Палескі скарб

- 20:12Родная земля

Маляўнічая прырода, багатая гісторыя, працавітыя людзі, смачныя клубніцы і, канечне, велічны гранітны кар’ер… Усё гэта Лунінеччына — сапраўдная жамчужына Палесся.

Атмасферны куточак

Які паляшук хоць раз у жыцці не любаваўся краявідамі Лунінецкага краю, асабліва, калі ты жывеш у адным з суседніх раёнаў? Трэба дабрацца з Пінска ў Жыткавічы — абавязкова будзеш праязджаць праз Лунінеччыну. Збіраешся па справах са Століна ў Ганцавічы — таксама не абмінеш гэты край. А чыгуначная станцыя Лунінец стала роднай для многіх пакаленняў студэнтаў, якія накіроўваліся на вучобу ў Брэст, Баранавічы, Мінск, Гомель з аддаленых куточкаў Палесся.

На лунінецкім вакзале бывалі сотні тысяч людзей. Але ці ў многіх узнікала думка прагуляцца па вуліцах горада, а не толькі па пероне? Калі да цягніка ёсць час, чаму б ні прайсціся, напрыклад, па Гагарына, што знаходзіцца літаральна за 100 метраў ад будынка чыгуначнага вакзала. Гэта атмасферны, як цяпер модна гаварыць, куточак даваеннага Лунінца, дзе захаваліся будынкі, узведзеныя ў першай палове ХХ стагоддзя.

Гагарына неаднойчы мяняла сваю назву. Была і Царкоўнай, і Сацыялістычнай, і Пралетарскай. Але, якое б імя ні насіла вуліца, яна ва ўсе часы заставалася любімым куточкам у лунінчан. Старажылы і цяпер памятаюць яе даваенны выгляд. Самыя яркія ўспаміны звязаны з аптэкай. Людзі ўзгадва­юць, што на шкляных дзвярах быў замацаваны званочак, які паведамляў гаспадарам або правізару пра наведвальніка. У вокнах выстаўляліся вялікія шкляныя шары, напоўненыя сумессю гліцэрыны з невядомай простым палешукам каляровай вадкасцю. Часам гэтыя шары падсвечваліся электралямпамі, што надавала ім таямнічасці, містычнасці. Асаблівай гордасцю гаспадара аптэкі быў замежны касавы апарат. На той час у горадзе іх было ўсяго некалькі штук. Унутры будынка прадавалі “парашкі”, а звонку фасад служыў экранам для паказу фільмаў. Пагля­дзець кіно на павозках прыязджалі нават жыхары навакольных вёсак.

— Галоўнай адметнасцю дамоў на гэтай вуліцы былі каваныя металічныя балконы з адмысловымі ўзорамі, — расказвае настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Лунінца Дзіяна Раманаўна Сла­дзінская. — На жаль, сёння такіх балконаў засталіся адзінкі. Вуліца была брукаванай і заўсёды чыстай. Акрамя аптэкі, тут знаходзіўся каўбасны цэх, дзе, як сцвярджаюць некаторыя старажылы, выраблялі аж 33 віды каўбасы. У гаспадара самага вялікага дома на гэтай вуліцы былі дзве дачкі і ён купіў ім ­раяль. Калі дзяўчаты ігралі, то гукі мелодыі разляталіся па ўсёй вуліцы, і людзі спецыяльна прыхо­дзілі сюды, каб паслухаць чароўную музыку. Потым у гэтым будынку размясцілася друкарня. А яшчэ ў падвале аптэкі была кандытарская, дзе выпякалі булачкі, таму на вуліцы часта стаяў прыемны пах.

