Паходня мужнасці

- 12:05Адукацыйная прастора

Ва ўсе часы любоў да Айчыны была і ёсць свяшчэнным абавязкам для кожнага, хто хоча звацца сапраўдным чалавекам. Мы часта задаёмся пытаннем, якія якасці неабходна сфарміраваць у моладзі, каб быць спакойным за ўласную будучыню, будучыню сваіх родных і блізкіх, любімай вёскі ці горада, усёй краіны. Колькі людзей, столькі меркаванняў, але можна не сумнявацца: у самым важным і шчырым адказы ў большасці супадуць. Безумоўна, супадуць яны і з тымі ідэаламі, што прывіваюць юнакам і дзяўчатам у праваслаўным ваенна-патрыятычным (маладзёжна-пошукавым) клубе ЮНЕСКА “Русічы”, які дзейнічае на базе Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Тут вучаць патрыятызму не на словах, а на справе.

“Зямля ўмее гаварыць”

Галоўная справа “Русічаў” з моманту заснавання — пошук воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі і прапалі без вестак. Сёлета клуб адзначыў сваё 30-годдзе. Ініцыятарам яго стварэння і нязменным куратарам з’яўляецца выкладчык гісторыі Рыгор Шарай. Ля вытокаў “Русічаў” разам з ім стаялі выкладчык пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, гвардыі падпалкоўнік Васіль Ермалаеў і выкладчык гісторыі вядомы аршанскі краязнаўца Аляксандр Кудзін, кіраўніцтва і педагагічны калектыў установы адукацыі. Клуб пачаў сваю работу на тэрыторыі Аршанскага і Дубровенскага раёнаў у мясцінах, дзе некалі амаль 9 месяцаў быў фронт і колькасць загінуўшых ішла на дзясяткі тысяч. “Зямля ўмее гаварыць” — так назваў Рыгор Сцяпанавіч сваю кнігу, на старонках якой ён расказвае пра барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, людское гора, мужнасць, подзвіг нашых продкаў і адначасова знаёміць з дзейнасцю “Русічаў”. Унікальнае выданне з фотаздымкамі і картамі ваеннага часу (многія раней нідзе не друкаваліся) пабачыла свет пры садзейнічанні расіяніна Анатолія Званарова. Дзякуючы “Русічам” ён адшукаў сляды свайго дзядзькі Мікалая Серыкава, які загінуў пры вызваленні Дубровеншчыны. У кнізе змешчаны ўрыўкі з палявога дзённіка Рыгора Шарая.

“Пашанцавала салдату. Святло памяці абавязкова закране яго, бо ён не прапаў без вестак. Ён будзе цяпер у ліку загінуўшых за сваю Радзіму. І ніхто ўжо і ніколі не асме-ліцца кінуць цень падазрэння, — пазначыў кіраўнік клуба пасля першай каштоўнай знаходкі — салдацкага медальёна. — А колькі такіх, у каго ні магілы, ні куста, і няма дзе паплакаць родным і блізкім! Сумная, страшная статыстыка. Замоўчваць яе было б ганебна перад памяццю абаронцаў Айчыны. Іх трэба памятаць усіх пайменна… Гэтая вайна для нас не проста старонка гісторыі, яна — пачатак пачаткаў нашай маральнасці, сімвал і ўзор на ўсё астатняе жыццё”.

“Ужо стомленасць брала сваё… Асабліва гэта тычылася пачаткоўцаў-пошукавікаў. Але мы вырашылі не адыходзіць, нягледзячы на тое, што ў многіх з’явіліся крывавыя мазалі, — паўстаюць перад намі экспедыцыйныя будні “Русічаў”. — Ужо з траншэі паднялі восем савецкіх байцоў, два медальёны, і, здаецца, траншэі далей не відаць, а нешта падказвала: “Ну, яшчэ адзін метр”. Менавіта на апошнім метры і на нашым агульным апошнім уздыху адыходзячага дня Ігар Мядзведзеў адшукаў у гліняным грунце дзявятага салдата, у нагруднай кішэні якога быў камсамольскі білет № 17704694, загорнуты ў цёмную тканіну”.

