Палітра інавацый

Рэспубліканскі фестываль інавацыйнага педагагічнага вопыту сабраў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове вывучэння духоўнай і культурнай спадчыны”. Багатая і яркая палітра вопыту рэалізацыі праекта была прадстаўлена падчас тэматычнай выставы, пленарнага пасяджэння, а таксама супервізіі.

Пачастункі для ўдзельнікаў фестывалю ад калектыву Ельскай дапаможнай школы-інтэрната.

Сучаснаму навучэнцу, безумоўна, неабходна вало­даць даследчымі кампетэнцыямі, аднак і ўнутраны свет дзяцей, падлеткаў, моладзі павінен удасканальвацца. Менавіта фарміраванне маральна сталай, духоўна развітой асобы, якая ўсведамляе сваю адказнасць за лёс Радзімы і народа, з’яўляецца галоўнай мэтай дзейнасці ўстаноў адукацыі, што і даказалі прадстаўнікі 16 школ і гімназій краіны, якія ўдзельніча­юць у рэспубліканскім інавацыйным праекце.

Па словах прарэктара Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктара педагагічных навук, дацэнта, старшыні Беларускага педагагічнага таварыства Галіны Іванаўны Нікалаенка, вялікую ролю ў рэалізацыі праекта адыгрывае энтузіязм і прафесіяналізм настаўніка. Калі гаварыць пра выніковасц­ь праекта, то тут важна не толькі, што зрабілі настаўнікі, якія мерапрыемствы правялі, але і як за гэты час яны змяніліся, як прафесійна выраслі, як ставяцца да ўкаранення новага, інавацыйнага. Важна, каб рэсурс рэспубліканскага праекта стаў рэсурсам развіцця ўстановы адукацыі. Гэта і пацвердзіў фестываль — свята наватарскага мыслення, энтузіязму і творчасці.

Віртуальны музей сярэдняй школы № 6 Віцебска.

— Наш праект пачаў рэалізоўвацца ў 2016 годзе, які быў аб’яўлены ў краіне Годам культуры. Кансалідацыя ўсіх грамадскіх сіл, дзяржавы была акцэнтавана на тым, каб духоўная і культурная спадчына стала здабыткам народа не па фармальных прыкметах, а здабыткам па сэрцы. Гэта ўзмацніла зместавы кантэнт праекта. 2017 год аб’яўлены Годам навукі. Улічваючы тое, што ключавой пазіцыяй праекта з’яўляецца фарміраванне і развіццё даследчай кампетэнцыі, навуковы складнік набыў новае гучанне. У Год малой радзімы гарманічна спалучыліся навука і культура. Гэты год даў магчымасц­ь звярнуць увагу на культурную спадчыну рэгіёнаў, — паведаміла намеснік начальніка Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі кансультант інавацыйнага праекта Таццяна Фадзееўна Пашковіч.

Асаблівасці фарміравання даслед­чых кампетэнцый зале­жаць ад спецыфікі навучальнай установы, асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу, узросту навучэнцаў, магчымасцей сацыяльнага навуковага партнёрства. Кожная з 16 устаноў адукацыі, задзейнічаных у праекце, пайшла сваім шляхам. Нехта выкарыстоўваў багаты рэсурс Беларускай Праваслаўнай Царквы, нехта ў рамках праекта стварыў музей, нехта — анлайн-праект. Які б шлях ні выбралі ўстановы адукацыі, іх галоўнай мэтай стала фарміраванне і развіццё даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў праз стварэнне кагнітыўна-крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Віцебска Н.У.Лявонкіна.

— У настаўнікаў, якія жывуць у невялікім раёне (такім як наш, Дзятлаўскі), часам надыходзіць момант, калі ім здаецца, што пра сваю малую радзіму яны разам з вучнямі даведаліся ўсё магчымае. Каб у дзяцей не знікла цікавасць да вывучэння роднага краю, мы вырашылі далучыць да гэтай справы новых людзей. Так нарадзілася ідэя рэалізацыі інтэрнэт-праектаў “Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі” і “Абліччы мінулай вайны”. Метад праектаў — выдатны спосаб арганізацыі выхаваўчай работы ў любой установе адукацыі, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Дзятлава Наталля Паўлаўна Клімец.

“Настаўніцкая газета” паведамляла ўжо пра рэалізацыю праекта “Абліччы мінулай вайны”. Нагадаем, да рэалізацыі праекта дзятлаўскіх педагогаў падштурхнуў зварот у раённы ваенкамат з запытам пра колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Высветлілася, што іх на Дзятлаўшчыне жыве ўсяго 8 чалавек. Неабходна было захаваць памяць пра ўдзель­нікаў вайны, яе сведкаў. Дзякуючы інтэрнэт-прасторы, праект сягнуў далёка за межы Дзятлаўскага раёна і ахапіў 27 устаноў адукацыі краіны. Складаўся праект з 5 этапаў: “Ветэраны ў страі” (створана віртуальная кніга памяці), “Дзеці вайны” (сабраны звесткі пра дзяцей вайны, запісаны відэаінтэрв’ю, якія можна пагля­дзець на YouТube), “Ішлі дзяўчаты па вайне” (створана віртуальная кніга “Такія розныя лёсы”), “Дарогамі памяці” (відэа­экскурсіі), “Вайна ў чамадане” (абарона музейных інсталяцый на базе Інстытута гісторыі НАН Беларусі).

У сярэдняй школе № 6 Віцебска даследаванне навучэнцамі духоўнай і культурнай спадчыны малой радзімы ў рамках рэспубліканскага праекта таксама адбываецца на аснове выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій. У выніку быў створаны віртуальны музей “Беларуская хатка”, а таксама шэраг даследчых вучэбна-пазнавальных фільмаў. Па словах настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Ірыны Антонаўны Бабковай, сучасныя дзеці — гэта дзеці высокіх тэхналогій, таму ў адукацыйным працэсе важна актыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі і прадукты, якія ствараюць самі навучэнцы. Так узнікла ідэя далучэння школьнікаў да праектна-даследчай дзейнасці шляхам стварэння вучэбна-пазнавальных фільмаў, якія потым выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі і ў пазакласнай рабоце.

— Кіно з’яўляецца эфектыўным выхаваўчым інструментам. Кожны з фільмаў накіраваны на вырашэнне пэўных задач, фарміраванне пэўных рыс характару, традыцыйных духоўна-маральных, культурных і сямейных каштоўнасцей, ідэалаў дабрыні і прыгажосці. Намі створаны такія фільмы, як “Помнікі паўночнай сталіцы”, “Музеі Віцебска”, “Віртуальная экскурсія па Віцебску”, “Страчаныя храмы Віцебска”, “Народная па­мяць”, “Гісторыя Віцебска ў помніках, музеях, храмах, вуліцах” і многія іншыя, — адзначыла Ірына Антонаўна.

Такім жа значным выхаваўчым інструментам для педагогаў сярэдняй школы № 6 Віцебска з’яўляецца віртуальны 3D-музей “Беларуская хатка”. Па словах настаўніцы інфарматыкі Вольгі Іванаўны Коршунавай, ствараўся музей з дапамогай мовы гіпертэкставай разметкі HTML і CSS, графічнага рэдактара Adobe Photoshop і праграмы Pano для складання 3D-панарам. Для стварэння якасных фотаздымкаў музея адна з удзель­ніц праекта нават вучылася на курсах фато­графаў.

Вопытам дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 14 Мінска В.У.Лук’янец.

Для калектыву Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі работа ў інавацыйным рэжыме даволі прывычная, кожны год тут адкрываюцца новыя гурткі, рэгулярна арганізоўваюцца мерапрыемствы раённага маштабу, акцыі, рэалізоўваюцца праекты. Рэспубліканскі інавацыйны праект вельмі гарманічна ўпісаўся ў сістэму работы гэтай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Фарміраванне даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў цэнтра творчасці ў асноўным адбывалася праз работу “Бюро віртуальных экскурсій”, “Маладзёжнай тэлестудыі”, клуба “Дыялог на роўных” і клуба “Экасвет”.

— З’яўленне цікавых для падлеткаў інавацыйных структур, добра арганізаваная рэклама будучай дзейнасці прыцягнулі вялікую колькасць навучэнцаў з усіх устаноў адукацыі Смаргоні (больш за 80 чалавек). У навучэнцаў з’явіліся стымулы для самарэалізацыі, завязаліся стасункі з новымі людзьмі, сяброўскія адносіны, з’явілася магчымасць прыявіць сябе ў альтэрнатыўным асяроддзі. Педагогі цэнтра рэалізоўваюць нефармальны падыход зносін з навучэнцамі, што дадае шчырасць і цеплыню ў адносіны. У трох аб’яднаннях даследчая кампетэнтнасць сфарміравалася шляхам стварэння відэапрадукту, відэаэкскурсій, відэаролікаў, тэлеперадач, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Святлана Зянонаўна Балыш.

С.З.Балыш.

Для вывучэння адметнасцей Смаргоншчыны была арганізавана вялікая колькасць выязных экспедыцый. Дадатковыя магчымасці з’явіліся дзякуючы супрацоўніцтву з сацыяльнымі партнёрамі. Так, супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-края­знаўчага музея аказвалі дапамогу ў пошуку праўдзівай, навукова пацверджанай інфармацыі, складанні тэкстаў экскурсій. Работнікі Смаргонскага доследнага лясгаса дапамагалі ў лясным масіве адшукаць помнікі прыроды. Уладальнікі аграсядзібы забяспечвалі камфортныя ўмовы ўдзельнікам экспедыцый, было арганізавана харчаванне і адпачынак, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, а таксама дапамога ў знаходжанні мясцовых прыродных і гісторыка-культурных аб’ектаў. Былі сабраны і вывучаны матэрыялы пра адметнасці аграгарадкоў раёна.

Маладзёжным бюро віртуальных экскурсій створана восем відэа­экскурсій. Каштоў­насць гэтых маршрутаў у тым, што яны пралягаюць праз малавывучаныя мясціны. Удзель­нікамі мала­дзёжнай тэлестудыі створана пяць экспромт-фільмаў, 12 сацыяльных ролікаў. Дадатковым стымулам для падлеткаў стала тое, што іх творчасць змаглі ацаніць равеснікі і бацькі, настаўнікі, жыхары Смаргоншчыны, паколькі відэа­ролікі дэманстраваліся не толькі на смаргонскім тэлебачанні, але і размяшчаліся на сайце ўстановы, у сацыяльных сетках, створаны таксама канал на YouTube. Удзельнікі праекта атрымалі магчымасц­ь азнаёміцца з асаблівасцямі новых для іх прафесій экскурсавода, мастацтвазнаўцы, аператара, мантажора, гукааператара, фатографа і інш.

Н.П.Клімец.

Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Івацэвіч ажыццяўляецца праз рэалізацыю праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Любоў да роднага слова ў сваіх выхаванцаў фарміруюць педагогі гімназіі № 14 Мінска, Ельскай дапаможнай школы-інтэрната. Дарэчы, як паведаміў дырэктар гэтай установы Якаў Дзмітрыевіч Ліпскі, калектыў школы-інтэрната актыўна ўключыўся ў праектную дзейнасць: педагогі фарміруюць даследчыя навыкі дзяцей праз вывучэнне гісторыі і асаблівасцей каляндарна-абрадавых свят Ельскага раёна, беларускага народнага тэатра “Батлейка”. Сваімі ўласнымі рукамі педагогі і навучэнцы зрабілі батлейку, лялькі для пастаноўкі спектакляў. У 2018 годзе педагагічны калектыў выдаў кнігу “Права на жыццё”, у якім расказваецца пра грунтоўны вопыт работы з асаблівымі дзецьмі. Грунтоўны вопыт фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў назапашаны і ў сярэдняй школе № 55 Мінска, сярэдняй школе № 29 Брэста, Жырмунскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна, сярэдняй школе № 16 Ліды. Педагогі кожнай установы адукацыі, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інавацыйнага праекта, ахвотна падзяліліся багатай палітрай свайго вопыту.

Рэспубліканскі фестываль стаў толькі прамежкавым падвядзеннем вынікаў праекта, а значыць, яшчэ абавязкова з’явяцца новыя яркія фарбы педагагічнага вопыту па фарміраванні і развіцці даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове вывучэння духоўнай і культурнай спадчыны малой радзімы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.