Пайсці і не вярнуцца

- 15:27Сацыяльны ракурс

Штомесяц спіс тых, хто прападае без вестак, папаўняецца новымі імёнамі. На жаль, не заўсёды ўдаецца аператыўна знайсці ўсіх, хто пайшоў з дому і не вярнуўся: на пошукі можа спатрэбіцца не адзін месяц, а можа, і год.
У такой сітуацыі чалавек не застаецца адзін на адзін са сваім горам. Часта да пошукаў далучаюцца валанцёры і спецыялізаваныя атрады, якім давяраюць і ад якіх чакаюць добрых навін. Ці можна людзям дарыць надзею і абяцаць знайсці тых, хто знік? Як у нашай краіне арганізаваны пошук тых, хто прапаў без вестак? Пра гэта расказаў камандзір пошукава-­выратавальнага атрада “Анёл” Сяргей КОЎГАН.

— Сяргей, ваш пошукава-выратавальны атрад быў створаны амаль 10 гадоў назад. Якая асабістая гісторыя падштурхнула на такі крок?

—  “Анёл” узнік у чэрвені 2012 года, і ў яго стварэння ёсць свая гісторыя. Думкі ўзніклі пасля таго, як мая мама падчас прагляду адной з перадач па тэлевізары пачула просьбу жанчыны аб дапамозе ў пошуку яе бацькі, які, па ўсёй верагоднасці, заблукаў у лесе. На момант, калі яна звярталася па дапамогу, пошук вёўся ўжо 4 сутак. Але ўсё было безвынікова, таму яна папрасіла нераўнадушных людзей прыехаць у Барысаў і дапамагчы ў пошуках бацькі.

Помню, што гэта быў выхадны дзень. Я прыехаў у Барысаў з сябрам на дапамогу ў арганізацыі пошуку. Акрамя нас, больш жадаючых не было. Мяне гэта вельмі ўразіла, я задаваў пытанні міліцыі, цікавіўся, чаму больш ніхто не прыйшоў на дапамогу.

Менавіта ў той момант я зразумеў, што было б цудоўна, каб былі людзі, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ў пошуку тых, хто знік. Калі мужчыну, якога я ездзіў шукаць у Барысаў, праз некаторы час знайшлі мёртвым, мяне гэта яшчэ больш упэўніла ў тым, што нельга сядзець склаўшы рукі.

Для пачатку стварыў групу ў сацсетках. Праз 2 дні пасля стварэння групы звярнуліся бацькі дзяўчынкі, якая знікла ў Мінску. За той час, пакуль займаліся арыенціроўкамі аб яе прапажы, колькасць удзельнікаў у групе перасягнула 1000. Натуральна, што і колькасць зваротаў таксама расла.

Пасля кожнага звароту мы набіраліся вопыту. За амаль 10 гадоў нашай дзейнасці мы змаглі вырасці. Азіраючыся назад, бачу, што, каб тады меў сённяшні вопыт, многае зрабіў бы інакш.

— Што трэба зрабіць, перш чым звярнуцца па дапамогу ў “Анёл”?

— Адной з умоў звароту па дапамогу ў наш атрад з’яўляецца першапачатковае напісанне заявы ў міліцыю аб прапажы чалавека. Гэта абараняе і нас, і прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Чаму? Пакуль не пададзена заява аб знікненні чалавека, ён не знаходзіцца ў статусе асобы, якая прапала, і шукаць яго не маюць права. У адваротным выпадку гэта будзе лічыцца ўмяшаннем у асабістае жыццё. Мы таксама, калі да нас прыходзяць са зваротам, не можам быць да канца ўпэўненымі ў тым, чаму чалавек прыйшоў некага шукаць. Гэта можа быць і дзеля жарту. Таму больш правільна, калі мы даведваемся ад праваахоўнікаў, ці паступілі зварот і заява аб тым, што хтосьці прапаў без вестак.

Часам у пошуках могуць удзельнічаць да 2 тысяч добраахвотнікаў, і навучаныя “Анёлам” валанцёры каардынуюць іх работу.

— З якімі пачуццямі і эмоцыямі вы выязджаеце на пошукі?

— Безумоўна, кожны раз, выязджаючы на пошукі, перажываю. Але разумею, што перажыванні перашкаджаюць цвярозай рабоце, не даюць максімальна засяродзіцца на дапамозе. Я бычыў, як валанцёры суперажываюць бядзе людзей. Яны ўспрымаюць іх боль як свой. Зразумела, нельга быць поўнасцю раўнадушным, калі да цябе звяртаюцца па дапамогу, але мяжа павінна быць. Калі ўсё ўспрымаць блізка да сэрца, то працаваць будзе вельмі цяжка.

Каб валанцёры не дапусцілі памылку, не парушылі тэхніку бяспекі, стараемся ад іх не адыходзіць. Калі сітуацыя адрозніваецца ад стандартных праграм, тады алгарытм прымяняецца індывідуальна. Напрыклад, чалавек знік пры нейкіх незразумелых абставінах. Магчыма, інфармацыю аб гэтым трэба аператыўна перада­ваць супрацоўнікам крымінальнага вышуку, бо магло быць здзейснена забойства, — а мы з такім сутыкаліся.

Пошукава-выратавальны атрад “Анёл” — першы ў краіне добраахвотны рэспубліканскі рух, які накіраваны на дапамогу ў пошуку тых, хто прапаў без вестак.

— Напэўна, самае цяжкае і для валанцёраў, і для тых, хто звяртаецца па дапамогу, калі прападаюць дзеці.

— У такіх сітуацыях мы рэагуем у вельмі кароткія тэрміны, бо зацягваць нельга. Што тычыцца бацькоў, то яны, калі знікае дзіця, паводзяць сябе па-рознаму. Адны спрабуць шукаць малога самастойна, не звяртаюцца ў міліцыю. Другія прыходзяць да праваахоўнікаў адразу, нават калі небяспекі яшчэ няма. Безумоўна, хуткасць зваротаў уплывае на пошукі. Чым хутчэй дарослыя звяртаюцца ў міліцыю, тым больш аператыўна мы рэагуем і выхо­дзім шукаць. Трэба помніць: чым больш часу праходзіць з моманту знікнення, тым менш шансаў у нас застаецца.

— Ці будзе правільна абяцаць знайсці дзіця, калі разумееце, што шансаў на гэта мала?

— Мы заўсёды робім усё, што ад нас залежыць. І выкарыстоўваем для гэтага ўсе сілы, рэсурсы, усю тэхніку і астатнія магчымасці, якія маем. Пошукавікі заўсёды перажываюць, калі не ўдаецца знайсці чалавека. Калі такія сітуацыі здараюцца, мы стараемся зразумець, што зрабілі не так ці што яшчэ трэба зрабіць, як пашы­рыць тэрыторыю пошуку і якія версіі наконт таго, што здарылася, трэба яшчэ разгле­дзець. Гэта робіцца, каб пошук прынёс станоўчы вынік, каб зразумець, што насамрэч здарылася. Пошукавікі ведаюць: людзі проста так не знікаюць.

— Ці можна адпусціць сітуацыю, калі чалавека знайсці так і не ўдалося?

— Не, адпусціць такую сітуацыю немагчыма. Пошукі могуць прыпыніцца да нейкай новай аб’ектыўнай інфармацыі, не больш. Кожны з нас перажывае за тое, каб знайсці чалавека жывым. Калі разумею, што едзем шукаць, хутчэй за ўсё, таго, хто загінуў, папярэджваю валанцёраў. Бо сярод іх ёсць тыя, хто па сваіх маральных і этычных перакананнях не могуць і не хочуць бачыць нежывых. Аб гэтым папярэджваю толькі тую каманду, з якой буду працаваць у пэўны момант.

Сёння “Анёл” аб’ядноўвае каля 150 пастаянных навучаных валанцёраў па ўсёй краіне. У камандзе ёсць кінолагі, вадалазы, псіхолаг, інструктары, аператары беспілотных лятальных апаратаў, сувязісты (адказваюць за радыёсувязь падчас пошуку людзей), картографы, вадзіцель, спецыяліст па тэхніцы, адміністратары даных па арыенціроўках. Большасць спецыялістаў — валанцёры.

— У сацыяльных сетках не раз чытала, як падпісчыкі “Анёла” цікавяцца, што здарылася з чалавекам, які загінуў,  дзе яго знайшлі…

— Калі пішам, што чалавек знойдзены, што ён загінуў, многім цікава, што да гэтага прывяло. Але інфармацыю пра тое, як ён загінуў, дзе яго знайшлі, не трансліруем усім запар. На мой погляд, гэта маральна недапушчальна — расказваць адпаведныя падрабязнасці. Трэба разумець, што абставіны смерці чалавека могуць быць рознымі, ад патаплення да суіцыду, здзей­сненага якім заўгодна спосабам. І гэта не задача пошукавага атрада — называць абставіны смерці. Для гэтага існуюць кампетэнтныя органы, яны даюць такую інфармацыю. Калі гісторыя пошукаў заканчваецца станоўча, тады мы з дазволу родных можам расказаць, як вяліся пошукі, дзе знайшлі чалавека і г.д.

— Сяргей, як вас псіхалагічна і эмацыянальна за час работы змяніў “Анёл”?

— Калі шчыра, то за 10 гадоў работы я падарваў сваё здароўе: немагчыма ніяк не рэагаваць на чужую бяду. Нас не на вяселле завуць, — штодня мы сутыкаемся з трагедыяй, бядой, болем. Адзінае, што стала проста, — гэта даваць ацэнку і распараджэнні наконт таго, што трэба рабіць у тым ці іншым выпадку. Мяне ноччу разбудзі — і я раскажу, куды ісці і што зрабіць, каб пошук прынёс станоўчы вынік. Нельга быць раўнадушным да чужой бяды, як і нельга забраць чужы боль. Але людзям можна аказаць падтрымку і раздзяліць з імі іх гора.

“Анёл” існуе толькі на прыватныя ахвяраванні добраахвотнікаў або спонсараў.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Сяргея КОЎГАНА.