Пакуль ёсць “Берагіня” – традыцыя не загіне!

- 14:37Апошнія запісы, Культура, Рознае

19—22 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці прайшоў VIII Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Арганізатарамі гэтага ўнікальнага фальклорнага форуму, які мае неафіцыйную назву “Эксклюзіў у цэнтры Еўропы”, выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт, Гомельскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама і Беларускі фонд культуры.

Як і ў мінулыя гады, VIII Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” парадаваў такімі традыцыйнымі сваімі фішкамі, як Рэспубліканскі конкурс пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў і Рэспубліканскі турнір дзіцячых фальклорных калектываў у розных намінацыях, разнастайныя майстар-класы і творчыя майстэрні з удзелам экспертаў фестывалю і кіраўнікоў фальклорных калектываў, народнае свята “Рудабельскае Купалле” з пляценнем вяночкаў і купальскім карагодам, прэзентацыі аўтэнтычных гуртоў, рамесніцкія кірмашы, відовішча-шэсце ўдзельнікаў фестывалю і інш. Сёлетняя “Берагіня” ў дадатак праходзіла пад знакам круглай лічбы “20” — менавіта столькі гадоў мінула з часу зараджэння вытокаў фестывальнага руху да яго сённяшняга стану.

22 чэрвеня ў Цэнтры вольнага часу Акцябрскага адбыўся круглы стол “Фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” — 20-гадовы шлях”, які сабраў зацікаўленых навукоўцаў з Беларусі і Расіі (у тым ліку 2 дактароў навук, 3 прафесараў, 6 кандыдатаў навук), членаў рэспубліканскага аргкамітэта і дырэкцыі фестывалю, экспертаў форуму, супрацоўнікаў Акцябрскага райвыканкама, спецыялістаў абласных і раённых метадычных цэнтраў культуры (дамоў народнай творчасці), устаноў культуры, кіраўнікоў фальклорных калектываў і прадстаўнікоў СМІ. Атрымалася зацікаўленая дыскусія нераўнадушных людзей — і тых, якія за гады душой прыкіпелі да “Берагіні”, і тых, хто трапіў на фестываль упершыню і адразу ж атрымаў ад яго незабыўнае ўражанне.

Удзельнікі круглага стала выказвалі ўдзячнасць кіраўніцтву Акцябрскага раёна і кіраўнікам мясцовых калектываў, нязменнаму навуковаму і мастацкаму кіраўніку праекта Міколу Козенку і яго паплечнікам за нястомную руплівасць на працягу гадоў, вернасць ідэі ладзіць такі форум і проста чалавечую прыстойнасць ды грамадзянскую адказнасць. Прадстаўнікі абласных і раённых метадычных цэнтраў культуры гаварылі пра набыткі і перспектывы далейшага фестывальнага руху ў рэгіёнах. Выказваліся прапановы адносна магчымасцей пашырэння размаху фестывалю, актывізацыі яго рэкламы ў сродках масавай інфармацыі, пэўных змяненняў фармату правядзення форуму, напрыклад, за кошт такой навацыі, як палатачны лагер.
Адзін з пачэсных гасцей сёлетняй “Берагіні” — вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Расійскага Цэнтра рускага фальклору, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужаны работнік культуры Расіі Аляксей Шылін — акдрыта падзяліўся сваім уражаннем: “Фестываль “Берагіня” набліжаецца да ідэальнага фестывалю фальклору. Арганізацыя проста ўражвае, усё тут вельмі дакладна, зычліва і зручна ва ўсіх адносінах”. Ён жа, праўда, выказаў пэўнае неўразуменне ад таго, што, калі збіраўся на форум у Акцябрскі і залез у інтэрнэт, каб больш даведацца пра “Берагіню”, не знайшоў там асобнага фестывальнага сайта, а ўжо ў самім Акцябрскім не ўбачыў прафесійнай відэафіксацыі падзей. “Гэта вам проста неабходна! Бачу, што вопыт “Берагіні” ўнікальны, што гэта выбітная з’ява культуры. Тым больш, наколькі зразумеў, канцэпцыя вашага фестывалю мае на ўвазе не толькі танцавальную і песенную творчасць у заключныя дні. Гэта ж вялікая работа па захаванні і перайманні традыцыйнага мастацтва, якая доўжыцца ўсе два гады ад аднаго фіналу да другога”, — не мог зразумець празмернай сціпласці і неганарлівасці беларусаў маскоўскі прафесар.

