Пах хлеба…анлайн

Для кампетэнцыі “Хлебапячэнне” гэты чэмпіянат стаў двойчы знамянальным. Па-першае, кампетэнцыя ўпершыню прадстаўлена на рэспубліканскім конкурсе, а па-другое — прадстаўлена віртуальна.

Таму пагутарыць ужывую з экспертамі і канкурсантамі кампетэнцыі на самім спаборніцтве ў рэальным часе не ўдалося. Можна было толькі назіраць за выступленнем 5 удзельнікаў — будучых хлебапёкаў у час анлайн-трансляцыі, якая вялася з рэсурснага цэнтра філіяла РІПА “Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж”. Падчас ранейшага наведвання гэтай установы, менавіта гэты рэсурсны цэнтр, які ўяўляе сабой міні-пякарню, адразу прыцягнуў увагу. Ён аснашчаны па апошнім слове тэхнікі, што дазваляе выконваць усе тэхналагічныя працэсы хлебапячэння. Дырэктар каледжа М.М.Клокель, які ў сваёй дзейнасці кіруецца ідэяй непарыўнасці тэарэтычнага і практычнага навучання, яго практыка-арыентаванай накіраванасці, імкнецца набыць для вучэбнай базы каледжа сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне. Хаця базавыя прадпрыемствы і прадастаўляюць навучэнцам плошчы для вытворчай практыкі, але засвойваць першыя азы прафесіі лепш за ўсё непасрэдна ў родных сценах навучальнай установы. Калі толькі-толькі ў РІПА распачыналася работа па рэалізацыі новай кампетэнцыі WorldSkills, пытанне, хто стане першапраходцам і на якой базе канкурсанты будуць яе прадстаўляць, нават не стаяла. Было адназначна вырашана, што гэтым зоймецца Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

Анлайн-трансляцыя не ўпершыню выкарыстоўваецца на конкурсах WorldSkills. Па вялікіх маніторах папярэдніх чэмпіянатаў можна было сачыць за выступленнем канкурсантаў па кампетэнцыі “Кузаўны рамонт”. Тэхнічныя магчымасці, прадастаўленыя Белтэлекамам, не зніжаюць эфект ад убачанага, удаецца паглыбіцца ў конкурсную атмасферу нават на адлегласці. Праўда, у віртуальнай дэманстрацыі кампетэнцыі хлебапячэння ўсё ж ёсць адзін мінус: нельга перадаць пах свежаспечанага хлеба. Шкада, канечне. А так хацелася б, как гэты знаёмы кожнаму водар хлеба альбо ванільнай булачкі разліваўся па ўсіх пляцоўках чэмпіянату і ствараў хатнюю атмасферу.

У хлебапёкаў прынята вызначаць прафесіяналізм незвычайным словазлучэннем — “любіць цеста”. Дык вось да Рэгіны Адамаўны Скакоўскай гэты выраз падыходзіць як да нікога. Ці магчыма каму засумнявацца ў гэтым, калі яна “сябруе” з цестам з дзяцінства і ніколі гэтаму сяброўству не здраджвала. У Рэгіны Адамаўны толькі адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Спачатку яна вучылася ў гэтым каледжы, стала працаваць майстрам вытворчага навучання, потым атрымала вышэйшую адукацыю тэхнолага хлебапякарнай вытворчасці, і вось ужо шмат гадоў працуе выкладчыкам спецдысцыплін у будучых хлебапёкаў. А колькі яе выхаванцаў працуе ў гэтай сферы!!! Ужо і не злічыць, напэўна. Больш таго, у каледжы працуе яе муж, дачка скончыла гэтую ж установу і сюды збіраецца паступаць яе сын. Як бачыце, “замясіла” жыццё ўсіх Скакоўскіх на адной прафесіі.

