Пакармі птушак зімой

- 14:04Нам пішуць

У выхаванні дзіцяці дашкольнага ўзросту вялікую ролю адыгрываюць зносіны з жывой прыродай. Шмат у каго ёсць хатні гадаванец, пра якога трэба клапаціцца, але мы часам забываемся пра крылатых сяброў. А ім далёка не проста ў марозныя дні. “Пакармі птушак зімой — яны паслужаць табе вясной”, — кажа прыказка. Вось чаму з даўніх часоў для зімуючых птушак людзі робяць кармушкі.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. п. Радунь прайшла акцыя “Дапаможам птушкам перазімаваць”. Дзеці і бацькі з задавальненнем адгукнуліся на прапанову і сталі архітэктарамі, будаўнікамі і дызайнерамі “птушыных сталовых”. Кармушкі з кардона, коркаў, пластыкавых бутэлек, латкоў з-пад яек, старога посуду, дрэва, пакетаў з-пад соку і малака і нават з гарбуза! Галоўнае — што ўсе яны выраблены з душой!

Дзеці з радасцю прыносілі кармушкі ў групы. Кожны падзяліўся ўражаннямі аб тым, як дапамагаў майстраваць кармушку тату, як мама ўпрыгожвала яе стужачкамі, налепкамі, коркамі.

Кармушкі размясцілі на гульнявых участках установы. Дзеці разам з выхавальнікамі штодня падкормліваюць птушак і назіраюць за іх паводзінамі.

Святлана КУГЕЛЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі.