
Канечне, час змяніўся, і сёння пляцоўкай для абмеркавання новых падручнікаў выступаюць абласныя інстытуты развіцця адукацыі, Акадэмія адукацыі, дзе працуюць рабочыя групы, да таго ж праводзяцца пасяджэнні секцый, прэзідыума навукова-метадычнага савета, арганізоўваюцца конкурсы сярод аўтараў падручнікаў. І ўсё ж цікава і карысна пачытаць, што хвалявала педагогаў у 1955 годзе, якія былі іх пажаданні адносна якасці вучэбных дапаможнікаў. Думаю, некаторыя пажаданні актуальныя і сёння.
“Цяпліца ў школе”, “Вясна на прышкольным участку”, “У дружбе з хлебаробамі”, “Урок ручной працы”, “Выбіраюць прафесіі сваіх бацькоў”… Гэтыя загалоўкі 1955 года выдатна падыдуць і да некаторых сучасных матэрыялаў “Настаўніцкай”, паколькі тэма працоўнага выхавання, прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі актуальная ва ўсе часы.
Вучоба без адрыву ад практыкі — такімі словамі можна ахарактарызаваць політэхнізацыю, якой 70 гадоў назад у беларускіх школах удзялялася вялікая ўвага. І гэта тое, што актуальна і ў наш час. Напрыклад, у нумары за 13 студзеня 1955 года некалькі матэрыялаў цэлай паласы пад агульным загалоўкам “На правільным шляху” прысвечана паспяховаму вопыту політэхнічнага навучання ў Гарадзейскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна. Дапаўняюцца артыкулы фотаздымкам, на якім настаўнік фізікі Н.С.Атліванчык праводзіць у школьнай майстэрні заняткі гуртка “Юны тэхнік”, дзе навучэнцы авалодваюць сакрэтамі такарнай справы.
А ў нумары за 15 снежня над артыкулам “Знаёмім вучняў з навуковымі асновамі вытворчасці” красуецца фотаздымак нашага калегі І.Замыцкага з подпісам: “Дзесяцікласнікі 5-й сярэдняй школы г.Мінска на экскурсіі ў адным з цэхаў аўтазавода”.
“Настаўніцкая” — своеасаблівы летапіс не толькі сістэмы адукацыі, але і краіны. У першую чаргу варта назваць матэрыялы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, паколькі наша газета, як вядома, равесніца Перамогі. У 1955 годзе яшчэ не было маштабнага святкавання 9 Мая, аднак пра подзвіг народа ні журналісты, ні педагогі не забывалі. Ды і як забыць, калі многія з іх самі былі франтавікамі, змагаліся ў партызанскіх атрадах.
З асаблівай цікавасцю ў нумары за 5 мая чытаюцца ўспаміны педагогаў-франтавікоў, іх роздумы наконт важнасці мірнага аднаўлення краіны. “Як і многія мае субраты па зброі, я пасля вайны вярнуўся да працоўнага жыцця. І адразу ж мне даверылі сур’ёзны ўчастак работы — узначальваць выхаванне дзяцей, бацькі якіх загінулі на франтах Айчыннай вайны. Не без хвалявання за лёс гэтых маленькіх я ўзяўся за справу…” — піша дырэктар Уздзенскага спецдзетдома Н.Бардовіч.
І як сімвал пасляваеннага аднаўлення паласу ўпрыгожвае фотаздымак новага будынка школы-дзесяцігодкі ў г.п.Бераставіца.