На выкананне заданняў па кампетэнцыі “Хлебапячэнне” на рэспубліканскай пляцоўцы адведзена 2 дні, за якія трэба зрабіць некалькі модуляў хлебапячэння. У першы дзень канкурсанткі вырабляюць так званыя халы, плеценыя касой вырабы. Асаблівасць у тым, што гэтыя халы нічым, акрамя кос, не ўпрыгожаны. Такая ўмова пастаўлена для таго, каб у канкурсантаў не было магчымасці ўпрыгожваннямі прыкрыць недахопы вырабу, якія могуць узнікнуць звонку пляцёнкі пры парушэнні тэхналагічнага працэсу ў час фармоўкі і потым пры выпяканні ў печы.

На другі дзень спаборніцтваў трэба вырабіць булачкі дробна штучныя 5 відаў, 4 з іх — з начынкай, а таксама подавы і фармавы хлеб з пшанічнай мукі. Трэба прытрымлівацца неабходных крытэрыяў, перш-наперш, каб выраб адпавядаў пэўнай масе.

— Самае каштоўнае, каб канкурсант у сваёй справе праяўляў творчасць, захапленне, замясіў, як кажуць, у сваё цеста кавалачак сваёй душы, цеплыню рук, — адзначала Рэгіна Адамаўна. — Для хлебапёка цеста павінна быць не проста сыравінай, а жывым арганізмам, да якога трэба ставіцца з любоўю.Тады і выраб атрымаецца на славу.

Паліна Гутырчык, выхаванка Рэгіны Адамаўны, вучыцца ў каледжы на 3 курсе і ўжо не першы раз удзельнічае ў спаборніцтвах такога высокага ўзроўню. Яе прозвішча на слыху сярод знакамітых беларускіх пекараў, якія прымаюць удзел у нацыянальных і замежных прафесійных конкурсах. Дзяўчына спаборнічае там нароўні з прафесійнымі пекарамі і заваёўвае высокія ўзнагароды. Рэгіна Адамаўна ўгледзела ў Паліне галоўнае: яе “слухаецца” цеста, яна з ім у гармоніі, а значыць, вынік будзе высокі. Важна ў гэтай прафесіі, заўважае выкладчык, быць чалавекам спакойным, памяркоўным і добрым. “Цеста любіць цішыню”, — зазначае Рэгіна Адамаўна.

Наталля Аляксандраўна Варпаховіч, эксперт каледжа, расказала, якое спатрэбілася абсталяванне для правядзення конкурсу па гэтай кампетэнцыі. У вытворчасці хлебапячэння задзейнічана цестамясільная двуххуткасная высокатэхналагічная машына, якая фіксуе ўсе мясільныя працэсы і час, калі яны павінны скончыцца. Акрамя таго, задзейнічаны цестараскачвальная машына, спецыяльныя сталы, халадзільнікі. Галоўнае месца на вытворчасці займае, безумоўна, печка, якая мае тры зоны і тым самым прадугледжвае выпяканне некалькіх відаў хлебабулачнай прадукцыі.

Акрамя Паліны, у гэтай кампетэнцыі ўдзельнічалі яшчэ 4 канкурсанткі, якія прадстаўляюць розныя навучальныя ўстановы: Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж хлебапячэння, Магілёўскі ўніверсітэт харчавання, Гомельскі каледж кулінарыі і Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж.

Таццяна Іванаўна Палякова, майстар вытворчага навучання з Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння, падрыхтавала да конкурсу Хрысціну Свірскую. І хаця дзяўчына вучыцца на 1 курсе, майстар адразу паверыла ў яе здольнасці. Па натуры Хрысціна вельмі адказная, дысцыплінаваная, з цікавасцю ставіцца да сваёй будучай прафесіі, імкнецца ўдасканальваць прафесійныя навыкі. Яна ўжо пабывала на шэрагу спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню і паказала добрыя вынікі.

У цэлым прафесійнае навучанне ў гэтым каледжы практыка-арыентаванае і навучэнцы з першых дзён вучацца хлебапячэнню па выпуску гатовай прадукцыі. Ва ўстанове функцыянуе вытворчы цэх з сучасным хлебапякарным абсталяваннем, а печыва потым прадаецца ў навучэнскай краме.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.