Пакаленне энергаэфектыўных

Ваўкавыск далучыўся да ініцыятывы “Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі”. У раёне праходзяць мерапрыемствы на тэму энергазберажэння і змены клімату ў рамках дзён энергіі.

Ваўкавыскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі стаў пляцоўкай для раённай квэст-віктарыны “Пакаленне энергаэфектыўных”. Удзел узялі каманды з шасці ўстаноў адукацыі. Вучні пашырылі веды па тэме “Энергазберажэнне і павышэнне энергаэфектыўнасці”.

У першым раўндзе квэст-віктарыны “Энергетыка краіны” расшыфравалі абрэвіятуры электрастанцый. “Чэмпіёнамі энергазберажэння” сталі каманды гімназіі № 2 г. Ваўкавыска, сярэдніх школ № 4 і № 2 г. Ваўкавыска. У раўндзе “Энергааўдыт” вывучылі справаздачы галоўных энергетыкаў і вызначылі ў іх захады, якія спрыяюць энергазберажэнню.

Далей каманды пазнаёміліся з фактамі, лічбамі і датамі, якія маюць дачыненне да энергаэфектыўнасці. У пятым раўндзе “Энергазберажэнне будучыні” вучням давялося пафантазіраваць у галіне навукі: што можа быць вынайдзена для энергазберажэння праз 50 і 100 гадоў. Самымі цікавымі аказаліся малюнкі каманд гімназіі № 1 г. Ваўкавыска, сярэдніх школ № 3 і № 5 г. Ваўкавыска.

Найбольшая колькасць балаў у квэст-віктарыне “Пакаленне энергаэфектыўных” аказалася ў каманды сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.