Альбо вось яшчэ адзін цікавы прыклад. У нумары за 29 верасня на першай паласе — Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб Дзяржаўным гімне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, а таксама словы гімна і яго ноты. Менавіта гэтая музыка Нестара Сакалоўскага гучыць сёння пры выкананні Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
І ўсё ж галоўнае ў газеце — не проста цікавыя гістарычныя факты, а самі педагогі: іх думкі, меркаванні, паведамленні пра тыя ці іншыя падзеі школьнага жыцця. Па разнастайнай тэматыцы матэрыялаў, шырокай геаграфіі яе аўтараў (цікава знаёміцца з ранейшымі назвамі раёнаў — Жалудоцкі, Сіроцінскі, Ільянскі і інш.) бачна, што з першых гадоў свайго жыцця “Настаўніцкая газета” стала дарадцай, памочніцай, вернай сяброўкай педагогаў.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара
Гісторыя аднаго здымка
Жнівень 1955-га, на двары дзіцячага сада № 85, што ў пасёлку Грушаўка на ўскрайку Мінска, дзеці паліваюць кветкі — менавіта гэты момант трапіў на старонкі “Настаўніцкай газеты”.
Наўрад ці тады дзеці і выхавальнікі ведалі, што будзе з іх садам праз столькі гадоў і ці будзе ён увогуле? Але сад існуе — пад тым жа нумарам, на тым жа месцы, нават у тым жа будынку. Больш за тое, квітнее і карыстаецца ў бацькоў вялікай папулярнасцю. Завіталі сюды з архіўным матэрыялам газеты, які загадчыца Валянціна Крупадзёрава разглядае з вялікай цікавасцю. Бачна, што артыкул, напісаны значна раней, чым яна нарадзілася, знайшоў водгук у яе сэрцы.
— А як інакш, — гаворыць Валянціна Аляксандраўна, — у гэтым садзе я працую загадчыцай ужо больш за 20 гадоў, усё тут для мяне роднае. Ганаруся, што ён жыве і прыгажэе столькі гадоў! Бачыце, як у нас усё квітнее — добраўпарадкаванню мы ўдзяляем шмат увагі. Тэрыторыя зялёная: у нас тут туі, хосты, разнастайныя клумбы… Усё гэта даглядаюць неабыякавыя педагогі, і дзеці дапамагаюць з вялікім энтузіязмам. Як і ў 1955-м, яны сёння на двары паліваюць кветкі.
Сапраўды, у сонечны летні дзень групы са сваімі выхавальніцамі выйшлі на вуліцу: дзеці ў рознакаляровых галаўных уборах як тыя кветачкі. Вопытныя педагогі ўстановы Жанна Дзеружынская, Эліна Лабецкая, Таццяна Пальчэўская і сама загадчыца, якая працуе тут не адзін дзясятак гадоў, бачаць, як сад з кожным годам прыгажэе.
— Калісьці тут быў пладовы сад: яблыні, грушы, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Святлана Сяміязыкава. — Частка яго захавалася. Раней тут знаходзіўся пасёлак, прыватны сектар. Зараз у нашым мікрараёне выраслі шматпавярховыя дамы, не ва ўсіх дзяцей ёсць магчымасць папрацаваць на агародзе, паназіраць, як расце садавіна, агародніна, кветкі. Тое, што яны прывучаюцца працаваць на зямлі, — вельмі добра.
У раёне сад славіцца сваёй прыгожай, утульнай тэрыторыяй. Ён невялікі, з сямейнай атмасферай: ва ўстанове 6 груп, 158 дзетак. Амаль сем дзясяткаў гадоў назад тут было 125 выхаванцаў.
У дзяцей ёсць свой агарод, дзе яны, па прыкладзе сваіх папярэднікаў, вырошчваюць памідоры, перцы, бульбу, цыбулю, зеляніну.
— Мы падтрымліваем добрую традыцыю клапатлівых адносін да ўстановы, — адзначае Валянціна Крупадзёрава. — Кожны год з дапамогай бацькоў фарбуем гульнявое абсталяванне, рэгулярна косім траву. Дарэчы, за апошнія 10 гадоў замянілі амаль ўсё гульнявое абсталяванне, набылі новы спартыўны комплекс. Ды і сам гістарычны будынак, узведзены ў 1937 годзе, патрабуе пастаяннай увагі і клопату. Усё трымаем у парадку.
Пасля Перамогі тут размяшчаўся дзіцячы дом. Менавіта тады быў закладзены сад, агарод — дзеці самі працавалі на ўчастку, установа мела свайго каня. У 1951 годзе дзіцячы дом перафарміравалі ў дзіцячы сад. Першай загадчыцай была Э.А.Баравая — падчас яе кіраўніцтва і быў напісаны артыкул у “Настаўніцкай”. Цікава, што за час свайго існавання ўстанова размяшчалася на тэрыторыі трох раёнаў. Спачатку гэта быў Акцябрскі, потым — Фрунзенскі, і толькі пасля 1977 года — Маскоўскі. Ужо сталыя выхаванцы гэтага сада прыязджалі сюды з розных куткоў былога Савецкага Саюза, пакідалі запісы ў Кнізе памяці. Сёння гэта сучасная ўстанова з музычнай, фізкультурнай заламі, пунктам карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, кабінетам настаўніка-дэфектолага.
“Непрыметна ляціць час: першага верасня дзеці пойдуць у школу” — ёсць такія словы ў старым артыкуле. І сапраўды, непрыметна праляцелі 70 гадоў. Дзе сёння тыя дзеткі? Іх імёны для нас захаваў аўтар: Света Вашчанка, Саша Зыль, Валя Васілеўская, Коля Строкін… Спадзяюся, яны пражылі доўгае цікавае жыццё і з цеплынёй успамінаюць любімы дзіцячы сад.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара
Багатая спадчына
70 гадоў назад увага чытачоў у адным з кастрычніцкіх нумароў была звернута на гродзенскую школу № 6.
У невялікай нататцы настаўнік рускай мовы Д.Шапіра расказваў пра школьную канферэнцыю па выніках летняга адпачынку. Сваімі ўспамінамі пра канікулы з калегамі і вучнямі падчас той канферэнцыі дзяліўся і Якаў Ільіч Злотнік. Мемарыяльная дошка ў гонар былога дырэктара, які ўзначальваў калектыў каля трыццаці гадоў, штодзень сустракае вучняў і педагогаў.
— Напярэдадні 100-гадовага юбілею, які наша школа адзначыла ў гэтым навучальным годзе, мы заняліся пошукавай работай. З адкрытых крыніц, кніг і архіўных дакументаў па крупінках аднаўлялі гісторыю ўстановы. Вынікам нашых старанняў стала навуковая работа, якая прынесла пераможнае месца ў абласным конкурсе даследчых работ “Хрустальная Альфа”. І ўсё ж галоўным было тое, што ўсе ўдзельнікі канферэнцыі даведаліся пра неабыякавага, улюбёнага ў сваю справу дырэктара Якава Ільіча Злотніка, — адзначае цяперашні кіраўнік школы Павел Міхайлавіч Ушкевіч.
Пры Якаве Злотніку ў 60-я гады ўстанова адукацыі была рэарганізавана ў школу-завод са сваім канструктарскім бюро і такарным, сталярным, слясарным і швейным цэхамі. Два разы на тыдзень навучэнцы выконвалі заказы прамысловых прадпрыемстваў горада і задавальнялі патрэбы школы.
Яшчэ адным новаўвядзеннем была арганізацыя з сакавіка 1959 года самастойнай вучнёўскай змены на заводзе “Аўтазапчастка” (сёння ААТ “Белкард”). Вучні 7—9 класаў былі падзелены на 4 брыгады па 34 чалавекі і кожны дзень працавалі на прадпрыемстве па дзве з паловай гадзіны.
Выпускнікі 1956 года. Сярод іх Людміла Ярман, Ніна Аніська і Людміла Галубцова, імёны якіх згадваюцца ў кастрычніцкім нумары “Настаўніцкай газеты” 1955 года
— У 1960 годзе быў узведзены асобны будынак майстэрняў. Сёння тут абсталяваны кабінеты працоўнага навучання, — расказвае Павел Ушкевіч.
