Паглядзець на аўтызм інакш

- 12:00Сацыяльны ракурс

Чацвёрты год напярэдадні Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму, які адзначаецца 2 красавіка, сацыяльна-дабрачынная спартыўная ўстанова “Каманда “Крылы анёлаў” правяла інклюзіўны паўмарафон “Інакш” для ўсіх аматараў бегу і актыўнага ладу жыцця. Яго мэта — звярнуць увагу на тое, што дзеці з аўтызмам, якія былі ў ліку першых удзельнікаў такіх забегаў, — не хворыя, і што прабежкі збліжаюць звычайных і асаблівых людзей. У бягучым годзе ў сувязі з трывожнай сітуацыяй вакол каронавіруса паўмарафон прайшоў у нязвыклым фармаце: з дыстанцыйным забегам, без дзіцячага старту, актыўнасцей і гарбаты ў гасцінным холе Мінскага гарадскога палаца культуры. Але з ранейшай радасцю руху, узаемнай падтрымкай і яркімі эмоцыямі!

Каманда “Крылы анёлаў” — некамерцыйная арганізацыя, створаная ў 2015 годзе. Яна дапамагае ўключыцца ў актыўнае жыццё і спорт тым, каму ня­проста, дапамагае ўдзельнічаць у марафонах дзецям з цяжкай інваліднасцю разам і з дапамогай бацькоў — энтузіястаў бегу і актыўнага жыцця.

 “У люстэрку статыстыкі аўтызм выглядае як сур’ёзная праблема. СААЗ гаворыць аб суадносінах дзяцей з аўтызмам да здаровых як 1 да 160, амерыканская медыцына — як 1 да 59. Праблема сацыяльнай адаптацыі дзяцей і дарослых з аўтызмам даўно выйшла за рамкі сям’і ці нават асобнай дзяржавы, — адзначае Ірына Дзяргач, намеснік дырэктара каманды “Крылы анёлаў”. — Пераглядаючы на днях публікацыі і сюжэты па тэлебачанні чатырохгадовай даўнасці, я адзначыла пазітыўныя перамены ў нашым грамадстве ў дачыненні да людзей з аўтызмам. У 2016 годзе словы каментатара “дзеці хворыя на аўтызм” успрымаліся як канстатацыя факта, цяпер — рэжуць вуха, таму што аўтызм перастаў асацыіравацца з цяжкай хваробай. З ім можна жыць, займацца спортам, вучыцца, працаваць. Назіраючы за сталеннем дзяцей з аўтызмам, мы не па чутках ведаем, што сумесны спорт — фізічная актыўнасць, дасягненне мэты і радасць руху — паспяхова збліжае звычайных і асаблівых людзей.

Дарослыя (“крылы”) з дзецьмі ў спецыяльных калясках для спорту (“анёламі”) пераадольваюць бягом шматкіламетровыя дыстанцыі. Пры гэтым дзеці адчува­юць уласную паспяховасць, захапленне, ра­дасць. Гэта дапамагае ім уліцца ў грамадства здаровых людзей, матывуе да рэабілітацыі, дорыць шчасце. Бацькі дзяцей, якія ўдзельнічаюць у агульнай справе як валанцёры, знаходзяць упэўненасць у сваіх сілах, псіхалагічную разгрузку, магчымасць пазітыўных зносін і заняткаў спортам”.

Сёлета на паўмарафоне была прадугле­джана дыстанцыя, якая дазволіла моцным лідарам не толькі атрымаць асалоду ад уласнага трыумфу, але і для менш падрыхтаваных удзельнікаў зрабіла перамогу даступнай. Поўны маршрут забегу склаў 21 км. У Мінску гэта быў маршрут па тратуары ўздоў­ж веладарожкі ад Лошыцкага парку да парку Горкага і назад.

Адначасова з мінчанамі ў розных кутках краіны выйшлі на старт каманды аднадумцаў і бегуны-адзіночкі. Маршрут паўмарафону “Інакш” прадугледжваў разварот роўна пасярэдзіне дыстанцыі і вяртанне да фінішу па ўжо знаёмым шляху. Той, хто першым пераадольваў палову дыстанцыі (10,6 км), атрым­ліваў пальму першынства і права разварочваць да фінішу астатніх удзельнікаў. Такім чынам, дыстанцыя да фінішу пачынала “раставаць” для менш хуткіх бегуноў, скарачаючы ім нагрузку. Спаборніцтвы за прызавыя месцы доўжыліся да сярэдзіны дыстанцыі: развярнуўшыся назад, удзельнікі беглі да фінішу ў камфортным для сябе тэмпе. Пасля заканчэння забегу яго ўдзель­нікі атрымалі медалі і падарункі ад кампаній — партнёраў мера­прыемства.

“У нашай камандзе ёсць прафесіяналы і пачаткоўцы, аматары ЗЛЖ, — адзначае Ірына. — Мы выбіраем публічныя спартыўныя спаборніцтвы замест “інвалідных” мера­прыемстваў, апынаемся ў гушчы грамадскага жыцця, і гэта зніжае страхі і забабоны, звязаныя з дзіцячай інваліднасцю. Міласэрнасць, жаль і спачуванне саступаюць месца супрацоўніцтву, зацікаўленасці і дабрачыннасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.