Адкрытасць новым ведам і энергія маладосці дапамагаюць студэнтам рабіць поспехі ў навуцы. Гэта штогод пацвярджае Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў.
У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ўшанавалі лаўрэатаў конкурсу гэтага года.
Студэнты актыўна ўключаюцца ў навуковую работу, прапануюць інавацыйныя рашэнні і свежыя ідэі. У XXVIII Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў узялі ўдзел прадстаўнікі 55 устаноў вышэйшай адукацыі. Усяго было прадстаўлена 3356 навуковых распрацовак. Самымі актыўнымі аказаліся навучэнцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія прадставілі 249 работ, прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, на чыім рахунку 227 работ, і моладзь з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта — 219 работ.
Амаль палова аўтараў — 1648 — выпускнікі УВА, магістрантаў сярод канкурсантаў аказалася 394, а студэнтаў і курсантаў у конкурсе ўдзельнічала 1629. Адметна, что сярод удзельнікаў былі нават першакурснікі.
Як адзначаюць арганізатары, з кожным годам у конкурсе ўдзельнічае ўсё больш цікавых, перспектыўных работ па ключавых напрамках. Расце і ўзровень навуковых распрацовак і даследаванняў. Гэта сведчыць аб маштабах талентаў нашай моладзі, а таксама аб тым, што для выспявання гэтых талентаў ёсць усё неабходнае. Першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава падкрэсліла, што ў нашай краіне створаны ўсе неабходныя ўмовы для фарміравання ў студэнтаў даследчых уменняў, навыкаў работы ў навуковых калектывах. Аказваецца ўсебаковая дапамога адоранай моладзі ў творчым і кар’ерным росце. Звярнула ўвагу Ірына Анатольеўна і на тое, што такая работа і конкурс як яе частка маюць асаблівае значэнне.
— Конкурс вырашае дзве найважнейшыя задачы. Першая — гэта фарміраванне неабходных кампетэнцый навукова-даследчай дзейнасці, якія стануць важным складнікам поспеху ў вашай далейшай рабоце як інавацыйных спецыялістаў, — вітаючы лаўрэатаў конкурсу, расказала Ірына Старавойтава. — І другая задача — забяспечыць пераемнасць у падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі шляхам прыцягнення студэнтаў да наступнага навучання ў аспірантуры. Ваш сённяшні навуковы зачын стане добрай асновай для далейшых навуковых распрацовак.
Важнае патрабаванне да навуковага даследавання на сучасным этапе — практыкаарыентаванасць. Навуковыя вынікі павінны гарантаваць магчымасць іх практычнага прымянення ў розных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы. Такія ж умовы прад’яўляюцца і да студэнцкай навукі.
Удзельнікамі конкурсу прадстаўлена больш за 5 тысяч актаў укаранення, у тым ліку 1487 актаў укаранення ў вытворчасць, атрымана 47 дакументаў аховы інтэлектуальнай уласнасці — патэнты, заяўкі на выдачу патэнта, рацыяналізатарскія прапановы.
Па выніках конкурсу званне лаўрэата прысвоена аўтарам 59 навуковых работ. Сярод іх Ксенія Шарманава і Алена Сцепанюк — выпускніцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Дзяўчаты стварылі платформу “Віртуальны пацыент” для дыягностыкі захворванняў вока, а таксама мабільны дадатак.
— Мабільны дадатак называецца iDoc. Ён створаны для студэнтаў медыцынскіх ВНУ, каб яны маглі пры вывучэнні афтальмалогіі адпрацоўваць практычныя навыкі. Гэта сімулятар, які дазваляе студэнту трэніравацца і складаць правільны алгарытм дзеянняў для пастаноўкі дыягназу і лячэння. Асабліва актуальнай наша распрацоўка была падчас пандэміі, калі студэнты не маглі трапіць у клінікі — з дапамогай “Віртуальнага пацыента” можна развіваць практычныя ўменні. Наш дадатак перакладзены на англійскую мову, таму даступны і замежным навучэнцам медуніверсітэтаў, — расказала Алена Сцепанюк.
Удзельнікамі конкурсу прадстаўлена больш за 5 тысяч актаў укаранення, у тым ліку 1487 актаў укаранення ў вытворчасць.
Навуковая работа можа зацягнуць усур’ёз і надоўга. Гэта пацвярджае прыклад Ксеніі Мацвеевай, якая скончыла магістратуру БДУ.
— Я пачала займацца навуковай дзейнасцю адразу ж як трапіла на юрыдычны факультэт БДУ, бо на факультэце гэта вельмі актыўна развіваецца і прапагандуецца. Мы штогод
удзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ. Мае работы ў розныя гады былі прысвечаны экалагічным бежанцам, гарантаванню дэпутацкай дзейнасці парламентарыяў, міжнароднаму праву. У мяне ўжо былі ўзнагароды першай, другой і трэцяй ступені, у гэтым годзе я лаўрэат. Я знайшла цудоўнага навуковага кіраўніка Віктара Сяргеевіча Камянкова, менавіта пад яго кіраўніцтвам створана мая работа ў гэтым годзе. Дзякуючы яму, я не страціла цікавасці да даследаванняў і вырашыла пайсці ў аспірантуру, — расказвае Ксенія.
У юных навукоўцаў розныя шляхі: хтосьці з дапамогай даследаванняў набывае новыя кампетэнцыі і развіваецца як спецыяліст, а хтосьці выбірае навуку сваёй прафесіяй. Аднак у любым выпадку канкурсанты, якія сёння маюць поспехі ў навуцы, заўтра будуць мець поспехі ў любой справе.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.