Пагоны насіць — трэба заслужыць!

Ці ведаеце вы гісторыю кадэцкага руху, кодэкс гонару кадэта, дзяржаўныя сімвалы і тэкст дзяржаўнага гімна Беларусі? У вучняў профільных правазнаўчых класаў, якія з 2004 года дзейнічаюць у сярэдняй школе № 28 Брэста, пытацца пра гэта не трэба. Калі яны не авалодаюць неабходнай інфармацыяй, то не будуць дапушчаны да цырымоніі пасвячэння ў кадэты і не змогуць перамагчы ў традыцыйных кадэцкіх гульнях.

Па словах кіраўніка кадэцкіх класаў Вольгі Здановіч, гэтыя гульні, арганізатарам якіх яна з’яўляецца, займаюць важнае месца ў сістэме пазакласных мерапрыемстваў. Як правіла, кожная гульня прымеркавана да пэўнага школьнага месячніка, дэкады ці тыдня. Звычайна кадэцкія гульні праводзяцца па суботах. Кадэты рыхтуюцца да іх загадзя.

Кадэцкая гульня “Пагоны насіць — трэба заслужыць!” папярэднічае цырымоніі пасвячэння ў кадэты. Яе ўдзельнікамі з’яўляюцца вучні 5-х кадэцкіх класаў. Гульня праходзіць у форме квеста і ўяўляе сабой падарожжа па станцыях “Страявая падрыхтоўка”, “Кадэцкая клятва”, “Кодэкс гонару кадэта”, “Музычная станцыя” і інш.

— Спаборніцтва паказвае, наколькі ў юных кадэтаў сфарміраваны неабходныя ўменні і навыкі, ці валодаюць вучні спецыяльнымі ведамі, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Бартноўская.

Другая кадэцкая гульня “Прававы эрудыт” праводзіцца сярод сямікласнікаў і накіравана на фарміраванне прававой культуры, развіццё духоўна-маральных якасцей і грамадзянскай пазіцыі падлеткаў. Падчас гульні вучні наведваюць станцыі “Тэатральная” і “Разумнікі і разумніцы”, дзе дэманструюць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці.

Даволі цікавай і пазнавальнай з’яўляецца гульня “Знаўцы права” сярод вучняў 8—9 класаў. Удзельнікі праходзяць станцыі “Адвакацкая кантора”, “Прававы лабірынт”, “Гісторыя права”, “Я — грамадзянін Беларусі”, “Правы і бяспека”, “Шкатулка мудрасці” і інш. Гэтая гульня развівае ў дзяцей пазнавальную цікавасць, крытычнае мысленне, маральную і прававую культуру, дапамагае вызначыцца з будучай прафесіяй.

Сістэма школьных кадэцкіх гульняў актуальная і запатрабаваная. У іх падрыхтоўцы і правядзенні актыўна ўдзельнічаюць члены школьнага самакіравання. Для кожнага кадэта ўдзел і перамога ў кадэцкіх гульнях — красамоўны паказчык узроўню іх вучэбнай падрыхтоўкі і адпаведнасці кадэцкаму званню.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Яўгена АДАЕВА.