Прагучала і яшчэ адна ў пэўным сэнсе крытычная рэмарка ад загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дацэнта, доктара філалагічных навук (а на “Берагіні” — кіраўніка групы экспертаў па народнай прозе) Таццяны Валодзінай: “Безумоўна, як і заўсёды, мы ўбачылі на сёлетнім фестывалі суквецце мясцовых танцаў, строяў, песенных матываў і г.д. Але даводзіцца канстатаваць, што з кожным фестывалем усё больш і больш звужаецца магчымасць пачуць тут мясцовыя гаворкі. На мой погляд, патрабаванне захоўваць дыялект таксама мусіць быць абавязковым. Трэба пераламаць стэрэатып, маўляў, мясцовая гаворка — гэта калгас. Гэта не калгас. Валодаць дыялектам — гэта такое ж уменне, як і ўменне танцаваць бабулін танец…”
Па выніках круглага стала была прынята рэзалюцыя, накіраваная на аптымізацыю працэсу далучэння моладзі да культурнай спадчыны Бацькаўшчыны.
Кампанія пераможцаў і лаўрэатаў VIII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, вызначаных радай экспертаў, была надзвычай шырокай. Назавём тут, зыходзячы з магчымасцей газеты, толькі ўладальнікаў першых месцаў на конкурсных спаборніцтвах і пераможцаў у асобных кірунках.
На VI Рэспубліканскім турніры фальклорных калектываў дыплом I ступені атрымаў узорны фальклорны ансамбль “Цярэшкавы шчодрыкі” Рассветаўскага культурна-спартыўнага цэнтра (Акцябрскі раён, Гомельская вобласць), мастацкі кіраўнік — Святлана Мікалаеўна Галавачэнка.
На XII Рэспубліканскім конкурсе танцавальных пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў дыпломы І ступені атрымалі наступныя ўдзельнікі:
5-6 класы: Ілья Дайнека, Валерыя Ляпко (узорны фальклорны ансамбль “Праменьчыкі”, Дзіцячая школа мастацтваў г.п.Акцябрскі, кіраўнік — Ірына Валянцінаўна Семілет).
7-8 класы: Міхаіл Астаповіч, Настасся Байкова (узорны фальклорны ансамбль “Лянок”, Пратасевіцкая дзіцячая школа мастацтваў Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, кіраўнік — Наталля Анатольеўна Еўдакімовіч).

Моладзь: Мікіта Жулега, Кацярына Ліхашапка (узорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі”, Акцябрскі цэнтр вольнага часу, кіраўнік — Вольга Гаўрылаўна Дульская).
Носьбіты: Васіль Адаміч, Галіна Вабішчэвіч (фальклорны гурт “Лявоніха” Капаткевіцкага гарадскога дома культуры Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, кіраўнік — Ядвіга Іванаўна Суботка).
У аглядзе-прэзентацыі мастацкіх праграм калектываў — гасцей фестывалю дыпломы “За захаванне этнамузычнай спадчыны беларусаў” узнагароджаны: фальклорны ансамбль “Талака” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (мастацкі кіраўнік — Вячаслаў Калацэй), фальклорныя ансамблі “Страла” і “Вяснянка” БДУКіМ (мастацкі кіраўнік — Эвеліна Шчадрына), фальклорны ансамбль “Этна-суполка” БДУКіМ (мастацкі кіраўнік — Таццяна Пладунова), музычны праект “Ягорава Гара” з Гомеля (мастацкі кіраўнік — Ірына Глушэц), фальклорны гурт GUDA з Мінска (мастацкі кіраўнік — Вікторыя Міхно), узорны фальклорны ансамбль “Праменьчыкі” Дзіцячай школы мастацтваў г.п.Акцябрскі” (мастацкі кіраўнік — Ірына Семілет), узорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” Акцябрскага цэнтра вольнага часу (мастацкі кіраўнік — Вольга Дульская).

