Пакінуць яркі след на сваёй зямлі

Настаўніца Вялікамалешаў­скай сярэдняй школы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці Герой Сацыялістычнай Працы Надзея Іванаўна Кавалец была добра вядома не толькі ў сваём рэгіёне, але і ва ўсёй краіне. Яна пакінула яркі след на сваёй зямлі, выхавала вялікую коль­касць выпускнікоў, якія да гэтага часу ўспа­мінаюць яе са шчырай удзячнасцю.

Нарадзілася Надзя 3 жніўня 1927 года ў вёсцы Хільчыцы Рычоўскага сельскага Савета Тураў­скага раёна Мазырскай акругі Беларускай ССР (зараз Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці). Рана засталася без бацькі — Івана Аляксеевіча Бялко, старшыні хільчыцкага калгаса “Новы шлях”, арыштаванага па даносе ў студзені 1938 года і расстралянага ў ліпені таго ж года. У 1941 годзе скончыла мясцовую сямігадовую школу.

Калі грымнула Вялікая Айчынная вайна, Надзя разам з сям’ёй засталася на захопленай нацысцкай Германіяй тэрыторыі Тураўскага раёна. У перыяд акупацыі працавала ў бацькоўскай гаспадарцы. Падчас дзвюх карных аперацый у маі 1943-га і сакавіку 1944 гадоў вёска Хільчыцы была цалкам разрабавана і спалена акупантамі.

Пасля вызвалення раёна ад нямецкіх захопнікаў Надзея ўдзельнічала ў аднаўленні мясцовага калгаса. У роднай вёсцы не засталося ніводнага дома, не было ні кароў, ні коней, а сяляне, якія выжылі, туліліся ў зямлянках. Усе работы ў калгасе праводзіліся ўручную, у першыя ўборачную і пасяўную кампаніі ў 1944—1945 гадах людзі аралі на сабе, у іх ліку і Надзея Бялко.

Да вайны Надзя скончыла ўсяго 7 класаў. У восьмы пайшла ў Тураўскую сярэднюю школу. Усе дзеці — пераросткі. Школа перапоўнена, але якія там былі настаўнікі! Што ні выкладчык, то асоба. Дырэктар школы Франц Паўлавіч Лешчанка, учарашні франтавік, даў Надзеі рэкамендацыю для ўступлення ў камсамол, хаця і выдатна ведаў, хто яе бацька. Любімымі для Надзеі былі ўрокі рускай мовы і літаратуры, бо настаўнік Іван Ільіч Ніцэвіч быў вялікім прафесіяналам. Надзя запамінала кожны яго жэст, кожны рух і нават інтанацыі голасу. І не было для Надзеі пакутлівага пытання, кім быць. Канечне ж, настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Скончыўшы двухгадовы Пінскі настаўніцкі інстытут (а потым завочна і Брэсцкі педагагічны інстытут), Надзея Іванаўна ажыццявіла сваю мару.

Па размеркаванні год працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе (цяпер — сярэдняя школа № 1) у Давыд-Гарадку. Школа ў той час была вельмі перагружанай. Адных 5-х класаў тут было восем. Можна валодаць бліскучымі ведамі, але каб ста ць настаўнікам, гэтага мала. Трэба ўмець паднесці сябе вучням. У сялянскай хаце, дзе кватаравалі Надзея Іванаўна і настаўніца гісторыі Тамара Пятроўна Будовіч, ім адвялі чыстую палову. Вечарам запальвалася газавая лямпа, і маладыя настаўніцы садзіліся за стол. Надзея Іванаўна правярала сшыткі. Тамара Пятроўна складала планы сваіх урокаў. Якое ж гэта шчасце — ведаць, што цябе чакаюць дзеці! Дзеці-працаўнікі, аб­дзеленыя радасцямі паўнавартаснага дзяцінства, якія перажылі вайну…

Падручнікаў па літаратуры амаль не было. І Надзея Іванаўна чытала ўрыўкі з мастацкіх твораў, апублікаваных у газеце “Известия”.

Потым Надзею Іванаўну перавялі на работу настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў сямігадовую (пазней сярэднюю) школу ў вёсцы (цяпер аграгарадок) Вялікае Малешава Альгомельскага (з 1954 года — Аздаміцкага, з 1981 года — Вялікамалешаўскага) сельсавета Давыд-Гарадоцкага (з 1961 года — Столінскага) раёна. У гэтай школе яна адбылася як педагог, тут прайшла ўся яе далейшая працоўная дзейнасць.

Мінулі гады. Надзея Іванаўна дасягнула такога майстэрства, што і не вельмі адораныя дзеці разумелі і запаміналі матэрыял, захапляліся яе ўрокамі. За гады работы настаўнікам-славеснікам Надзея Іванаўна дасягнула вельмі добрых вынікаў у педагагічнай дзейнасці. Многа часу ўдзяляла ўдасканаленню прафесійнага майстэрства, працавала над стварэннем сваёй праграмы. Кожны ўрок Надзеі Іванаўны Кавалец вызначаўся навізной зместу, эфектыўнасцю выхаваўчых момантаў, спрыяў адкрытай размове, разважанням, аналізу.

За заслугі ў выхаваўча-педагагічнай дзейнасці яна была ўдастоена звання “Заслужаны настаўнік школы Беларускай ССР”. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1978 года за вялікія заслугі ў справе навучання і камуністычнага выхавання навучэнцаў На­дзеі Іванаўне Кавалец прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і молат”.

У далейшым працавала намеснікам дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Выбіралася дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. У 1987 годзе выйшла на заслужаны адпачынак. Узнагаро­джана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі; адзначана знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”. Заслужаны настаўнік Беларускай ССР, ганаровы грамадзянін Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

“Педагогіка, — лічыла яна, — не правілы дарожнага руху, дзе ўсюды забараняльныя знакі. Трэба ўсімі сіламі змагацца са стандартамі і стэрэатыпамі. Трэба шу­каць і больш чым жыццё любіць сваю справу”. Гэта стала яе педагагічным крэда.

Герой Сацыялістычнай Працы Надзея Іванаўна Кавалец пайшла з жыцця 1 лютага 2020 года. Вечная памяць вам, НАСТАЎНІК!

Фота з сайта газеты “Навіны Палесся”.