Паглядзець інакш…

- 11:27Культура

Лета ў самым разгары. І гэта той час, калі ўсім нам хочацца расслабіцца на пляжы: пакласці галаву на плячо каханай ці каханаму, адчуць, як твае ногі казыча цёплая марская вада, глянуць — можа, упершыню за апошні год — у неба… Цёплае, спакойнае, ціхае, як і тая вада, што лашчыць твае ногі.

У гэтыя спякотныя ліпеньскія дні ёсць сэнс схадзіць у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, каб паглядзець на іх, нам такіх дарагіх. На Айвазоўскага, Драздовіча і… каня.

Але паглядзець інакш.

…на Айвазоўскага

На Айвазоўскага трэба менавіта глядзець. Як ён глядзеў на вірлівае мора і бачыў у ім жыццё, каханне, сябе… І не трэба думаць, што геніям даецца ўсё лёгка. Геніі — яны геніі. Яны хуткія і імклівыя. Можна суткамі ляжаць на пляжы, можна гадзіны напралёт цераз чорныя акуляры глядзець на Чорнае мора і чорнае — цераз акуляры — неба. А можна прыйсці з пляжа і за пяць хвілін напісаць шэдэўр.

Геній — ён ва ўсім геній. Ён не будзе турбавацца пра сваё здароўе. Ён не будзе клапаціцца пра тое, дождж ці снег на вуліцы. Ён выйдзе без парасона ў дождж і без шапкі ў снег. Ён проста ведае, што яго чакае любоў. А любоў не ведае надвор’я. І надвор’е не ведае геніяў.

Шэкспір не выбіраў ручку, каб напісаць свой геніяльны санет. Пігмаліён не шукаў Галатэю, а проста знайшоў цудоўную грэчаскую дзяўчыну, распрануў яе і стварыў шэдэўр. Бетховен быў наогул глухім на адно вуха, тым не менш напісаў сімфонію, якая засталася ў вечнасці.

Айвазоўскага таксама ніхто не разумеў. Не разумелі нават яго калегі, адзін з якіх з’едліва прасіпеў: “Як можна бясконца маляваць мора? Гэта можа быць ці вар’ят, ці еўнух”.

А ён маляваў. І не быў ні вар’ятам, ні еўнухам. Проста бясконцая была яго душа — сястра мора.

Ён маляваў геніяльна. За пяць-шэсць гадзін мог стварыць палатно на два метры. На зайздрасць зайздроснікам. На любасць людзям. Не зайздросцілі толькі геніі. Такія, як ён. Мікалай Гогаль, калі даведаўся, што палатно Айвазоўскага павесілі ў сэрцы яго рэлігіі, тут жа адпісаўся свайму сябру ў тагачасным Twitter: “Твой “Хаос” поднял хаос в Ватикане”.

Безумоўна, Айвазоўскі быў геніем. Калі будзеце на выставе “Айвазоўскі і марыністы” ў Нацыянальным мастацкім музеі, адчуйце паэзію прыроды, якую адчуваў мастак. І яшчэ яго словы: “Чароўнасць паўднёвай ночы, неба, паўднёвага захаду, жах, які наганялі на душу бура ці ўраган, — вось тыя пачуцці, якія натхняюць мяне, калі я пішу”.

А яшчэ звярніце ўвагу на палатно, якое адрэстаўрыравалі два беларускія мастакі Алесь і Юлія Шаціла. Вы яго знойдзеце абавязкова.

…на Драздовіча

Цяжка нават гаварыць пра гэтага мастака-пакутніка, пра гэтага паэта-пакутніка, пра гэтага мройніка-пакутніка… Ён мроіў пра Беларусь — зямную і нябесную. Глядзіш на яго работы — і скурай адчуваеш, як рыпяць лапці, у якіх ён хадзіў ад адной беларускай хаты да другой… Цяжка нават уявіць мужнасць гэтага чалавека. Рыпяць лапці, скуголяць хаты, а ногі ідуць ад хаты да хаты… а сэрца баліць і баліць, а душа спатыкаецца і зноў устае, каб дайсці да Беларусі.

