“Пагавары з дзіцем”

Абласная міжведамасная акцыя пад такой назвай прайшла ў Магілёўскай вобласці. Актыўны ўдзел у ёй прынялі ўсе ўстановы адукацыі, у тым ліку і непасрэдна ў абласным цэнтры.

— У сучасным тэхналагічным свеце дзецям часта не хапае жывых зносін, цеплыні, увагі і падтрымкі. Таму асноўная мэта акцыі — своечасовае выяўленне змен псіхаэмацыянальнага стану навучэнцаў. Важную тэматычную інфармацыю педагагічныя калектывы даво­дзілі ў рамках індывідуальных і групавых сустрэч бацькоў з класнымі кіраўнікамі, спецыялістамі сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў, а таксама падчас рэйдаў у сем’і, наведвання арганізацый і прадпрыемстваў. У мэтах навучання баць­коў навыкам распазнання крызісных станаў сваіх дзяцей выкарыстоўваліся метады арт-тэрапіі, нейраграфікі, аквамалявання. Дзеці пісалі лісты, малявалі свае сем’і, стваралі творчыя вырабы як сімвал узаемаразумення з мамамі і татамі. У хо­дзе акцыі ўсе бацькі атрымалі бук­леты і памяткі з інфармацыяй аб рэалізацыі прынцыпаў пазітыўнага бацькоўства, а дзеці — вясёлыя смайлікі і добры настрой, — расказала галоўны спецыя­ліст упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Л.С.Кавалёва.

Паводле яе слоў, у кожнай навучальнай установе горада да правя­дзення акцыі падышлі з вялікай увагай. Усюды былі арганізаваны розныя тэматычныя мерапрыемствы. Так, у вучэбна-педагагічным комплексе № 42 для бацькоў правялі індывідуальныя гутаркі, кансультацыі на тэму “Я і маё дзіця — на шляху да ўзаемаразумення”, а для навучэнцаў арганізавалі флэш-моб “Мы — пазітыўныя, актыўныя, самыя лепшыя ў свеце дзеці!”, наладзілі работу кутка псіхалагічнай разгрузкі. Спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы гарадской гімназіі № 1 правялі адпаведную акцыю для наведвальнікаў буйнога магілёўскага гандлёвага цэнтра. У многіх установах працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі “Аранжавы настрой”. Навучэнцаў запрашалі на фотазоны, майстар-класы, арт-пляцоўкі, псіхалагічныя экспромт-форумы з бацькамі.

Значна, што з 15 лістапада ў магілёўскіх установах адукацыі стартаваў доўгатэрміновы гарадскі міжведамасны праект “Магілёў — горад камфорту і пазітыву”. Ініцыятыва накіравана на фарміраванне пазітыўнага ўспрымання жыцця ў навучэнцаў, умацаванне іх псіхічнага здароўя, а таксама на павышэнне кампетэнтнасці педагогаў і адказнасці бацькоў за жыццё і здароўе дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама.