Палітра адукацыйных магчымасцей

“Кіраваць сістэмай адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска — асаблівая місія, — адзначае начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі раёна Ірына Аляксандраўна Чарняўская. — Маштабы Фрунзенскага раёна ўражваюць: калі ў 2005 годзе тут пражывала каля 59 тысяч непаўналетніх (ад 0 да 18 гадоў), то ў 2020 годзе — амаль 106 тысяч. Тут функцыянуюць 49 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Няпроста ахапіць усю палітру нашых адукацыйных магчымасцей”.

— Ірына Аляксандраўна, паспрабуйце, калі ласка, у некалькіх словах ахарактарызаваць сістэму адукацыі Фрунзенскага раёна.

— За апошнія пяць гадоў у Фрунзенскім раёне адкрыты 10 дзіцячых садоў і 3 сярэднія школы, у тым ліку ў 2019 годзе — сярэдняя школа № 2 у мікрараёне Сухарава, у 2020 го­дзе — сярэдняя школа № 52 у мікрараёне Каменная Горка — 3. Сёлета ў рамках аптымізацыі завершаны работы па рэарганізацыі дзіцячага сада — пачатковай школы № 93 праз далучэнне пачатковых класаў да гімназіі № 13, а таксама па рэарганізацыі дзіцячага сада — пачатковай школы № 270 у дзіцячы сад.

У Фрунзенскім раёне пражываюць больш за 7 тысяч дзяцей з АПФР, тут функцыяну­юць два ЦКРНіР. Акрамя таго, ёсць спецыяльная дашкольная ўстанова № 304, 77 спецыяльных класаў і класаў інтэграванага навучання, 84 спецыяльныя групы ва ўстановах дашкольнай адукацыі, ПКПД. На базе сярэдняй школы № 126 з 2014 года створаны адзіны ў Беларусі інтэграваны клас для дзяцей з кахлеарнымі імплантамі. На працягу 10 гадоў сярэдняя школа № 12 з’яўляецца апорнай для навучання дзяцей з інваліднасцю — з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. У раёне адкрыты 10 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у якіх выхоўваецца 61 дзіця з катэгорыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Самаму малодшаму выхаванцу дзіцячага дома крыху больш за паўтара года, самы старэйшы знаходзіцца на парозе свайго паўналецця.

На базе ўстаноў адукацыі адкрыты 19 музеяў, 5 музейных экспазіцый і 1 музейны пакой, у тым ліку ўнікальныя музей гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў, музей бяспекі дарожнага руху, музейныя экспазіцыі памяці Героя Савецкага Саюза генерал-палкоўніка А.С.Бурдзейнага і параалімпійскай славы, сусветнага руху моладзі і студэнтаў і музейны пакой Маці.

Шмат увагі ўдзяляецца эстэтычнаму выхаванню: у 14 установах адукацыі раёна функцыянуюць факультатывы музычнага, харэаграфічнага, тэатральнага і мастацкага кірункаў, якія наведваюць больш за 5 тысяч навучэнцаў, створаны 12 дзіцячых узорных творчых калектываў на базе школ і 4 узорныя калектывы на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Штогод на працягу апошніх 10 гадоў ва ўстановах адукацыі раёна адкрываюцца спецыялізаваныя па спорце класы. У бягучым го­дзе адкрыты 23 такія класы (па валейболе, ганд­боле, плаванні, баскетболе, хакеі).

— Якія поспехі маюць адораныя навучэнцы раёна?

— Па выніках трэцяга (гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах тры гады запар Фрунзенскі раён займае 1-е месца ў Мінску. Што тычыцца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, то ў 2019 го­дзе ў нашага раёна таксама 1-е месца ў горадзе (33 дыпломы і 2 пахвальныя во­дзывы). За 2019 і 2020 гады 51 навучэнец раёна ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 38 — прэміяй Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. На міжнародным узроўні навучэнцы раёна ў 2018/2019 навучальным годзе заваявалі 6 медалёў на конкурсах, 5 дыпломаў алімпіяд, 10 дыпломаў канферэнцый, турніраў і конкурсаў.

— Скажыце, хто вашы лідары адукацыі?

— Сапраўдны лідар — гімназія № 13, яна стабільна займае 1-е месца ў раёне па выніках года па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця, прадстаўлена на Дош­цы гонару Фрунзенскага раёна. У 2018 годзе ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшая ўстанова адукацыі” ў намінацыі “Лепшая гімназія” ў 13-й гімназіі 1-е месца. Яшчэ а­дзін бясспрэчны лідар — гімназія № 33, якая па выніках сацыяльна-эканамічнага спаборніцтва за 2019 год сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі заняла 1-е месца і занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. Педагагічны калектыў установы ў красавіку 2019 года стаў пераможцам конкурсу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы “За значны ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства”.

У 2017 годзе па выніках удзелу ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 13 Наталля Міхайлаўна Мыслівец заняла 1-е месца і ўдастоена звання “Мінчанін года”. У Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 157 Мінска імя А.Бурдзейнага Таццяна Іванаўна Рычак стала пераможцай у намінацыі “Правільнае рашэнне”. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 4 Мінска Аляксей Міхайлавіч Грышаль за апошнія тры гады падрыхтаваў чатырох пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, трох дыпламантаў гарадской канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў. Рашэннем савета па абароне дысертацый у верасні 2018 годзе Аляксею Міхайлавічу была прысвоена вучоная ступень кандыдата гістарычных навук. На рэспубліканскім фестывалі метадычных ідэй “Інтэрактыўны калейдаскоп”, прысвечаным укараненню лепшых практык выкарыстання інтэрактыўных творчых асяроддзяў і інтэрактыўнага абсталявання ў адукацыйным працэсе, тры педагогі гімназіі № 37 узнагароджаны дыпломамі пераможцы.

У сталічным рэйтынгу беларускамоўных гімназій апошнія тры гады гімназія № 4 займае 1-е месца. За апошнія пяць гадоў педагогамі раёна атрыманы больш за 150 прэмій і больш за 200 грантаў Мінгарвыканкама.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе?

— У 32 установах агульнай сярэдняй адукацыі ўкаранёны і актыўна выкарыстоўваецца сэрвіс “Электронны журнал / электронны дзённік” на адукацыйнай платформе Schools.by, у 18 ён на стадыі заключэння дагавораў і распрацоўкі. У гімназіі № 27 ёсць вопыт прымянення сэрвісу “Электронны дзённік” без папяровага аналага. Падчас няпростай санітарна-эпідэмічнай сітуацыі ў IV чвэрці 2019/2020 навучальнага года многія ўстановы адукацыі змаглі арганізаваць навучанне на адлегласці (дыстанцыйнае), выкарыстоўваючы платформы Moodle, Zoom, G Suit for Education, Effort.by і інш. Таксама ў раёне паспяхова функцыянуюць рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій на базе гімназій № 13 і № 37.

— Якія адукацыйныя праекты рэалізуюцца ў вашым раёне?

— Ва ўстановах адукацыі раёна функцыянуе 14 рэсурсных цэнтраў, работа якіх накіравана на павышэнне якасці адукацыі і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту. На базе 18 устаноў у 2020/2021 навучальным годзе ажыццяўляецца інавацыйная дзейнасц­ь па наступных кірунках: лічбавыя рэсурсы бесперапыннага прафесійнага развіцця выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, фарміраванне культуры дзяцей на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя, дапрофільная педагагічная падрыхтоўка навучэнцаў, фарміраванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў, фарміраванне лічбавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу, стварэнне школьных службай медыяцыі і інш.

На базе трох устаноў адукацыі ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць па наступных напрамках: развіццё прадпрымальнасці як сродак прафарыентацыі і сацыялізацыі навучэнцаў II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, апрабацыя мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Да 2024 года плануецца рэалізаваць інавацыйны праект па фарміраванні асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту.

Надзея ЦЕРАХАВА.