Паказаць людзям, што мы не дарма ядзім ваенны хлеб

- 10:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб правядзенні ваеннага парада да Дня Незалежнасці, даручыў арганізаваць яго на высокім узроўні.

“Мы прынялі рашэнне, што праводзім парад у гэтым годзе. Сродкаў на гэта шкадаваць не трэба, тым больш яны не такія ўжо і вялікія, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ён павінен быць сапраўдным парадам, уражальным. Для гэтага і праводзіцца. Гэта дэманстрацыя, мы паказваем людзям, што мы не дарма ядзім ваенны хлеб”.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, народ павінен бачыць, што такое беларуская армія, чым яна займаецца, што знаходзіцца на ўзбраенні. “І ўбачыць твар сваіх абаронцаў, салдат Узброеных Сіл, — дадаў ён. — Не толькі арміі, але і пагранічнікаў, і МУС, і МНС”.

На думку прэзідэнта, на парадзе неабходна прадэманстраваць сучасныя ўзоры грамадзянскай тэхнікі, якія вырабляюцца ў краіне. “Мяне непакоіць, што нашы людзі (не ўсе, а значная частка) не ведаюць, чым жыве грамадзянская Беларусь, што мы ствараем нават у гэтыя складаныя, няпростыя часы. Ёсць жа што паказаць. І гэта надоўга застаецца ў памяці людзей”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Была таксама абмеркавана канцэпцыя правядзення іншых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці.

Як патлумачыў журналістам пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы міністр абароны Андрэй Раўкоў, парад будзе традыцыйным, але разам з тым гледачоў чакаюць некаторыя новаўвядзенні. “Будзе павялічана колькасць пешых каробак парадных разлікаў за кошт асобных механізаваных брыгад і тэрытарыяльных войскаў, а таксама колькасць каробак механізаванай калоны — іх колькасць, паводле нашых папярэдніх разлікаў, складзе амаль 220 адзінак тэхнікі”, — паведаміў Андрэй Раўкоў.

Навінкі беларускай “абаронкі” будуць прадстаўлены баявымі браніраванымі машынамі “Кайман” і V1, радыёрэлейнымі станцыямі, мабільнымі зенітнымі артылерыйскімі комплексамі 2К20 “Зеніт”, выратавальнай і медыцынскай тэхнікай. “У поўным складзе будзе ўдзельнічаць эскадрылля з 12 верталётаў Мі-8МТВ-5, канчатковую закупку якой мы завяршылі ў маі”, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства.

Гасцямі парада стануць прадстаўнікі Заходняй ваеннай акругі Расіі. На верталётах Ка-52, самалётах Су-27 і Су-34 яны ўвойдуць у склад паветранага эшалона.

Пасля завяршэння парада частку тэхнікі вырашана пакінуць на вуліцах Мінска, каб гараджане і госці сталіцы змаглі разгледзець яе бліжэй. Акрамя таго, у Дзень Незалежнасці ў горадзе будзе дэманстравацца найноўшая грамадзянская тэхніка, якая вырабляецца ў Беларусі.

Андрэй Раўкоў падкрэсліў, што парад не будзе радавым паказным мерапрыемствам. Рэпетыцыі будуць праходзіць у штатным рэжыме. “Усе затраты на правядзенне парада ўнесены ў асігнаванні, выдзеленыя Узброеным Сілам. Бюджэт не павялічыцца”, — сказаў міністр.