Палескі трохвугольнік

- 16:42Брэстчына

Калі ўважліва паглядзець на фізічную карту Беларусі (дакладней, на паўднёвы ўсход Брэсцкай вобласці, куды ў пачатку снежня ў рамках прэс-туру адправіліся супрацоўнікі нашага выдання), то можна заўважыць геаметрычную фігуру. Для гэтага варта зрокава злучыць прамой лініяй Пінск, Столін, Лунінец. Паспрабавалі? Атрымаўся трохвугольнік? Кожны райцэнтр — гэта яго вяршыня, вугал, а лепш сказаць больш ласкава — куточак, унікальны, маляўнічы, непаўторны куточак нашай Радзімы. Менавіта такім паўстала перад журналістамі “Настаўніцкай газеты” самае сэрца Палесся — унікальная Століншчына, маляўнічая Піншчына, непаўторная Лунінеччына.

Гэты трохвугольнік не проста незвычайны, ён таямнічы, валодае дзівоснай прыцягальнай сілай. Адзін раз наведаеш гэты край — і абавязкова захочаш вярнуцца, каб яшчэ і яшчэ любавацца маляўнічымі краявідамі, сустракацца з таленавітымі і надзвычай працавітымі палешукамі. Зноў і зноў будзеш імкнуцца ў палескія вёскі, якія нават у ХХІ стагоддзі захоўваюць аўтэнтыку, народныя традыцыі, спрадвечны лад жыцця. І, канечне, установы адукацыі. У кожнай школе, гімназіі, дзіцячым садзе, з якімі нам пашчасціла азнаёміцца падчас прэс-туру, вядзецца адметная работа, педагогам ёсць чым дзяліцца са сваімі калегамі з іншых рэгіёнаў. Тэматычны дадатак якраз і стане такой пляцоўкай. А пачнецца наша падарожжа з унікальнай Століншчыны.

— Праект інфармацыйнага ўзаемадзеяння “Настаўніцкай газеты” з рэгіёнамі рэалізоўваецца на Брэстчыне фактычна з 2005 года, моманту адкрыцця першага карэспандэнцкага пункта. Менавіта на Брэстчыне мы апрабавалі вопыт і новую канцэпцыю развіцця выдання. У нейкі момант стала зразумела, што без стварэння на базе газеты пляцоўкі для папулярызацыі педагагічнага вопыту, абмену гэтым вопытам, нарэшце, проста для самапрэзентацыі педагогаў выданне існаваць не можа. Станоўчы вопыт Брэстчыны мы распаўсюдзілі на ўсю краіну. Без вашых матэрыялаў, без абмену на нашай пляцоўцы вопытам мы не зробім “Настаўніцкую газету” цікавай у першую чаргу для вас, паважаныя педагогі. Дзякуючы развіццю інфармацыйнага ўзаемадзеяння з рэгіёнамі, мы ўзмацнілі складнік сумеснай работы. Нам прыходзіць шмат матэрыялаў, ёсць магчымасць ствараць рэдакцыйны партфель і выбіраць лепшае. У кожнага з вас назапашана нешта адметнае, унікальнае, чым можна пахваліцца перад калегамі. І гэты вопыт у выглядзе матэрыялаў мы з радасцю чакаем, — адзначыў падчас сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю ў Столінскай дзяржаўнай гімназіі галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў.

У кожнага з педагогаў Столінскага раёна, з якімі мы сустракаліся падчас прэс-туру, такі вопыт ёсць. У гэтым пераканала, у прыватнасці, наведванне вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама — сапраўднай скарбонкі педагагічнага вопыту. Як адзначыла загадчык кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка, усе напрамкі дзейнасці сістэмы адукацыі ахоплены метадычнай работай, якая вядзецца на дыягнастычнай аснове. Вельмі прадукцыйна працуюць творчыя групы, іх удзельнікі кожны год ствараюць якасны метадычны прадукт, месцам захоўвання якога з’яўляецца вялікая бібліятэка, размешчаная ў будынку столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. А вось з якасным выхаваўчым прадуктам, які ствараюць педагогі Століншчыны, мы пачалі знаёмства ў сярэдняй школе № 2 Століна з першых акордаў узорнага дзіцячага ансамбля народнай музыкі “Млынок” і з першых слоў ад удзельнікаў узорнага ансамбля народнай песні “Весялінка”.