Ветэран педагагічнай працы Рыта Тадэвушаўна Лапнеўская дадае, што пры дырэктарстве Якава Злотніка пра сярэднюю школу № 6 Гродна добра ведалі ў розных кутках Савецкага Саюза. Пра заслужанага настаўніка БССР яна гаворыць з асаблівай цеплынёй:
— Скончыла гэтую школу ў 1983-м і ўжо больш за 40 гадоў успамінаю свае вучнёўскія гады і Якава Ільіча, які кожны дзень ветліва сустракаў усіх на ганку школы. Гэта была магнетычная асоба: ён прыцягваў да сябе і педагогаў, і навучэнцаў.
Менавіта па гэтай прычыне ў 2019-м па ініцыятыве выпускнікоў 1979 года была ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Якава Ільіча.
— Ён без астатку аддаваў сваё сэрца дзецям і стаў для іх сапраўдным арыенцірам у жыцці, — працягвае Рыта Тадэвушаўна.
Такім жа жыццёвым арыенцірам для 538 вучняў імкнуцца стаць і сённяшнія педагогі. Па словах дырэктара, у школе пануе сямейная атмасфера — гэтая традыцыя была закладзена Якавам Ільічом.
— Шэсць педагогаў з’яўляюцца выпускнікамі нашай школы. За рэдкім выключэннем усе, хто прыходзіць сюды аднойчы, застаюцца працаваць назаўсёды, — працягвае Павел Міхайлавіч.
Да ведаў школьнікі ідуць разам з 50 педагогамі. На сваім шляху яны атрымліваюць узнагароды і заахвочванні: толькі ў гэтым навучальным годзе вучні станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласнога конкурсу “Жывы голас Перамогі”, рэспубліканскага “У кожнага часу свае героі”, паспяхова прадставілі ўстанову на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і праявілі сябе ў складзе маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.
Вяртаючыся да публікацыі 1955 года, варта адзначыць, што размова ў ёй ідзе пра лета. Для сучасных вучняў школы № 6 лета таксама праходзіць ярка і дынамічна. Сёння 95 хлопчыкаў і дзяўчынак адпачываюць у выхаваўча-аздараўленчым лагеры, які працуе на базе сярэдняй школы № 26 імя А.М.Сівачова Гродна. Прычым гэта не толькі вучні малодшых класаў.
— Пад кіраўніцтвам педагогаў Ганны Уладзіміраўны Бітук і Арыны Антонаўны Лайковай для школьнікаў сярэдняга звяна арганізаваны экалагічны атрад. На працягу ўсёй змены дзеці ўдзельнічаюць у эстафеце карысных спраў. Днямі, напрыклад, ачышчалі ад бытавога смецця лесапарк Румлёва, — адзначае Павел Ушкевіч.
Школьная тэрыторыя яшчэ да пачатку канікул значна змянілася. У гэтым годзе тут высадзілі каля паўтысячы кветак і дэкаратыўных кустоў. Да юбілею Перамогі разбілі кветнік у форме зоркі.
— Згодна з архіўнымі дакументамі, 100 гадоў назад вуліца, на якой знаходзіцца школа, называлася Ліпавай. Таму восенню 2024 года на тэрыторыі школы заклалі ліпавую алею, — дадае Рыта Тадэвушаўна.
Сёння ў адрасным радку значыцца вуліца Гарнавых. З 2023 года школа заканамерна стала насіць імя Рыгора Аляксандравіча Гарнавых — ваеннага камандзіра, які цаной жыцця ўнёс вялікі ўклад ва ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе. Вучні ўшаноўваюць памяць героя і ў Дзень народнага адзінства традыцыйна ўскладаюць кветкі да мемарыяльнага знака на месцы яго гібелі.
— Разуменне гісторыі — самы важны ўрок для школьнікаў. І ў нашай установе адукацыі на павазе да мінулага будуецца ўся выхаваўчая работа, — падсумоўвае Павел Міхайлавіч.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара