Паказалі бліскучыя веды

У юных мовазнаўцаў Магілёўшчыны на мінулым тыдні была магчымасць на справе прадэманстраваць свае веды. У вобласці прайшоў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, у рамках якога адбыліся інтэлектуальныя спаборніцтвы па дзвюх дзяржаўных мовах: беларускай і рускай.

За званне лепшых у беларускай мове і літаратуры, спаборніцтвы па якіх праходзілі на базе прафесійнага ліцэя № 5, змагаўся 71 вучань. Больш за палову з іх прыехалі на абласны этап з раённых і сельскіх школ. Для дасягнення жаданага поспеху ўсім дзецям трэба было выканаць няпростыя алімпіядныя заданні.
Як паведаміла старшыня журы загадчык кафедры беларускай і рускай мовы МДУ імя А.А.Куляшова Вольга Саўчанка, арганізацыйна конкурсныя заданні засталіся такімі ж, толькі крыху змяніўся іх змест.
— Сёлета ўсе заданні былі цікавымі. Як і раней, удзельнікам неабходна было прайсці тры конкурсныя туры: напісанне водгуку, выкананне комплекснай работы, вуснае выказванне. Водгук, нягледзячы на дастатковую складанасць прапанаваных тэкстаў, не выклікаў ва ўдзельнікаў асаблівых цяжкасцей. Адметным быў другі тур. У гэтым годзе ў пытаннях на веданне мовы пераважала лінгвістычная тэматыка, тады як у мінулым годзе ўпор быў зроблены на сінтаксіс. З дзесяці пытанняў комплекснай работы тры былі накіраваны на выяўленне ўзроўню ведання навучэнцамі роднай літаратуры. Што тычыцца вуснага выказвання, то тут удзельнікі парадавалі нас даволі выразнымі эмацыянальнымі выступленнямі. Некаторыя навучэнцы амаль дасягнулі максімальна магчымага бала за гэтае заданне. Добрыя адзнакі атрымалі яны і на астатніх конкурсных турах. Асабліва сваімі ведамі ўразілі ў гэтым годзе дзевяцікласнікі. Калі ж гаварыць у цэлым, то такія высокія паказчыкі пацвярджаюць якасць падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядзе, — расказала Вольга Мікалаеўна.

Нядрэнныя вынікі прадэманстравалі і ўдзельнікі абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры, хоць заданні былі прапанаваны таксама нялёгкія. Як і беларусазнаўцы, у першым туры яны пісалі водгук, тэксты для якога былі прысвечаны юбілею вядомага паэта Валерыя Брусава і тэме Вялікай Айчыннай вайны, а на другім этапе сутыкнуліся з комплекснай праграмай. У ёй навучэнцам трэба было выканаць дванаццаць заданняў на веданне рускай мовы і літаратуры. Чатыры з іх былі скіраваны на выяўленне літаратурнай эрудзіраванасці навучэнцаў, а астатнія звязаны з такімі раздзеламі мовазнаўства, як сінтаксіс, фанетыка, лексіка, марфалогія. Каб знайсці дакладныя адказы ў гэтым заданні, удзельнікам неабходна было не баяцца свабодна і творча думаць, прымяняць логіку. Творчы падыход спатрэбіўся і пры падрыхтоўцы вуснага выказвання. Аднак усе цяжкасці ўдзельнікамі алімпіяды па рускай мове былі паспяхова пераадолены.
— Мне вельмі прыемна адзначыць, што з году ў год у абласной алімпіядзе па рускай мове прымаюць удзел пісьменныя, начытаныя, творчыя навучэнцы, — расказала старшыня журы па рускай мове і літаратуры дацэнт кафедры беларускай і рускай мовы МДУ імя А.А.Куляшова Марына Ладуцька. — Прычым многія з іх не проста ведаюць школьную праграму. Гэта на самай справе адораныя дзеці, якія свабодна валодаюць словам, яго сэнсавым і мастацкім багаццем. Таму мы не былі здзіўлены факту, што большасць удзельнікаў справілася з заданнямі бліскуча. Такія дасягненні школьнікаў у чарговы раз даказваюць: мы маем справу з сапраўднымі талентамі, якія пастаянна імкнуцца да ўдасканалення сваіх ведаў. Але ж не варта забываць пра работу настаўнікаў, якія падрыхтавалі алімпіяднікаў, бо іх уклад у перамогу цяжка пераацаніць, — падкрэсліла Марына Уладзіміраўна.

Сапраўды, станоўчы вынік атрымліваецца толькі ад сумеснай, зладжанай і мэтанакіраванай работы настаўніка і навучэнца. Рэальнае пацвярджэнне, што на Магілёўшчыне падрыхтоўка да ўдзелу ў алімпіядзе адбываецца менавіта такім чынам, — лідзіруючая пазіцыя вобласці па гэтым вучэбным прадмеце сярод іншых рэгіёнаў краіны. І ў бягучым годзе такая пераможная тэндэнцыя, верагодна, не зменіцца. Ва ўсялякім выпадку ў гэтым пераконвала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Прызёрамі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры сталі трыццаць хлопцаў і дзяўчат. Абсалютнымі пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені сярод дзевяцікласнікаў сталі вучаніцы Асіповіцкай раённай гімназіі Аляўціна Балвановіч і Дзіяна Бондар (настаўніца Таццяна Львоўна Амбрушкевіч). Сярод дзесяцікласнікаў найвышэйшыя вынікі паказалі навучэнка сярэдняй школы № 28 Бабруйска Кацярына Корань (настаўніца Наталля Германаўна Еўтухоўская) і вучаніца гімназіі № 3 Бабруйска Настасся Ламаніна (настаўніца Святлана Васільеўна Крычко). Лідарамі сярод адзінаццацікласнікаў сталі вучаніца сярэдняй школы № 15 Магілёва Вольга Ціцянкова (настаўніца Ларыса Пятроўна Фаршынёва) і навучэнка Магілёўскай гімназіі № 1 Ганна Фурс (настаўніца Валянціна Міхайлаўна Татарава).
Трыццаць два навучэнцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і сярод удзельнікаў абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Самыя ж трывалыя веды, удастоеныя дыпломаў І ступені, прадэманстравалі дзевяцікласнікі Паліна Шарапава з Магілёўскай гімназіі № 1 (настаўніца Ганна Уладзіміраўна Бандарэнка), навучэнка сярэдняй школы № 21 Магілёва Кацярына Акенцьева (настаўніца Наталля Уладзіміраўна Радзькова) і вучаніца сярэдняй школы № 32 Бабруйска Настасся Сушко (настаўніца Аксана Фёдараўна Верамейчык). Сярод дзесяцікласнікаў вызначылася навучэнка сярэдняй школы № 32 Бабруйска Марыя Галка (настаўніца Аксана Фёдараўна Верамейчык), а лепшыя вынікі сярод адзінаццацікласнікаў паказалі вучаніца сярэдняй школы № 15 Магілёва Юлія Бароцька (настаўніца Галіна Фёдараўна Грынкевіч) і вучань гімназіі № 1 Бабруйска Ягор Варановіч (настаўніца Ала Уладзіміраўна Костарава).
Трэці этап алімпіяды завершаны. Цяпер усіх пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах чакае заключны этап інтэлектуальных спаборніцтваў. І ёсць спадзяванне, што на рэспубліцы магілёўскія таленты пакажуць сябе з такім жа бляскам, як і ў роднай вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.