Пагутарыць з Алегам Навіцкім і кандыдаткамі на касмічны палёт ад Беларусі можна было на фестывалі навукі

- 14:14Репортаж

Патрымаць у руках зуб маманта, пакаштаваць малекулярны кактэйль і ўбачыць эпічную бітву робатаў… Чым здзіўляў фестываль навукі­ — 2023, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На V фестывалі навукі былi прадстаўлены як традыцыйныя зоны, сярод якіх “Медыцына”, “Робаты”, “Космас”, так i зусім новыя фарматы, напрыклад, зона навуковай фантас­тыкі Sci-Fi, пляцоўка сустрэчы са знакамітымі навукоўцамі, пісьменнікамі і касманаўтамі.

Старшыня Прэзідыума Нацыя­нальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, адкрываючы мерапрыемства, адзначыў:  “Асноўная задача фестывалю — не столькі дэманстрацыя нашых складаных і навукаёмістых тэхналогій, распрацовак, хоць і гэта вы можаце ўбачыць тут, колькі дэманстрацыя прывабнасцi навукі, магчымасць расказаць аб навуцы ў папулярнай форме ўсім жадаючым… Тут вельмі шмат дзяцей, і мы хацелі б зацікавіць іх з ранніх гадоў, каб яны захапіліся і ў свой час прыйшлі ва ўніверсітэты, а затым і ў навуку”.

Практычна і карысна

Мабыць, фраза “лепш адзін раз паспрабаваць, чым сто разоў убачыць” магла б стаць негалосным дэвізам фестывалю. Юныя наведвальнікі мелі магчы­масць прыняць актыўны ўдзел у рабоце любой пляцоўкі, усюды для іх былі падрыхтаваны актыўнасці, нават там, дзе іх, здавалася б, быць не можа. Так, Інстытут філасофіі НАН Беларусі прапаноўваў маленькім гасцям фестывалю крыху перадых­нуць i падыскутаваць у філасофскім кафэ, далучыцца да ўсходняй мудрасці праз кітайс­кія гульні, а паралельна — чаго губляць час дарма? — запісацца на Рэспуб­ліканскую алімпіяду па філасофіі — 2023.

Пляцоўка “Універсітэт будучыні” прапаноўвала юным наведвальнiкам i iх бацькам бліскучыя перспектывы — і ў многім выконвала прафарыентацыйную функцыю. Так, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт прадставіў выставу робатаў, зборку і праграмаванне якіх ажыццяўлялі студэнты ў лабараторыях БНТУ.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы дазволіў юным наведвальнікам не толькі разгледзець дзівосныя археалагічныя знаходкі, якія былі адкапаны супрацоўнікамі і студэнтамі гэтым летам (рэшткі посуду, пяцісотгадовы кавалак цэглы з адбіткам следу маленькага кацяняці), але і патрымаць у руках сапраўдную каштоўнасць — зуб маманта.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт прадставіў свае кветкі: дзяўчаты ў яркіх строях паведамілі пра самы малады факультэт МДЛУ — кітайскай мовы і культуры, правялі віктарыны, квізы і конкурсы, расказалі пра магчымасць для студэнтаў паехаць у Кітай на доўгатэрмiновую стажыроўку, прымаць удзел ва ўнiверсiтэцкiм тэатры танца і пастаноўцы спектакляў на кітайскай мове. Таксама дзяўчаты прапаноўвалі сваім суразмоўнікам напісаць іх імёны па-кітайску і (па асабістай просьбе) пераклалі на кітайскую фразы “я люблю марожанае”, “я хачу піць” i “iмiдж — нiшто, смага — усё”: дзень выдаўся спякотным.

Смачна i спажывальна

Уласна, не думаць пра яду падчас фестывалю было складана, бо яна сустракалася ўсюды: і кроку нельга было зрабіць, каб не паспрабаваць што-не­будзь асаблiвенькае, ад футурыстычных малекулярных кактэйляў да ядомай упакоўкі для цукерак або друкаваных мясных вырабаў.

Палескі дзяржаўны ўніверсітэт здзіў­ляў уяўленне біятэхналагічнай кухняй, пераважна зялёнага колеру. А Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова прапанаваў пайсці лёгкiм шляхам i азнаёмiцца з мабільным дадаткам для групавых пакупак shop basket, які дазваляе абмінуць любыя чэргі, уключаючы касы самаабслугоўвання.

Пытанне чэргаў, дарэчы, было актуальнае. Так, ля ўвахода на фестываль размясціліся смачныя і карысныя лакацыі ад НАН Беларусі: хлеб, агародніна, садавіна, малочная прадукцыя. Тут групаваліся самыя дарослыя і практычныя наведвальнікі выставы, а таксама… пчолы, якія часова забыліся пра любiмыя кветкі. І было дзеля чаго!

“Прапануем наведвальнiкам праверыць прыказку “Хлеб — усяму галава”. Бо мы прадстаўляем тут iнавацыйныя віды хлеба, з самых сучасных гатункаў пшанiцы, напрыклад тых, што выво­дзяць з арганізма шкодныя назапашваннi, а таксама з iльну, гiбрыднага жыта і г.д. Кожны жадаючы сёння можа прайсцi па нашых лакацыях i пакаштаваць самыя розныя яго вiды”, — расказаў Сяргей Ула­дзіміравіч Краўцоў, генеральны дырэктар навукова-практычнага цэнтра НАН Бела­русi па земляробстве.

А навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні прапаноўваў наведвальнiкам выйграць вядро шакаладу ці вядро цукерак. Для гэтага трэба было ўсяго толькі паўдзельнiчаць у вiктарыне. І хаця на маіх вачах гару цукерак нікому не адсыпалі, затое адмералі 152 см абаранкаў — па росце ўдзельніцы віктарыны. Нават выстава “100 інавацый маладых навукоўцаў” здзівіла гастранамічнай разнастайнасцю, ад смятаны з маслёнкі да рознакаляровых кубікаў сыру. Побач з сырам i смятанай размясціліся антарктычныя грыбы, незвычайна прыгожыя, але неядомыя, іх маладыя навукоўцы плануюць выкарыстоўваць у медыцынскiх i даследчых мэтах.

Пазнавальна i футурыстычна

“Усё ёсць яд і ўсё ёсць лекі” — астуджалі нашу гастранамічную цікаўнасць на пляцоўцы “Медыцына”. А псіхалагічны інтэрактыў прапаноўваў зазірнуць унутр сябе не літаральна, а фігуральна.

Тут для наведвальнікаў пад­рыхтавалі тэс­ты, квiзы i гульні: ім прапанавалі праверыць работу свайго мыслення, успрымання і памяцi, вызна­чыць псіхатып вядомых літаратурных персанажаў, больш даведацца пра сферу эмоцый. А тыя, каго паглыб­ленне ва ўласны ўнутраны сусвет расчаравала, маг­лi паўдзельнi­чаць у кагнітыўнай бяспройгрышнай латарэі.

На пляцоўцы “Робаты” раз-пораз пад ногі кідаліся маленькія i вялiкiя вёрткія “жалязякі”, створаныя лепшымі школамі і арганізацыямі ў сферы STEAM-адукацыі і робататэхнікі. Прама на пляцоўцы фестывалю прайшлi спаборніцтвы па адукацыйнай робататэхніцы: жалезныя байцы выступалi ў ролi барцоў сумо, спрабуючы выпх­нуць адно аднаго за межы рынга, змагаліся ў спрыце і хуткасці, гуляючы ў футбол. І, зразумела, музіцыравалі: упершыню ў гісторыі фестывалю нас чакала выступленне аркестра робатаў. І няхай металiчныя спартсмены i музыканты пакуль далёка не такiя спрытныя і таленавітыя, як мы, людзi, гле­дзячы на іх юных стваральнікаў, верылася: паскораць, палепшаць, дапоўняць і разаў­юць, не чакаючы наступнага фестывалю.

Упершыню на фестывалі навукі была арганізавана пляцоўка на стыку навукі і фантастыкі — зона Sci-Fi. Тут самым яркім экспанатам стала, напэўна, сіняя тэлефонная будка, добра вядомая прыхільнікам серыяла “Доктар Хто”. Як і экранны правобраз машыны часу, прадстаўленая на выставе будка ўнутры была большай, чым звонку.

Таксама на фестывалі працавала пляцоўка “ATOM TEAM”, дзе любы жадаючы мог запусціць ланцуговую рэакцыю, разагнаць кола да Вінчы, сабраць катушку Тэслы і камеру Вільсана. Не гаворачы ўжо пра навуковыя фотазоны — ад яркiх лакацый для эфектных фота лiтаральна немагчыма было адбiцца: мiкраскопы, дроны, робаты, навуковае абсталяванне прызыўна паблiсквала, запрашаючы ўзяць сябе ў рукi.

Вядома, сфатаграфавацца можна было не толькi з цiкавымi экспанатамi, але i з жывымi легендамi. Так, у рамках пляцоўкі “Космас” была арганізавана серыя лекцый пра касмічныя аб’екты і іх даследаваннi. У рабоце лакацыі прынялi ўдзел член атрада касманаўтаў навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Га­гарына Алег Навіцкі, а таксама кандыдаткi на касмічны палёт ад Беларусі Марына Васілеўская і Настасся Лянкова.

“Вельмі адказныя, працавiтыя i дысцыплiнаваныя” — так ахарактарызаваў дзяўчат Алег Навiцкi. Ну а як жа! Дзеля перспектывы адштурхнуцца ад шэрай будзённасцi, адарвацца ад Зямлі і завіснуць у бязважкасці станеш адказным, старанным, дысцыплінаваным i будзеш добра вучыцца ў школе. Да гэтай высновы і заклікае юных наведвальнікаў фестываль навукі. Хочаш яркiх вiдовiшчаў i незвычайных адкрыццяў? Ідзі ў навуку. Усё самае цікавае тут.

Вiталiна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВIЧА