Сёлета Брэстчына стала месцам правядзення заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па двух прадметах. У Брэсце сабраліся лепшыя знаўцы геаграфіі, а ў Кобрын з’ехаліся аматары працоўнага навучання.
Урачыстыя цырымоніі адкрыцця алімпіяднага марафону адбыліся ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці і Дзіцячай школе мастацтваў Кобрына. З прывітальным словам да юных географаў звярнуўся першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук, які пажадаў ім стаць гордасцю сваіх рэгіёнаў. “Алімпіяда — добры спосаб выявіць у сумленнай барацьбе найбольш кемлівых і эрудзіраваных вучняў”, — сказаў Аляксандр Фёдаравіч.
Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі І.Г.Владаўская адзначыла, што інтэлектуальныя спаборніцтвы аб’ядноўваюць самых працавітых і мэтанакіраваных юнакоў і дзяўчат, якія з’яўляюцца элітай школьнай супольнасці краіны. Ірына Генрыхаўна пажадала ўдзельнікам алімпіяды, каб яна стала для іх новым этапам у набыцці навыкаў, развіцці здольнасцей і ўдасканаленні ведаў. І.Г.Владаўская выказала спадзяванне, што юныя інтэлектуалы знойдуць падчас спаборніцтваў не толькі дастойных сапернікаў, але і надзейных сяброў.
— Сучасная геаграфія — гэта комплексная навука, якая займаецца вырашэннем глабальных праблем. Упэўнены, што сённяшнія алімпіяднікі ў перспектыве будуць паспяхова вырашаць задачы па вывучэнні і захаванні Зямлі, — заўважыў старшыня журы па геаграфіі, загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта БДУ, доктар геаграфічных навук, прафесар П.С.Лопух.
Арганізатары алімпіяднага марафону пастараліся зрабіць усё магчымае, каб знаходжанне гасцей на Брэстчыне было па-сапраўднаму цікавым і змястоўным. Для іх былі падрыхтаваны аглядныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Брэста і Кобрына, наведванне Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава, мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і СААТ “Вытворчае прадпрыемства “Палессе”, найбуйнейшага айчыннага вытворцы пластмасавых цацак і вырабаў гаспадарча-бытавога прызначэння.
Інтэлектуальныя спаборніцтвы па геаграфіі праходзілі на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, сярэдняй школы № 15 і гімназіі № 1 Брэста, а па працоўным навучанні — на базе сярэдняй школы № 7 Кобрына і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Алімпіяды па геаграфіі і працоўным навучанні складаліся з трох тураў. Юныя географы выконвалі тэарэтычныя заданні, мультымедыйныя тэсты і распрацоўвалі праекты па выніках палявых работ, а юныя майстры і майстрыхі шукалі адказы на тэарэтычныя пытанні, стваралі комплексныя вырабы, прэзентавалі і абаранялі індывідуальныя праекты.
Імёны пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды стануць вядомымі ўжо заўтра.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.