Паглыбіць веды ў STEM, каб прымяніць іх на практыцы

Упершыню ў Віцебску адбыўся этап Кубка па адукацыйнай робататэхніцы. Кубак уяўляе сабой серыю турніраў у розных гарадах Беларусі, нацэленых на папулярызацыю і развіццё робататэхнікі ў краіне і на міжнародным узроўні.

Турніры даюць магчымасць не толькі вызначыць наймацнейшых, але і паглыбіць веды ўдзельнікаў у STEM-дысцыплінах, праве­рыць і апра­баваць іх пры рашэнні рэальных задач. Фармат турніраў прадугледжвае актыўны абмен вопытам паміж удзель­нікамі і за­прошанымі экспертамі, педагогамі, трэнерамі, бацькамі. У спаборніцтва на 6 этапе кубка, што праводзіла Асацыяцыя па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій “Адукацыя для будучыні” сумесна з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава, уступілі больш за 150 каманд па 17 катэгорыях — усяго амаль 260 аматараў робататэхнікі розных узростаў, ад другакласнікаў да дарослых.

Трэніроўкі на трасах і палях стартавалі ў галоўным корпусе ўніверсітэта ў 9 гадзін. Асноўнымі пляцоўкамі турніру да 17 гадзін былі дзве спартыўныя залы і ІТ-лабараторыі факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій. Як паведаміла дэкан факультэта Алена Залеская, падобныя мерапрыемствы спрыяюць росту цікавасці навучэнцаў да інжынерыі, дапамагаюць дзецям ужо з пачатковай школы ўсвядоміць маштабы таго, як можна развівацца ў робататэхніцы. 

— Гэта важна і непасрэдна для нас, таму што мы рыхтуем высокакваліфікаваных спецыялістаў у ІТ-сферы, дзе робататэхніка зараз з’яўляецца адным з самых запатрабаваных напрамкаў і імкліва развіваецца, у тым ліку ў Віцебскай вобласці, — адзначыла Алена Мікалаеўна. — Якасную падрыхтоўку студэнтаў дапамагаюць забяспечваць сучасная матэрыяльна-тэхнічная і навукова-метадычная база, прымяненне найноўшых адукацыйных інструментаў і тэхналогій, супрацоўніцтва з вядучымі беларускімі ІТ-кампаніямі, рэзідэнтамі ПВТ. Сярод нашых партнёраў, напрыклад, EPAM, iTechArt, Innowise Group, LACIT, Exadel, Mainsoft, GoodSoft, General Soft. Акрамя таго, на рэгулярнай аснове мы праводзім заняткі з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у IT-акадэміі “МІР будучыні” (матэматыка, інфарматыка і робататэхніка будучыні) вучыцца амаль 350 чалавек. Яны прынялі актыўны ўдзел у турніры і, што прыемна, вынікова: сталі пераможцамі і прызёрамі ў трох катэгорыях.   

Акрамя спаборніцкай часткі, праграма кубка ўключала адукацыйныя майстар-класы, у ходзе якіх спецыялісты ў галіне высокіх тэхналогій і робататэхнікі з Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі прадставілі робататэхнічныя рашэнні TRIK для школ, устаноў вышэйшай і дадатковай адукацыі, азнаёмілі з мадэлямі пабудовы адукацыйнай траекторыі ад дзіцячага сада да тэхналагічнага ўніверсітэта, праектамі Цэнтра тэхналагічнай падтрымкі адукацыі “Інтэгратар”, абсталяваннем і праграмамі навучання базавага курса падрыхтоўкі выкладчыкаў па комплексе лічбавых тэхналогій на базе вучэбна-метадычнага комплексу “РОББО”, што выкарыстоўваецца ў Рэспубліканскім дзіцячым тэхнапарку ў раздзеле “Робататэхніка”, прадэманстравалі адукацыйныя магчымасці робататэхнічнага набору MatataLab і абноўленага адукацыйнага мікракамп’ютара Micro: bit версія 2.0, прапанавалі варыянты прымянення TRIK Studio Junior на ўроку інфарматыкі і TRIK Studio для дыстанцыйнага навучання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена факультэтам матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ імя П.М.Машэрава.