Пагодныя ўмовы не павінны аказаць адмоўны ўплыў на асноўную масу збожжавых культур

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Масавую ўборку збожжавых і зернебабовых культур у Беларусі плануецца пачаць на наступным тыдні, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Андрэй Занеўскі.

“Прагназуецца, што больш нізкія ў параўнанні з мінулым годам тэмпературы паветра пры павышанай вільготнасці не павінны аказаць адмоўны ўплыў на асноўную масу збожжавых культур. Валавы збор ураджаю збожжавых і зернебабовых культур будзе не ніжэйшы за мінулагодні, — адзначыў Андрэй Занеўскі. — Масавая ўборка, як мяркуецца, пачнецца на наступным тыдні. У Гомельскай вобласці гэта можа быць раней, у Віцебскай — пазней”.

Начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства таксама расказаў, што фазы развіцця сельскагаспадарчых культур у сувязі з тэмпературамі ніжэйшымі за мінулагоднія будуць больш расцягнутымі. “Акрамя таго, у гэтым годзе мы пазней пасеялі культуры, адпаведна, пазней масава пачнём уборку збожжавых. На аналагічную дату ў мінулым годзе было ўбрана больш за 3 працэнты плошчаў, якія падлягаюць уборцы”, — растлумачыў ён.

Паводле інфармацыі Андрэя Занеўскага, цяпер асобныя раёны Беларусі вядуць уборку азімага ячменю. Па стане на 17 ліпеня, з плошчы больш як 6,3 тысячы га пры ўраджайнасці 41,7 ц/га намалочана звыш 26,4 тысяч т гэтай культуры. Акрамя таго, аграрыі ўжо заняліся ўборкай азімага рапсу на зерне. Пры ўраджайнасці 19,7 ц/га намалочана 58 тысяч т рапсу, убрана 29,5 тысяч га (10,8 працэнта плошчы, якая падлягае ўборцы).