Дыпломы “За захаванне рэгіянальнай этнаграфічнай музычнай спадчыны” атрымалі народны фальклорны калектыў “Крыніца” Янкавіцкага сельскага дома культуры Расонскага раёна Віцебскай вобласці (кіраўнік — Надзея Канстанцінаўна Кавалёва), народны фальклорны ансамбль “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці (кіраўнік — Ганна Мікалаеўна Бурак), аўтэнтычны гурт “Купалінка” Пратасаўскага сельскага дома народнай творчасці Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці (кіраўнік — Святлана Міхайлаўна Катлярова), аўтэнтычны гурт “Перазвоны” Цэнтра культурна-адпачынкавай дзейнасці Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці (кіраўнік — Алена Ігнатаўна Агейчык), народны ансамбль “Хаціславяне” Хаціслаўскага сельскага дома культуры Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці (кіраўнік — Галіна Іванаўна Хомік), народны фальклорны калектыў “Паршынскія зоры” Паршынскага цэнтра культуры Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці (кіраўнік — Любава Васільеўна Уладыка), народны аўтэнтычны фальклорны калектыў “Набіліцы” Баранаўскага сельскага клуба Старадарожскага раёна Мінскай вобласці (кіраўнік — Вольга Рыгораўна Мемус).

…А я тым часам меў нефармальную гутарку на фестывалі з кіраўніком легендарных “Рудабельскіх зорачак” Вольгай Гаўрылаўнай Дульскай (яе імя фігуравала ў пераліку пераможцаў).
Для даведкі: дзіцячы ансамбль “Рудабельскія зорачкі” быў створаны ў 1995 годзе і фактычна стаяў ля самых вытокаў “Берагіні”. У 2005 годзе яму прысвоена званне “ўзорны мастацкі калектыў”. Аснову яго складаюць вучні 6—11 класаў. Духоўным цэнтрам ансамбля з’яўляецца Варвара Данілаўна Верас — знаўца традыцыйнай культуры. У склад ансамбля ўваходзіць інструментальная група “Брачынскія музыкі” (Брачын — гэта адзін з гістарычных раёнаў Акцябрскага), удзельнікі якой акампаніруюць калектыву і выступаюць сольна. У аснове дзейнасці ансамбля — краязнаўчая работа, сустрэчы з носьбітамі, падчас якіх дзеці пераймаюць рэгіянальныя аўтэнтычныя песні “з голасу”, танцы — “з нагі”, музыку — “па слыху”. У фальклорных экспедыцыях дзеці вывучаюць абрады, танцавальны этыкет, касцюмы. У рэпертуары ансамбля — абрадавыя і пазаабрадавыя песні, гульні, найгрышы, узоры народнай харэаграфіі. “Рудабельскія зорачкі” прызнаны лепшым дзіцячым калектывам на фестывалі “Берагіня” і адзначаны граматай ЮНЕСКА. Ансамбль — удзельнік рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў, міжнародных фальклорных конкурсаў, канцэртаў, фестываляў, якія праходзілі ў Беларусі, Украіне, Расіі, Германіі.
Але што тыя даведкі! Якія ж яны прыгожыя, шляхетныя ў паставах, ва ўсмешках, у манеры размаўляць — і сама Вольга Гаўрылаўна Дульская, якую на “Берагіні” часта называюць не інакш як пані Вольга за яе шляхетнасць, і яе маленькія ды юныя “паненкі” і “панічы” з “Рудабельскіх зорачак”! І адкуль гэтая іх годнасць?

У самой Вольгі Гаўрылаўны Дульскай — ад бацькоў-настаўнікаў (а бацька да таго ж быў гарманістам), з дзяцінства на Веткаўшчыне, сагрэтага прыгожымі народнымі спевамі і танцамі. “Акунешся ў дзяцінства — і нейкая такая асалода агортвае тваю душу”.
У яе выхаванцаў — ад самой Вольгі Гаўрылаўны Дульскай, а яшчэ ад адчування, што яны займаюцца цікавай і годнай справай. “Ведаеце, дзеці пранікаюцца сваімі каранямі, гэтай вось нашай традыцыйнай культурай. А яна ў сваю чаргу, сапраўды, робіць з іх знешне і ўнутрана прыгожых людзей. Традыцыйная культура насамрэч мае вялікае выхаваўчае значэнне. Любіць адно, а паводзіць сябе па-іншаму проста немагчыма”.
А якое дачыненне да ўсяго гэтага мае фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”? “Ён стаў нашым жыццём, нашым хлебам і соллю, — прызнаецца Вольга Гаўрылаўна Дульская. — Для нас гэта самае прыгожае свята, якое дае натхненне, радасць, стымул для таго, каб рабіць толькі добрыя справы… Тут такая энергетыка — проста неяк мяняецца нават псіхалогія: мы настолькі тут акрыляемся, што нам здаецца, што мы здольныя на ўсё, што ўсё ў нас будзе заўсёды добра”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.