Паказалі выдатныя веды

- 11:36Адукацыйная прастора

Трэці абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах адбыўся на Магілёўшчыне

Магчымасць на справе прадэманстраваць свае веды ў гэтым годзе мелі больш як 970 магілёўскіх школьнікаў, а таксама навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія сталі пераможцамі раённых тураў. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты змагаліся за званне лепшых у 19 дысцыплінах. Ацэньвалі здольнасці кожнага ўдзельніка інтэлектуальных спаборніцтваў прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу магілёўскіх УВА і лепшыя педагогі ўстаноў адукацыі рэгіёна. Дарэчы, сёлета склад журы сфарміраваны такім чынам, што ў яго не ўключалі педагогаў, чые навучэнцы выступалі на абласным этапе алімпіяды. Журы было абсалютна незалежным.

— У алімпіядзе ўдзельнічаюць лепшыя з лепшых, тыя, хто змог сфарміра­ваць тандэм “настаўнік — вучань”. Навучэнец дасягае добрых вынікаў у вучобе пры наяўнасці дзвюх рэчаў: калі педагог можа даць веды дзіцяці, а яно — іх увабраць. Як даказваюць вынікі раённых і гарадскіх этапаў, у магілёўскіх педагогаў і вучняў гэта атрымліваецца, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёў­скага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі. — Асноўная задача, якая зараз стаіць перад арганізатарамі алімпіяды, педагогамі і журы, — сфарміраваць моцную каманду для рэспубліканскага фіналу, якая зможа дастойна выступіць і перасягнуць вынікі папярэдніх гадоў, бо адукацыйных рэзерваў у Магілёўскай вобласці яшчэ шмат.

Падчас адкрыцця абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды было неаднаразова адзначана, што магілёўскія школьнікі праяўляюць належную стараннасць у вучобе. Пра гэта сведчыць станоўчая тэндэнцыя ў заваяванні навучэнцамі пераможных дыпломаў, колькасць якіх дазваляе вобласці з году ў год займаць высокія пазіцыі ў алімпіядным рэйтынгу. У мінулым годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах магілёўскімі навучэнцамі было заваявана 78 прызавых дыпломаў і 27 пахвальных водзываў.

Вялікую колькасць пераможных дыпломаў заключнага этапу рэспублікан­скай алімпіяды (а менавіта 12) магілёўскія навучэнцы летась заваявалі па прадмеце “Беларуская мова і літаратура”. Хлопцы і дзяўчаты Прыдняпроўскага краю сапраўды любяць і шануюць родную мову, добра ведаюць беларускую культуру, традыцыі і звычаі свайго народа.

Сёлета сваё веданне беларускай мовы і літаратуры дэманстравалі 75 вучняў. Большасць з іх прыехала на абласны этап алімпіяды з раённых і сельскіх школ. Лідарамі сярод удзельнікаў сталі прадстаўнікі Клімавіцкага, Слаўгарадскага, Хоцімскага раёнаў.

Для дасягнення жаданага поспеху ўсім вучням трэба было выканаць шэраг ня­простых заданняў. Як паведаміла старшыня журы, дацэнт кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова, кандыдат філалагічных навук Вольга Мікалаеўна Шаршнёва, конкурсныя заданні арганізацыйна сёлета змяніліся. Калі раней удзельнікам трэба было пераадолець тры конкурсныя туры, то цяпер іх засталося два. Маладыя людзі пісалі водгук на літаратурны твор і выконвалі лінгвістычную комплексную работу.

— Для напісання водгуку прапаноўваліся вершаваныя і празаічныя творы. Дзевяцікласнікі аналізавалі верш Петруся Броўкі, дзесяцікласнікі — апавяданне Кузьмы Чорнага, адзінаццацікласнікі — верш Васіля Зуёнка. У гэтым туры ўдзельнікі змаглі даволі добра прадэманстра­ваць свае здольнасці. Лінгвістычны конкурс складаўся з дзесяці заданняў. Вучні павінны былі паказаць свае веды па розных раздзелах мовазнаўства. Тры пытанні былі на веданне навучэнцамі беларускай літаратуры. Былі і заданні творчага характару. Увогуле, у нас самыя лепшыя ўдзельнікі алімпіяд, таму што іх выбар прадмета паказвае грамадзянскую пазіцыю, нацыянальную свядомасць. Яны вельмі разумныя, добра ведаюць родную мову і неабыякавыя да яе лёсу, — адзначыла Вольга Мікалаеўна.

Многія ўдзельнікі паказалі выдатныя веды. Гэта адораныя дзеці, якія свабодна валодаюць словам, яго сэнсавым і мастацкім багаццем. А яшчэ яны ганарацца роднай мовай, лічаць яе адной з самых прыгожых у свеце.

— Мне здалося, што ў гэтым годзе заданні былі больш творчымі, чым раней. Адказваць на пытанні было цікава, складанага нічога не было. Лічу, што мы павінны вучыць беларускую мову і добра вало­даць ёй. Ужо толькі таму, што мы беларусы і гэта наша родная мова, якая вылучае нас сярод іншых народаў, — адзначыла вучаніца гімназіі № 3 Бабруйска Хрысціна Ткач.

— Заданні былі вельмі цікавымі. Я атрымлівала асалоду, працуючы над імі. Цяжкасцей не ўзнікла, бо разам з маёй настаўніцай Наталляй Мікалаеўнай Жураўлёвай мы дбайна рыхтаваліся да ўдзе­лу ў алімпіядзе, — паведаміла вучаніца Забялышынскай сярэдняй школы Хоцімскага раёна Дар’я Самафалава.

З году ў год у абласным этапе алімпіяды па беларускай мове прымаюць удзел пісьменныя, начытаныя, творчыя хлопцы і дзяўчаты. Рэальнае пацвярджэнне гэтага — лідзіруючая пазіцыя вобласці па гэтым вучэбным прадмеце сярод іншых рэгіёнаў краіны. І ў бягучым годзе такая тэндэнцыя, верагодна, не зменіцца. Ва ўсякім выпадку, у гэтым пераконвала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

Прызавымі дыпломамі былі адзначаны трыццаць чатыры вучні. Дыпломаў І ступені ўдастоены дзевяцікласніцы Дар’я Самафалава з Забялышынскай сярэдняй школы Хоцімскага раёна і Дар’я Стагначова з сярэдняй школы № 21 Магілёва. Сярод дзесяцікласнікаў самыя трывалыя веды прадэманстравалі навучэнка Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Уладзіслава Падабед і вучаніца сярэдняй школы № 20 Магілёва Валерыя Сокалава. А лепшыя вынікі сярод адзінаццацікласнікаў паказалі вучаніца Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Яна Гарэлікава і навучэнка Хонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна Вікторыя Якавук.

…Трэці этап алімпіяды завершаны. Ён на справе пацвердзіў: у Магілёўшчыны ёсць добры адукацыйны патэнцыял — таленавітыя педагогі і таленавітыя вучні. Цяпер усіх пераможцаў абласнога тура чакае заключны этап інтэлектуальных спаборніцтваў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.