“Потым пачаўся другі этап карпатлівай працы: па знойдзеных падчас раскопак уцалелых прадметах трэба было ўстанавіць прозвішча воіна, каб перапахаваць пад уласным імем у брацкай магіле, адшукаць яго сваякоў і аднапалчан. Мемарыяльны комплекс “Рыленкі”. Гэтае воінскае пахаванне заўсёды трывожыць сэрца, выклікае горкае пачуццё сваім размахам… Мы рабілі там перапахаванне, — запісаў Рыгор Сцяпанавіч. — Як жа шмат на яго прыйшло людзей… труна з астанкамі плыла ў людскім патоку. Мы ішлі павольна, даючы магчымасць людзям усіх узростаў ісці за намі. А цяжару не адчувалася. Куды цяжэй было несці душэўны боль жывых. Было і масавае кіданне манет на дно магілы, памінальная жмені зямлі і воінскі салют… Але я яшчэ памятаю, калі жанчыны, родныя палітрука Маскова, проста паваліліся ля магілы, як горкі клубок падкаціўся да горла, як выціраў слёзы Васіль Платонавіч і як гэта бачылі мае хлопцы. А іх вочы! Вось ён, непрыхаваны смутак, вось яно, сапраўднае імгненне аддачы за ўкладзеную працу! У такія хвіліны словы недарэчныя. Яны проста непатрэбныя. У такія хвіліны асабліва разумееш: людскі боль вострым асколкам жыве ў нас і дагэтуль. Ён не знікне з зямлі нават тады, калі з жыцця сыдзе апошні ўдзельнік вайны”.

Вярнуць з нябыту

“Русічы” — пакаленне ўнукаў і праўнукаў Вялікай Перамогі. За 30 гадоў пры ўдзеле выхаванцаў клуба на месцах баёў Вялікай Айчыннай вайны з акопных магіл у брацкія было перапахавана больш за 1200 савецкіх салдат і афіцэраў. Па выніках работы з архіўнымі дакументамі “Русічы” вярнулі з нябыту звыш 6 тысяч імёнаў загінуўшых воінаў, якія ўвайшлі потым у кнігі гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Дубровенскі раён” і “Памяць. Орша. Аршанскі раён”. Дзякуючы “Русічам” былі добраўпарадкаваны дзясяткі брацкіх воінскіх пахаванняў у Аршанскім, Дубровенскім і Сенненскім раёнах, усталяваны памятныя знакі і мемарыяльныя пліты ў мемарыяльным комплексе “Рыленкі” Дубровенскага раёна, на чыгуначных станцыях Орша і Бурбін Сенненскага раёна, былой турмы для савецкіх ваеннапалонных у Оршы, месцах расстрэлу 400 патрыётаў Аршаншчыны і воінаў Чырвонай Арміі, пахавання воінаў-танкістаў 63-га асобнага гвардзейскага танкавага палка прарыву; усталяваны помнікі ахвярам палітычных рэпрэсій у вёсцы Андрэеўшчына, на месцах гібелі 5 тысяч савецкіх ваеннапалонных у Оршы, на месцах пахавання 29 тысяч воінаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні Оршы, 58 воінаў 192-й стралковай дывізіі ў вёсцы Кудаева Аршанскага раёна.

Гэта выхаванцы клуба знайшлі патанулы савецкі танк, які ўдзельнічаў у баях пад Оршай у ліпені 1941-га — цяпер яго можна пабачыць у гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Пошукавая дзейнасць “Русічаў” увасоблена ў сучаснай тапаніміцы Оршы. Юныя патрыёты выявілі імёны баявога экіпажа лётчыкаў 20-га гвардзейскага авіяпалка — гвардыі лейтэнанта Аляксандра Цаліб’ева, гвардыі малодшага лейтэнанта Міхаіла Цэліка, гвардыі старшага сяржанта Васіля Шаклеіна, у гонар якіх пастановай Аршанскага гарвыканкама былі названы тры вуліцы. “Русічы” вярнулі з нябыту гісторыю подзвігу экіпажа савецкіх лётчыкаў 16-га гвардзейскага авіяпалка далёкага дзеяння ў складзе Героя Савецкага Саюза гвардыі капітана Аляксея Гараніна (імем якога названа вуліца ў Оршы), гвардыі малодшага лейтэнанта Івана Мелехава, гвардыі старшын Уладзіміра Цяжгова і Івана Бальшухіна, якія накіравалі свой падбіты самалёт на склад нямецкіх боепрыпасаў на станцыі Орша. Удзельнікі клуба выявілі спіс незаменных страт начальніцкага і радавога складу воінаў-землякоў 264-га батальёна авіяцыйнага абслугоўвання, што загінулі пры абароне Оршы ў ліпені 1941 года.

Школа мужнасці і адказнасці

З часам у аб’яднанні вызначыліся новыя напрамкі — работа па добраўпарадкаванні і рэстаўрацыі праваслаўных цэркваў і храмаў, папулярызацыя і развіццё казацтва, міжнароднае супрацоўніцтва, прапаганда здаровага ладу жыцця, ахова навакольнага асяроддзя, архіўна-даследчая, культурная і спартыўная дзейнасць. “Русічы” плённа су-працоўнічаюць з праваслаўнай царквой, 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам, 5-й асобнай брыгадай спецыяльнага прызначэння, 103-й асобнай мабільнай брыгадай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, саветамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-інтэрнацыяналістаў, Беларускай чыгункай, Ваенна-мемарыяльным цэнтрам Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, Міжнародным саюзам “Садружнасць грамадскіх арганізацый ветэранаў (пенсіянераў) незалежных дзяржаў”, Расійскім камітэтам ветэранаў вайны і ваеннай службы, Камітэтам грамадскіх сувязей і Камітэтам міжрэгіянальных сувязей і нацыянальнай палітыкі Масквы, Міжнароднай асацыяцыяй грамадскіх пошукавых аб’яднанняў “Народная памяць пра абаронцаў Айчыны”. Клуб прымаў актыўны ўдзел у археалагічных раскопках на месцах былога гарадскога пасада XI—XIII стагоддзяў, тэрыторыях царквы Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, Куцеінскага мужчынскага манастыра, надбрамнай званіцы Куцеінскай лаўры ў Оршы, гарадзішча ў Дуброўне. У скарбонцы клуба — этнаграфічныя экспедыцыі “Жыццё і побыт беларускага народа” і “Па старых вуліцах Оршы”, экалагічныя экспедыцыі “Прыродная спадчына Аршаншчыны” і “Куцеінка ад вытокаў да вусця”, удзел у ваенна-патрыятычных лагерах, вахтах памяці, хрэсных хадах, патрыятычных акцыях, семінарах ваенна-патрыятычнай і духоўна-маральнай накіраванасці. Пры пахаванні загінуўшых воінаў, усталяванні помнікаў і памятных знакаў ахвярам вайны заўсёды разам з выхаванцамі прысутнічаюць праваслаўныя святары. “Русічам” неаднойчы прысвячалі публікацыі айчынныя і замежныя друкаваныя выданні. Пра выхаванцаў Рыгора Шарая гаворыцца ў трох відэафільмах па гісторыі ардэнаноснай Аршаншчыны, дакументальна-публіцыстычных фільмах “Уставай — гэта вайна!” (Германія), “Адрынуты” (кінастудыя «Беларусьфільм»), “Ад Арла да Брэста” (Арлоўская тэлерадыёкампанія, Расія).

У клуб прымаюцца навучэнцы ва ўзросце ад 14 гадоў; тэрмін навучання — 2—3 гады. Галоўнае — строгая дысцыпліна. Праграма заняткаў “Русічаў” вельмі насычаная: тут і школа верхавой язды, і плаванне з аквалангам, і рукапашны бой, і скачкі з парашутам. А яшчэ — разборка і зборка стралковай зброі, стральба, страявая, медыцынская і турыстычная падрыхтоўка, археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі, работа з архіўнымі дакументамі, экскурсіі, ваенна-палявыя зборы, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, роднымі загінуўшых воінаў.

— За тры дзясяткі гадоў школу мужнасці пад назвай “Русічы” прайшлі больш за 3 тысячы выхаванцаў, — адзначыў падчас прысвечаных юбілейнай даце ўрачыстасцей старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. — Усе яны выраслі дастойнымі, паважанымі людзьмі. Патрыятызм, гонар і годнасць, пачуццё абавязку, цвёрдыя маральныя перакананні, загартаваныя ў юнацтве, дарагога вартыя. Справа гэтых юнакоў і дзяўчат вялікая і справядлівая. Яна заслугоўвае самай высокай ацэнкі і нашай усебаковай падтрымкі.

Набытыя ў клубе веды і фізічная падрыхтоўка дапамаглі многім яго выхаванцам паступіць у профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі і надзець афіцэрскія пагоны, знайсці сябе ў спорце, прафесіі, грамадскім жыцці, актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі.

— Толькі той чалавек можа ўсёй душой любіць сваю Радзіму, абараняць яе да апошняй кроплі крыві, які ведае яе мінулае і беражліва захоўвае ў памяці бліскучыя прыклады гераізму, — агучыў адзін з асноўных пастулатаў “Русічаў” Рыгор Шарай. — Праз пошукавую дзейнасць, вывучэнне асноў ваеннай справы, краязнаўства і гісторыю моладзь далучаецца да гераічных, баявых і працоўных традыцый нашага народа. Курсантаў вучаць адказнасці за сваю краіну і яе будучыню, загартоўваюць душэўна і фізічна. “Служу Рэспубліцы Беларусь” — для нас не проста словы, а сэнс жыцця, жыццёвае крэда кожнага.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.