Родная другая

Мінулае горада і яго вуліц — гэта толькі адзін з напрамкаў края­знаўчай работы Дзіяны Раманаўны. Разам з вучнямі яна даследуе і гісторыю школы, і лёс настаўнікаў, і этнаграфію, і экалагічны стан роднага краю. У школьным навуковым таварыстве навучэнцаў пяць секцый, адна з якіх прысвечана края­знаўству. Кожны год удзельнікі гуртка “Мой край” ствараюць як мінімум адну даследчую работу. У самай першай — “Некропаль — гэта месца памяці” — юныя края­знаўцы апісалі ўсе пахаванні ў горадзе. Далей былі “Гісторыя Лунінца ў помніках і мемарыяльных знаках”, “Гісторыя школы”, “Гісторыя Лунінеччыны ў архітэктурных помніках і знаходках”. Любімай тэмай для Дзіяны Раманаўны з’яўляецца гісторыя школы.

З асаблівай любоўю яна расказвала пра сваіх старэйшых калег. Менавіта ў іх пераняла многія прафесійныя рысы, вопыт. Але самае галоўнае — любоў да роднага краю, школы і прафесіі. “Я прыйшла сюды яшчэ зусім маладой настаўніцай, а тут працавалі такія вопытныя педагогі, вядомыя ва ўсёй краіне, — дзеліцца Дзіяна Раманаўна. — Я хацела быць другой Любоўю Іосіфаўнай Сіманавай, настаўніцай гісторыі. Я глядзела на настаўніц рускай мовы і літаратуры Валянціну Іванаўну Некрашэвіч і Валянціну Рыгораўну Яначкіну, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ніну Антонаўну Карапузаву з захапленнем і гордасцю. Іх інтэлігентнасць праяўлялася ва ўсім: як былі апрануты, як заходзілі ў клас, як праходзілі сярод радоў вучняў, як віталіся з дзецьмі і нават як размаўлялі з бацькамі.

Вольга Ільінічна Біруковіч была адзіная ў раёне ўзнагаро­джана ордэнам Леніна. Сённяшнія настаўнікі Іван Альфрэдавіч Трыгубаў і Фёдар Сцяпанавіч Вярэніч атрымалі званне “Выдатнік адукацыі”, а І.А.Трыгубаў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Ларыса Уладзіміраўна Пераверзева — дачка праваслаўнага святара Ула­дзіміра Талюша, прылічанага да ліку святых. Выпускнікі і цяпер узгадваюць яе як добразычлівую жанчыну. Успамінаем часта і Зою Сямёнаўну Разанаву, якая ў 1947 годзе прыехала працаваць да нас з Масквы. Ведаеце, ёсць настаўнікі, якія вядомы ўсяму гораду, і старэйшаму, і сярэдняму пакаленню. Зоя Сямёнаўна сярод такіх. Гаворачы пра яе, выпускнікі адзначаюць, што калі першы раз зайшла ў клас, сказала: “Добры дзень, я з Масквы”. Па тым часе гэта было ўсё роўна, што сказаць: “Я з космасу”. Яна была арганізатарам усіх працоўных спраў, патрыятычнага выхавання. Калі працавала завучам, то наша школа гучала на ўвесь раён.

Сярэдняя школа № 2 Лунінца і цяпер гучыць на ўвесь раён і вобласць. Настаўнікі і вучні рэгулярна становяцца пераможцамі розных конкурсаў, алімпіяд. Дарэчы, за 78 гадоў сярод яе выпускнікоў 75 залатых і 104 сярэбраныя медалісты. І ўсё ж самым галоўным крытэрыем паспяховасці гэтай установы адукацыі з’яўляюцца не медалі і дыпломы, а тая ўтульная атмасфера, якую стваралі многія пакаленні настаўнікаў і якую падтрымліва­юць сённяшнія педагогі пад кіраўніцтвам дырэктара Мікалая Яфімавіча Гарадкаўца. Невыпадкова ад юных краязнаўцаў пачуў такія словы: “Я ніколі б не перайшоў вучыцца ў іншую школу, я люблю сваю родную другую”.

А яшчэ ад юных даследчыкаў роднага краю пачуў шмат цікавага пра Палессе, у тым ліку і абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця рэгіёна. Так, вучань 8 класа Іван Рафаловіч разам з Дзіянай Раманаўнай паспрабавалі разабрацца ў плюсах і мінусах меліярацыі. Аб актуальнасці праведзенага даследавання сведчыць назва работы: “За — супраць: меліярацыя Палесся на прыкладзе Лунінецкага раёна”. У якасці крыніц інфармацыі Іван выкарыстоўваў архіўныя даныя, фотаматэрыялы, навуковыя артыкулы. Хлопец прасачаў перыяды меліярацыі пачынаючы з 40-х гадоў ХІХ стагоддзя і заканчваючы нашым часам.

Калі завітаеце на Лунінеччыну:

  • наведайце з экскурсіяй прадпрыемства “Граніт”;
  • пакаштуйце смачныя ягады ў клубнічнай сталіцы Беларусі вёсцы Дварэц;
  • палюбуйцеся старадаўнімі драўлянымі храмамі, у першую чаргу ў Кажан-Гарадку;
  • прагуляйцеся па вуліцы Гагарына ў Лунінцы;
  • пабывайце ў школьных музеях;
  • адпачніце з палаткамі на беразе Прыпяці, Лані або Цны;
  • паслухайце цікавы аповед мясцовых краязнаўцаў.

— Тэму для свайго даследавання я выбраў невыпадкова, — расказвае Іван Рафаловіч. — Мы жывём на Палессі. А з нядаўніх часоў яго аблічча карэнным чынам змяніла меліярацыя. Яна раскрыла яго багацці, палепшыла жыццё насельніцтва. Аднак часта можна пачуць, што асушэнне балот Палескага краю было немэтазгодным і адмоўна паўплывала на экалогію. Сапраўды, некаторыя тарфянікі з-за дэградацыі сістэмы двухбаковага рэгулявання ўвесь час аказваюцца ў засушлівым стане; асушаныя тарфянікі лёгка падвяргаюцца ўздзеянню ветравой і воднай эрозіі; у засушлівыя гады ўзрастае пагроза пажараў; знікае вільгацелюбівая расліннасць; нізкая якасць асушальнай меліярацыі можа прывесці да другаснага забалочвання глебы. Аднак вывучыўшы літаратуру, я выказаў меркаванне, што меліярацыя Беларускага Палесся мае і станоўчае значэнне. Дзякуючы ёй, палепшыліся ўмовы жыцця ў рэгіёне, павялічылася плошча ворных зямель, павысілася іх урадлівасць, узрасла колькасць сельскага насельніцтва.

У канцы вучань адзначыў, што сёння распрацаваны праграмы, якія рэгламентуюць рацыянальнае прыродакарыстанне і садзейнічаюць ахове Беларускага Палесся дзеля захавання яго гістарычнай, культурнай і прыроднай спадчыны. На захаванне гэтай спадчыны якраз і накіраваны работы ўдзельнікаў секцыі края­знаўства.

Гранітная казка

Словы пра маляўнічую прыроду, багатую гістарычную і культурную спадчыну будуць справядлівымі ў дачыненні да кожнага раёна Беларускага Палесся. І толькі пра Лунінеччыну можна сказаць, што тут знаходзіцца адзін з самых глыбокіх у Еўропе кар’ераў на месцы радовішча будаўнічага каменю. А прадпрыемства “Граніт” — не толькі флагман айчыннай прамысловасці, але і сапраўдны цэнтр прафарыентацыйнай работы, у першую чаргу з навучэнцамі Мікашэвіч. І сярэдняя школа № 1, і сярэдняя школа № 2, і гімназія імя У.І.Нядзведскага рэгулярна наведваюцца сюды з экскурсіямі. Разам з педагогамі і вучнямі 2-й мікашэвіцкай школы мы таксама пабываем на тэрыторыі прадпрыемства: на паўднёвай агляднай пляцоўцы і ў музеі.

Для пачатку некалькі парад: трапіць на “Граніт” могуць не толькі школьнікі. Можна загадзя запісацца па тэлефонах, размешчаных на сайце, а можна прыехаць сюды на Дзень будаўніка, які адзначаецца ў другую нядзелю жніўня і супадае з днём горада ў Мікашэвічах. У гэты дзень на тэрыторыю прадпрыемства спецыяльныя аўтобусы прывозяць усіх жадаючых.

На працягу 49 гадоў рабочыя з многіх куточкаў краіны ўкладвалі сюды сваю сілу, здароўе, веды і ўменні. І цяпер кар’ер уяўляе сабой адкрытую горную вырабатку, адну з найбуйнейшых у Еўропе. Глыбіня кар’ера 150 м, што на 20 м ніжэй узроўню дна Балтыйскага мора. Агульная плошча радовішча 377 га. Зверху кар’ер уяўляе сабой прамавугольнік даўжынёй з поўначы на поўдзень 2 км, з захаду на ўсход 3 км. Кар’ер складаецца з 11 уступаў па 12 метраў. 2,5 тысячы гадоў назад тут было мора (пра якое, відаць, пісаў яшчэ Герадот), таму невыпадкова падчас распрацовак знаходзяць зубы рыб, кавалкі бурштыну, астанкі першабытных жывёл (хазарскага слана, шарсцістага насарога, даўганогага бізона і інш).

Як адбываецца распрацоўка горнай пароды? Першымі да работы ў кар’еры прыступаюць маркшэйдары. З дапамогай спадарожнікавых прыбораў яны расчэрчваюць сетку, па якой потым працуюць буравыя станкі. Яны ствараюць у паро­дзе свідравіну дыяметрам 21,5 см і глыбінёй да 20 м. У пятніцу раз на тыдзень праводзіцца ўзрыў, у выніку чаго карысныя выкапні ператвараюцца ў развалы горнай масы. Потым да гэтых развалаў пад’язджаюць экскаватары і пачынаюць сваю работу. З гэтай масы яны выбіраюць камяні, якія не трапляюць у драбілкі. Узарваную масу гру­зяць у Бел­АЗы. Сёння працуе 39 такіх машын. За змену яны могуць зрабіць ад 15 да 25 рэйсаў. У прыёмным бункеры маса праходзіць чатыры стадыі драблення і ператвараецца ў 63 віды прадукцыі. Ёсць шчэбень просты, шчэбень кубападобны, шчэбенева-пясчаныя сумесі — усё, што патрэбна ў будаўніцтве.

Адметнасць мікашэвіцкага кар’ера — унікальныя вадаспады грунтавых вод. Да гэтых вадаспадаў, дарэчы, можна заказаць спецыяльную экскурсію. Цікавы факт: калі не адпампоўваць грунтавыя воды, то за 20 гадоў кар’ер ператворыцца ў самае глыбокае ў Еўропе возера.

Экскурсія школьнікаў на мікашэвіцкі “Граніт” — выдатны прыклад прамысловага турызму і прафарыентацыйнай работы. Такая экскурсія можа быць цудоўным дадаткам да сустрэч у рамках праекта “ШАГ”, якія праходзяць пад тэмай “Гордасць за Беларусь”.

Як паведаміла спецыяліст па музейных фондах РУВП “Граніт” Ніна Кіндрук, на працягу года прадпрыемства наведваюць каля 2,5 тысячы людзей, з іх каля 60 працэнтаў — гэта дзеці да 16 гадоў. Асаб­ліва напружаным для экскурсаводаў з’яўляецца перыяд канікул. Усе экскурсіі прафарыентацыйныя, падчас якіх вучні знаёмяцца не толькі з гісторыяй прадпрыемства, асаблівасцямі здабычы і пераапрацоўкі будаўнічага каменю, але і прыкладна са 100 прафесіямі, прадстаўнікі якіх працуюць на “Граніце”.

І яшчэ адзін цікавы факт: на кар’еры часта здымаюць фільмы, у тым ліку на афганскую тэматыку. На кадрах са знакамітых “Маёр Ветраў”, “Чорны сабака”, “Гаспадыня меднай гары” можна пазнаць не тыповыя для Беларусі горныя края­віды. У ваколіцах Мікашэвіч здымаліся нават кадры гор Месяца.

Колас на Палессі

Калі б распрацоўка радовішча будаўнічага каменю пачалася не ў 1973 годзе, а гадоў гэтак на 26 раней, то цалкам верагодна, што прадпрыемства наведаў бы і Якуб Колас. Справа ў тым, што ў студзені 1947 года Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча вылучаюць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад 333-й выбарчай акругі Мікашэвіцкі фанерны завод і настаўнікі Ленінскага раёна Пінскай вобласці.

Гэта цяпер, каб дабрацца з Мінска ў Мікашэвічы, дастаткова забраніраваць маршрутку — і праз 2,5 гадзіны паездкі ты на месцы. А тады, каб спланаваць маршрут, паэту давялося карыстацца рознымі атласамі, энцыклапедыямі. Пасля таго, як ён дабраўся на сустрэчу з выбаршчыкамі, то два дні жыў у вагончыку на станцыі Мікашэвічы. Тут ён і прымаў прадстаўнікоў працоўных калектываў. На другі дзень адбылася сустрэча кандыдата ў дэпутаты ў Доме культуры, які быў цалкам запоўнены. Паэт душэўна расказваў пра сваё даўняе сяброўства з Палессем. А далей была паездка ў Сінкевічы.

1 лютага 1947 года на сустрэчу з Якубам Коласам у доме Ула­дзіміра Вікенцьевіча Саўчука сабралася столькі многа народу, што паэт прапанаваў правесці яе на вуліцы. Ён расказваў пра міжнароднае і ўнутранае становішча ў краіне. Калі зайшла размова пра клопаты і праблемы жыхароў вёскі, Канстанцін Міхайлавіч уважліва выслухаў кожнага, асабліва зацікаўлена аднёсся да просьбы пабудаваць новую школу, бо старую спалілі акупанты падчас вайны. Уладзімір Вікенцьевіч Саўчук, у той час дырэктар школы, напісаў Якубу Коласу пісьмо, у якім яшчэ раз напомніў аб просьбе сяльчан. Хутка прыйшоў адказ. На бланку з грыфам “Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР” Колас пісаў: “Атрымаў вашу заяву, быў у міністра асветы наконт вашай заявы. У сувязі з тым, што шмат аб’ектаў школьнага будаўніцтва засталося ад мінулага года, міністэрства не мае сродкаў для аб’ектаў новага школьнага будаўніцтва”. Аднак дэпутат паабяцаў вырашыць пытанне і сваё слова стрымаў. Хутка прыйшло паведамленне з Мінска, што будаўніцтва Сінкевіцкай школы ўключана ў план капітальных работ на 1947 год. З гэтай нагоды адбыўся сход у вёсцы. Ужо ў 1949 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё новай школы.

— З Лунінеччынай звязаны і больш ранні перыяд жыцця паэта. Экспазіцыя музейнага кутка нашай школы аб’яднана агульнай назвай “Колас на Палессі”. Менавіта на Палессі Канстанцін Міхайлавіч зрабіў першыя крокі народнага настаўніка. Менавіта наша Лунінеччына дала прытулак у цяжкі для яго час. У лістападзе 1911 года ён прыязджае ў Лунінец, дзе Вінцэнт Філіповіч аддаў яму частку сваіх прыватных урокаў. У Лунінцы паэт піша ўступ і першыя раз­дзелы паэмы “Сымон-музыка”, асобны раздзел “Новай зямлі”, вершы, складае падручнік для будучых беларускіх школ, рыхтуе да друку зборнік прозы “Родныя з’явы”, — паведамілі юныя экскурсаводы.

Працавітыя людзі

“Я далёка цяпер ад палескіх раўнін, а люблю ж я той край, бы яго родны сын”, — прызнаваўся Канстанцін Міхайлавіч. Палессе любяць і за маляўнічую прыроду, і за багатую гістарычную, культурную спадчыну. Але галоўны скарб Лунінеччыны — нават не радовішча будаўнічага каменю, а працавітыя палешукі, якія і зрабілі гэты край утульным, прыгожым.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.