Пакуль іншыя школы думаюць пра другі элемент школьнай формы, у гімназіі № 1 Горак аб гэтым даўно паклапаціліся

- 9:40Главная

Звыш дванаццаці гадоў у гімназіі № 1 Горак практыкуюць аднастайнасць у адзенні навучэнцаў. Педагагічны калектыў перакананы: школьная форма прывучае дзяцей да парадку, дысцыпліны, згладжвае сацыяльную няроўнасць і падтрымлівае імідж установы адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Агульны адметны элемент у адзенні гімназістаў з’явіўся ў 2010 годзе. Ідэя ўзнікла на пасяджэнні бацькоў­скага камітэта, навучэнцы яе падтрымалі. Так у гардэробе вучняў з’явіліся аднолькавыя шэрыя камізэлькі з нашыўкай-шаўронам, на якой была адлюстравана эмблема нашай навучальнай установы. Дарэчы, распрацавалі выяву непасрэдна самі дзеці, — паведаміў дырэктар Сяргей Пруднікаў.

Паводле яго слоў, увядзенне формы вырашыла многія надзённыя пытанні. Бацькі адразу пазбавіліся адвечнай праблемы: у што апрануць дзіця? Акрамя таго, форма дазволіла забяспечыць пэўную сацыяльную роўнасць. А яшчэ ўзмацніла дысцып­ліну і адказнасць сярод навучэнцаў. Выразныя правілы ў адзенні дапамагаюць навучэнцам лягчэй настройвацца на вучобу.

Летась, калі адзіны элемент у адзенні школьнікаў уводзіўся па ўсёй краіне, у 1-й горацкай гімназіі таксама захацелі ўдасканаліць сваю форму. Але сутыкнуліся з праблемай.

Думалі зноў закупіць для ўсіх навучэнцаў камізэлькі з касцюмнай тканіны, але многія швейныя прадпрыемствы такія не вырабляюць або прапануюць па занадта высокім кош­це. З гэтай прычыны мы спынілі свой выбар на трыкатажных камізэльках, на якіх па-ранейшаму красуецца нашыўка з эмблемай гімназіі. Заказ аформілі на ААТ “Палессе”. Прадстаўнікі таварыства выехалі з поўнай лінейкай размернага рада да нас ва ўстанову. Бацькі разам з дзецьмі на месцы прымяралі камізэльку і афармлялі пакупку, — расказаў Сяргей Іванавіч.

У дадатак да трыкатажных камізэлек гімназісты зараз носяць штаны ці спадніцы цёмнага колеру. Таксама ў вучняў ёсць значкі з эмблемай установы. Новай формай поўнасцю задаволены і дзеці, і бацькі. Што нядзіўна: адзенне не толькі зручнае і камфортнае, але і стыльнае і прыгожае.

Аднак самае галоўнае тое, што аднолькавая форма фарміруе ў вучняў пачуццё адзінства, прыналежнасці да нашай гімназіі. Навучэнцы носяць форму з задавальненнем і гордасцю, — адзначыў Сяргей Пруднікаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі