Пакарміце птушак зімой

- 16:56Нам пішуць

Зімовая падкормка птушак — добрая традыцыя. Зімой нават лясныя птушкі пачынаюць цягнуцца да чалавечага жылля. Таму мы з дзецьмі і вырашылі дапамагчы птушкам.

Далучыліся і бацькі: зрабілі кармушкі з рознага матэрыялу, прынеслі корм. Павесілі кармушкі на тэрыторыі дзіцячага садка. Перад тым, як вывешваць, нагадалі, як дапамагчы птушкам. Расказалі, што патрэбна пачынаць падкармліваць іх з надыходам халадоў. Корм падсыпаць варта рэгулярна, у адзін і той жа час, птушкі запомняць і будуць прылятаць на гэтае месца. Корму трэба класці няшмат.

Першымі заўважылі кармушкі вераб’і, за імі прыляцелі сінічкі, снегіры. А вялікія птушкі — галубы і вароны — пакінулі толькі сляды на снезе. Штодзённае кармленне птушак на ўчастку стварае добрыя ўмовы для сістэматычных назіранняў за імі. Падкорм птушак, што зімуюць, прыносіць карысць і ў навучанні і выхаванні дзяцей. Яны атрымалі магчымасць даглядаць, назіраць за птушкамі, адчуваць значнасць сваёй працы.

Праз гутаркі, пазнавальныя заняткі, чытанне мастацкай літаратуры і назіранні дзеці даведваюцца пра розныя віды птушак, характэрныя асаблівасці знешняга выгляду, паводзін. Клапацячыся пра птушак, кормячы іх, дзеці атрымаліваюць асалоду ад таго, что могуць выратаваць іх ад гібелі. Такая дапамога спрыяе развіццю пазнавальнай актыўнасці , з’яўляецца цудоўнай магчымасцю праявіць спачуванне і дабрыню.

Лілія ЦЭЙКА,
выхавальнік ясляў-сада “Дубок” г. Астраўца.