— Глыбокі сістэмны аналіз дзейнасці школы, а таксама шматлікія адукацыйныя выклікі ставяць нас перад неабходнасцю аператыўнага вырашэння цэлага шэрага задач. Гэта адбываецца праз інавацыйную праектную дзейнасць. Так, у 2014/2015 навучальным годзе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення”, які працягваем на ўзроўні ініцыятывы. Цяпер удзельнічаем у праекце “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкіх кампетэнцый у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння”. Павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу праз стварэнне індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнца не першы год з’яўляецца нашым прыярытэтам. Якія магчымасці існуюць на сёння ў школе для рэалізацыі гэтай ідэі? З улікам рэгіянальнай спецыфікі ўстановы і яе магчымасцей, адукацыйных запытаў і патрэб вучняў у мэтах персаналізацыі навучання выкарыстоўваецца інтэграванае, профільнае навучанне, навучанне ў класах прававой накіраванасці, педагагічным класе, класах музычнай і харэаграфічнай накіраванасці, удзел у творчых калектывах, такіх аб’яднаннях па інтарэсах, як валанцёрскія атрады, КВЗ, школьнае лясніцтва “Расток”, школьнае тэлебачанне JuniorTeamTV, клуб маладога адкрывальніка (пры садзейнічанні Цэнтра Каперніка (Варшава), навуковае таварыства навучэнцаў “ШАНС”, — паведаміла дырэктар школы настаўнік-метадыст Ала Мікалаеўна Лазіцкая.

Асабліва багатыя традыцыі эстэтычнага выхавання, якое вядзецца з 1989 года, часу, калі 2-я школа атрымала статус установы з музычна-харавым ухілам. Сёння гэтая дзейнасць развіваецца праз музычную і харэаграфічную накіраванасць. Факультатыўныя заняткі па гэтых адукацыйных праграмах арганізаваны ў 1—9 класах для 300 вучняў. Навучэнцы класаў музычнай накіраванасці вучацца ігры на фартэпіяна, баяне, акардэоне, скрыпцы, цымбалах, гітары, балалайцы, праходзяць заняткі па вакале, харавых спевах, сальфеджыа, вывучаецца музычная літаратура. Навучэнцы класаў харэаграфічнай накіраванасці вучацца рытміцы, танцу, народна-сцэнічнаму танцу, займаюцца ў танцавальных ансамблях. За гэты час тры творчыя калектывы набылі званне “ўзорны”, а адзін — “народны”.

Гасцінная сустрэча журналістаў праходзіла не толькі пад акорды і спевы ўзорных ансамбляў, нас вітала і выстава работ удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Як паведаміла кіраўнік узорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Валянціна Мікалаеўна Лёгкая, галоўная мэта дзейнасці педагогаў дадатковай адукацыі — правільна арганізаваць адпачынак дзяцей, каб у цэнтры яны маглі навучыцца любімай справе. Важнай задачай дзейнасці студыі з’яўляецца адраджэнне, захаванне і развіццё традыцыйнай рэгіянальнай культуры. Студыя народных промыслаў “Вышыванка” створана ў 1998 годзе, а ў 2008 годзе калектыву было прысвоена званне “ўзорны”. У 2018 годзе гэтае званне пацверджана.

— Знаёмства навучэнцаў з традыцыйнай культурай пачынаецца на першым годзе навучання, а розныя формы азнаямлення з традыцыямі ў рабоце студыі спалучаюцца з практычным авалоданнем сакрэтамі рамяства вышыўкі, народнага касцюма, ткацтва пояса, вырабу лялькі. Вялікая ўвага ў рабоце ўдзяляецца збору этнаграфічнага матэрыялу рэгіёна, які захоўваецца ў кутку этнаграфіі “Ад продкаў — да нашчадкаў”. Гэты матэрыял служыць асновай творчай дзейнасці студыі. Развіццю творчай і пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў спрыяе актыўны ўдзел у выставах народнай творчасці. Работы студыйцаў неаднаразова адзначаліся граматамі і дыпломамі абласнога і рэспубліканскага журы, — паведаміла Валянціна Мікалаеўна.

Яшчэ адным сюрпрызам стала знаёмства з традыцыйным ганчарствам, якое на Століншчыне на працягу многіх стагоддзяў развіваецца ў Гарадной. Як паведаміў дырэктар Цэнтра ганчарства педагог Васіль Андрэевіч Казачок, у Гарадной развіццё промыслу — справа сямейная, сакрэты рамяства і да сённяшняга часу перадаюцца з пакалення ў пакаленне. У адрозненне ад многіх іншых цэнтраў ганчарства на Беларусі ў Гарадной унікальныя традыцыі ніколі не перарываліся. Ганчарнае кола і сёння круціцца ў былым мястэчку. Жадаеце наведацца ў Гарадную? Прыязджайце! Лепш за ўсё зрабіць гэта летам падчас міжнароднага пленэру ганчароў, які традыцыйна, раз у два гады, ладзіцца ў знакамітай вёсцы.

А мы працягваем наша падарожжа па ўнікальным, маляўнічым, непаўторным палескім трухвугольніку.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.