На выставу жывапісу, графікі і скульптуры “Сусвет Язэпа Драздовіча” варта паглядзець кожнаму беларусу. Калі ён на яе не сходзіць, наўрад ці зразумее, што гэта такое — беларускасць. Гэта — калі ты любіш зямлю, людзей, якія ходзяць па гэтай зямлі, неба, у якое ўзіраюцца гэтыя людзі, просячы шчасця і долі. Любіць Беларусь — гэта значыць любіць яе як частку ўсяго Сусвету. Табе муляюць ногі, вярэдзіцца сэрца, спіна вось-вось разарвецца… Але ты ўсё роўна ідзеш. Ід зеш да сваёй маткі Беларусі.

Крыўдна, што Язэп Драздовіч — наш Леанарда, наш Босх, наш Джота — ніколі не меў сям’і. Па словах вядомай мастацтвазнаўцы вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Надзеі Усавай, Язэп толькі аднойчы, калі выкладаў у гімназіі, закахаўся ў сваю вучаніцу Жэнечку і нават вырашыў пасватацца да яе. Але яе бацькам не спадабалася Язэпава “дзіўнасць”. І з таго часу мастак ні адну з жанчыну не паглядзеў. Як не паглядзеў і ў той бок, дзе людзі звычайна наладжваюць свой побыт.

Драздовіч — гэта наш феномен. Трэба гэта разумець.

Трэба проста нагадаць самому сабе, што ў іспанцаў ёсць Пікасо, у італьянцаў — Мікеланджэла, у расіян — Пушкін, а ў нас — Драздовіч і Купала. Драздовіч, дарэчы, натхняўся Купалам.

…на каня

Што мы ведаем пра каня? Насамрэч многа і не вельмі.

Ведаем, напрыклад, што вешчы Алег памёр ад укусу змяі, калі тая выпаўзла з чэрапа каня.

Ведаем нашу любімую песню “Ой, сівы конь бяжыць”, якую спяваем разам падчас любога застолля.

Але дзіўна: мы заўсёды войкаем і ахаем наконт коней у самых драматычных сітуацыях і забываемся на тое, што яны перш за ўсё прыгожыя. Прыгожыя і ласкавыя. Прыгожыя і датклівыя. Прыгожыя і рахманыя. Той, хто калі-небудзь цалаваў мокрую пысу каня ці гладзіў па самотных брывях старэнькую жарабіцу, мяне зразумее.

І зразумее маё захапленне, калі прыйдзе ў Нацыянальны мастацкі музей на выставу “Equos. Koń. Лошадь” з калекцый Музея Паўднёвага Падляшша і нашага Нацыянальнага мастацкага музея. Выстава арганізавана пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.

“Усе мы крышачку коні!” — так заклікае сёння дзяцей выстава “Equos. Koń. Лошадь”. Для дзетак тут арганізавана асобная праграма. І яны малююць коней — ружовых, аранжавых, сініх… І пакідаюць свае малюнкі на памяць у Музей Паўднёвага Падляшша.

А выстава “Equos. Koń. Лошадь” раскажа дапытлівым гледачам пра тое, што ёсць такі асаблівы жанр у выяўленчым мастацтве — іпіграфіка (ад грэчаскага hippos — конь). Экспазіцыя — шыкоўная галерэя коней: у гісторыі, у побыце, на іпадроме…

Фігуру каня з лазы ў выкананні Любові Селівончык разглядаў доўга і не мог зразумець, як у каня можна знайсці столькі шчылінак і трэшчынак?!

Палатном “Конікі” Ларысы Густавай любаваўся і нават забыўся на званок тэлефона.

Ад карціны “Маці” польскага мастака Мікалая Скварчава доўга не мог адарваць вачэй: белая кабыла цалуе, гладзіць, ліжа рудое жарабя… Белая — рудое.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.