Паглыбляць і пашыраць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні моладзі

Традыцыйна напярэдадні Дня беларускай навукі міністр адукацыі сустрэўся з маладымі навукоўцамі. Вялікая гутарка прайшла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў межах круглага стала “Маладзёжны ўніверсітэцкі стартап-рух у галіне новых і высокіх тэхналогій”.

Кіраўнік ведамства разам з навукоўцамі абмеркавалі перспектывы міждысцыплінарнага супрацоўніцтва і магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі былі пытанні камерцыялізацыі навуковых дасягненняў, пошуку інвестараў і дзяржаўнай падтрымкі. ­Удзельнікамі сустрэчы сталі больш за 30 маладых навукоўцаў. Гэта прадстаўнікі 20 вышэйшых навучальных устаноў з усёй краіны, якія дасягнулі значных поспехаў у навукова-інавацыйнай дзейнасці.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка падкрэсліў, што на сёння галоўная задача ўстаноў вышэйшай адукацыі — падрыхтоўка спецыялістаў, здольных на аснове найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі, глыбокіх фундаментальных ведаў генерыраваць новыя ідэі, ствараць і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі ў вытворчасць і сацыяльную сферу, забяспечваць перспектыўнае развіццё высокатэхналагічных галін эканомікі. Па гэтай прычыне ва ўніверсітэцкім навуковым асяроддзі важна забяспечыць неабходныя ўмовы для паглыблення і пашырэння фундаментальных і прыкладных даследаванняў і распрацовак па прыярытэтных для дзяржавы напрамках.

З 2018 года рэалізоўваецца эксперыментальны праект па стварэнні ва ўстановах вышэйшай адукацыі мадэлі “Універсітэт 3.0” (на дадзены момант у праекце 8 УВА). Перад універсітэтамі пастаўлена задача сфарміраваць у студэнцкай моладзі цікавасць да кар’еры вучонага і прадпрымальніка-інаватара. За мінулы год у чатырох універсітэтах адкрыта пад­рыхтоўка па трох і спраектаваны дзве новыя спецыяльнасці інавацыйнай, вынаходніцкай і прадпрымальніцкай накіраванасці. У адукацыйны працэс уведзены больш за 50 адпаведных вучэбных дысцыплін. Укаранёны новыя элементы адукацыйнага асяроддзя для развіцця інавацыйных паводзін моладзі.

Разам з тым неабходна ўкараніць у адукацыйны працэс сеткавыя формы ўзаемадзеяння. У сувязі з гэтым распрацаваны і ­ўзгоднены з зацікаўленымі праект указа аб сеткавай форме ўзаема­дзеяння, выпрацаваны адпаведныя схемы і, што немалаважна, вызначаны падыходы да фінансавання гэтай формы. Па словах Ігара Карпенкі, укараненне сеткавай формы ўзаемадзеяння дазволіць навучэнцам, студэнтам, магістрантам, аспірантам адной установы адукацыі вучыцца ў іншай, якая валодае ўнікальным вучэбным абсталяваннем, сучаснымі методыкамі або інавацыйнымі вучэбнымі дысцыплінамі.

Для забеспячэння поўнага інавацыйнага цыкла — ад прыкладных даследаванняў і распрацовак да стварэння інавацыйных прадпрыемстваў і арганізацыі вытворчасці навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі — сфарміравана і працягвае развівацца сетка інавацыйных падраздзяленняў. У сістэме Міністэрства адукацыі функцыянуюць 6 навукова-тэхналагічных паркаў, 3 цэнтры трансферу тэхналогій, 28 галіновых лабараторый, 8 цэнтраў калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем. У 2019 го­дзе створаны Цэнтр трансферу тэхналогій пры Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, а таксама 5 новых галіновых лабараторый у інтарэсах Міністэрства прамысловасці, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Міністр падкрэсліў, што неабходна нарошчваць узаемадзеянне паміж галіновымі лабараторыямі і міністэрствамі, ведамствамі. Сканцэнтраваная ва ўніверсітэтах сучасная матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе ім выконваць інавацыйныя праекты коштам у дзясяткі мільёнаў рублёў.

Перспектыўным напрамкам дзейнасці з’яўляецца ўдзел у лічбавай трансфармацыі шэрага галін эканомікі. У найбліжэйшы час пры БДУІР плануецца адкрыць IT-кампанію, у якой будуць працаваць работнікі, выпускнікі і студэнты ўніверсітэтаў. Гэта дазволіць сканцэнтраваць навуковы і вынаходніцкі патэнцыял у сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, каб выконваць маштабныя праекты.

Сёння значныя намаганні Міністэрства адукацыі сканцэнтраваны на падтрымцы навуковай кар’еры маладых людзей. Да 39% ад агульнай колькасці павялічана доля аспірантаў, якія навучаліся ў 2019 годзе па прыярытэтных спецыяльнасцях, неабходных для развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей. Акрамя таго, у мінулым годзе для грантавай падтрымкі 131 праекта навукова-даследчых работ Міністэрствам адукацыі выдзелена 450 тысяч рублёў. У 2020 годзе на гэтыя мэты плануецца выдзеліць да 500 тысяч рублёў. “Неабходна, каб вынікі даследаванняў моладзі станавіліся асновай для інавацыйных распрацовак, якія будуць укаранёны ў рэальны сектар”, — падкрэсліў міністр.

Дзякуючы ўключэнню ў навуку са студэнцкіх гадоў, можна дасягнуць добрых вынікаў у кар’еры ўжо да 30 гадоў. У пацвярджэнне гэтага Ігар Карпенка прывёў прыклад выпускніка БНТУ Паўла Лушчыка. Павел са студэнцкай лавы і па сённяшні дзень працуе на дзяржаўным прадпрыемстве “Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”. Прайшоў шлях ад тэхніка да намесніка генеральнага дырэктара па інавацыйнай дзейнасці. У цяперашні час ­удзельнічае ў выкананні шэрага інавацыйных праектаў і заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. У 2018 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “Ліцейная вытворчасць”, мае больш за 70 друкаваных работ, атрыманы 4 патэнты Рэспублікі Беларусь. Атрымаў стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым навукоўцам на 2020 год.

Міністэрствам адукацыі сумесна з зацікаўленымі распрацавана комплексная сістэма матывацыі для заняцця навукова-педагагічнай дзейнасцю. З 1 верасня 2019 года павялічаны памеры стыпендыі аспірантаў у 1,8 разу, дактарантаў — у 2,2 разу, стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам — у 1,8 раз. Урадам распрацаваны прапановы аб паэтапным павышэнні заработнай платы прафесарска-выкладчыцкага складу да ўзроўню 150 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы да 2025 года, якія падтрыманы кіраўніком дзяржавы.

У рамках круглага стала маладыя навукоўцы былі ўзнагароджаны граматамі і падзякамі Міністэрства адукацыі Беларусі. Акрамя таго, ад іх паступіла прапанова стварыць Рэспубліканскі савет маладых вучоных, які дапамог бы скаардынаваць дзейнасць пачынаючых навукоўцаў і наладзіць міжведамаснае ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.