“Палата рамёстваў”

- 18:42Выхаванне, Краязнаўства

Найбольш цікава даведвацца пра гісторыю роднага краю з вуснаў чалавека, які жыве побач, чым прачытаць пра гэта ў інтэрнэце. Ідэя праекта “Палата рамёстваў” у Тураўскім цэнтры творчасці ўзнікла невыпадкова. На працягу года навучэнцы дэкаратыўна­-прыкладных гурткоў успаміналі, што многія іх сваякі любілі шыць і вышываць.

Мы вызначылі ў сваім краязнаўчым праекце некалькі кірункаў: майстэрні гісторыі народнага мастацтва з рэканструкцыяй, творчыя майстэрні, лекторый, экскурсіі і экспедыцыі, трансляцыі паспяховага вопыту. Для нас важна стварыць унікальны адукацыйны прадукт, які ўключае ў сябе вучэбна-метадычны комплекс, камплект мультымедыйных дакументаў і ілюстрацыйны дыдактычны матэрыял па народных мастацкіх промыслах, рамёствах. Асноўная работа вядзецца па стварэнні каталога майстроў Тураўшчыны “Скрыня майстроў”.

Гурткоўцы адзначылі, што найбольш распаўсюджаным відам мясцовых вырабаў, нягледзячы на карпатлівасць працы, з’яўляецца вышыўка. Яна застаецца папулярнай і сёння. Выдатныя ўзоры можна ўбачыць у Тураўскім краязнаўчым музеі. Там мы з вучнямі разглядалі гарнітуры, фартухі, кашулі і традыцыйныя для Тураўшчыны жаночыя парчовыя паясы — галёны.

Дарэчы, вышыўкай на Палессі ўпрыгожвалі адзенне, абутак, конную збрую, жыллё, прадметы побыту. Для мясцовай вышыўкі характэрны матывы геаметрычнага, расліннага і жывёльнага арнаментаў, з якімі заўсёды было звязана жыццё сельскага жыхара. 

Цікава, што вышыўка крыжыкам на кашулях была засцярогам і размяшчалася на месцах судакранання цела чалавека з навакольным светам (па каўняры, рукавах, падоле). У вышыўцы крыжом ручнікоў знайшлі сваё адлюстраванне ўяўленні лю­дзей, звязаныя з культам урадлівасці і культам продкаў. 

Кожны ўзор вышываўся пэўным колерам — знакам. Знакі вады, зямлі, неба, агню заўсёды засцерагалі палешука ад прыродных няшчасцяў і дрэннага вока. Вышытыя салярныя знакі — зорныя разеткі нагадвалі сонца, а паміж імі размешчаны выявы трохрогіх жывёл. Прысутнасць у вышытай кампазіцыі рагатага тура надавала ёй вялікую ахоўную сілу. Работы выконваліся залацістай мішурой і ваўнянымі ніткамі чырвонага колеру. Выкарыстанне чыр­вонага і зялёнага колераў у спалучэнні з залатым можна знайсці ў юр’еўскім (тураўскім) абрадзе “Карагод”, які захаваўся на Тураўшчыне да нашых дзён у аўтэнтычнай вёсцы Пагост.

— Наперадзе працэсіі, якая выконвае рытуальны абход палёў, разам з абрадавым хлебам, які таксама завецца “карагод”, нясуць харугву, вырабленую з жаночага фартуха, прывязанага да грабель, — расказала арганізатар абраду ўраджэнка вёскі Пагост Кацярына Панчэня. — Пры гэтым ­удзельнікі абраду ў поле ідуць моўчкі, з прывязаным да грабель зялёным фартухом, а ў вёску вяртаюцца шумна і весела, з высока паднятым на граблях фартухом чырвонага колеру. Гэтым паказваюць сваю радасць, звязаную з “уваскрашэннем” зямлі пасля доўгага і халоднага зімовага спакою, абуджэннем яе да новага жыцця, да гатоўнасці даць новы ўраджай.

Мы даведаліся, што ў вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна вышыўкай цяпер займаюцца толькі тры жанчыны. Адну з іх мы наведалі. Ніна Міхайлаўна Кацэвіч вельмі даўно захапляецца вышыўкай крыжом, гладдзю і бісерам:

— Спачатку я глядзела, як вышыва­юць старэйшыя: бабуля, суседкі. Сама паспрабавала ў пачатковых класах. На ўроках працы нас вучылі вышываць, і мне спадабалася гэтым займацца. Тады было цяжка знайсці матэрыялы. У сяло прыязджаў клачанік з возам нітак і іншых матэрыялаў. А клачанікам зваўся з-за таго, што збіраў адходы лёну. Цяпер жа лёгка знайсці ўсё неабходнае. Ёсць ча­сопісы, дзе можна паглядзець новыя ідэі, гатовыя схемы. Раней усе малюнкі мы рабілі самі, прасілі сябровак, у якіх лепш атрымлівалася. Калі я выходзіла замуж, у мяне былі вышытыя карціны і ручнікі, я лічылася багатай нявестай. Потым, праўда, работа, дзеці, сям’я забіралі шмат сіл — часу для вышыўкі не заставалася. Калі пайшла на пенсію, стала зноў займацца любімай справай.

Дзеці падрабязна распытвалі майстрыху пра тое, якая тэхніка любімая, колькі часу ідзе на выраб, чым натхняецца Ніна Міхайлаўна.

— Многія ідэі бяру з прыроды майго Палесся, — адказала яна. — Натхня­юць лясы, рэкі, балоты. Дапамагаюць і старадаўнія песні — яны так і льюць кветкамі. Таксама звяртаюся да гатовых схем. Свае работы не прадаю — толькі дару. Я вышыла каля 360 вырабаў. Цяпер у маёй хаце больш як шэсцьдзясят. Яшчэ ў кожнай з дочак каля 30 карцін. Калі прыязджаюць сваякі і ім падабаецца якая-небудзь карціна, я з радасцю яе дару. Некалькі гадоў назад маімі работамі зацікавіліся турысты са Стакгольма, якія прапанавалі выставіць карціны ў Музеі народнай творчасці Швецыі. Так мае работы трапілі ў далёкую паўночную краіну.

Наша суразмоўніца лічыць, што кожная дзяўчынка павінна ўмець вышываць:

Кожны ўзор вышываўся пэўным колерам — знакам. Знакі вады, зямлі, неба, агню заўсёды засцерагалі палешука ад прыродных няшчасцяў і дрэннага вока.

— І ніткамі, і бісерам вышываць няцяжка. Але для пачатку тым, хто сапраўды зацікавіўся вышыўкай, раю купіць невялікую схему, каб зразумець — ваша гэта справа ці не.

Вяртаючыся дадому, дзеці яшчэ доўга і захоплена абмяркоўвалі нашу экспедыцыю, знаёмства з майстрыхай, усе дэталі вышыўкі, цікавыя сюжэты, дамаўляліся, дзе будуць набываць матэрыял.

Алена ПАКЛОНСКАЯ,
дырэктар і педагог дадатковай адукацыі Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.