Палітра прафесій дашкольнага педагога

Нядаўна ў нашай краіне прайшоў Міжнародны форум“Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі: інвестыцыі ў будучыню”, на якім спецыялісты з самых розных краін дзяліліся каштоўным вопытам, абмяркоўвалі агульныя праблемы, разам шукалі шляхі іх вырашэння. 
У працяг тэмы мы гутарым з дэканам факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка кандыдатам гістарычных навук Аляксандрам Мікалаевічам Каспяровічам. Ён расказвае пра свой шлях у прафесію, пра ўласны погляд на праблемы дашкольнай адукацыі, дзеліцца сакрэтамі прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца на факультэце дашкольнай адукацыі, прадстаўляе новыя праекты.

— Аляксандр Мікалаевіч, што паўплывала на ваш прафесійны выбар? Якія мэты і задачы вы акрэслілі для сябе, калі сталі дэканам факультэта дашкольнай адукацыі?
— Прафесійны выбар часта прадвызначаюць сямейныя традыцыі. Мне было наканавана працягнуць педагагічную дынастыю. Мае бабуля і дзядуля яшчэ да вайны скончылі педагагічны інстытут, дзядуля быў сельскім настаўнікам, а бабуля працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе, пасля была яго загадчыкам. Па такім жа шляху пайшла і мая мама: яна ўсё жыццё прысвяціла выхаванню дашкольнікаў. Я скончыў педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Гісторыя. Замежная мова”. Працаваў у школе настаўнікам нямецкай мовы і гісторыі. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі выкладаў замежную мову ва ўніверсітэце, на працягу пяці гадоў загадваў кафедрай замежных моў. І вось ужо трэці год з’яўляюся дэканам факультэта дашкольнай адукацыі.
Мая дзейнасць на пасадзе дэкана падпарадкавана адной мэце: папулярызацыі сярод моладзі станоўчых бакоў прафесіі дашкольнага педагога. Мару пра тое, што калі-небудзь праца выхавальніка стане па-сапраўднаму прэстыжнай і ў нашай прафесіі з’явіцца больш сапраўдных патрыётаў, людзей неабыякавых і апантаных. Ісці ў педагогі маладыя людзі сёння не імкнуцца. Спецыяльнасць гэтая не ў ліку рэйтынгавых, тым не менш адна з самых запатрабаваных. Толькі ў Мінску ў бягучым навучальным годзе ў дашкольных установах было 700 вакантных месцаў. Столькі ж спецыялістаў патрабавалася і ў астатніх рэгіёнах краіны.
Былі гады, калі факультэту дашкольнай адукацыі ледзь-ледзь удавалася набраць студэнтаў на бюджэтныя месцы. Сёлета ж набор ажыццяўляўся на конкурснай аснове, нават на платнае аддзяленне. Набралі 150 студэнтаў на дзённае аддзяленне і 220 — на завочнае. Каля 60 першакурснікаў сталі вучыцца платна. Адабралі самых лепшых. Некалькі гадоў назад на факультэт паступалі са 120—129 баламі, а сёлета і са 160 баламі не ўсе прайшлі.
У далейшым набор на дашкольны факультэт плануецца павялічваць. Мы, напрыклад, зацікаўлены ў тым, каб да нас больш прыходзіла мінчан. Зараз на факультэце вучыцца 90 працэнтаў іншагародніх студэнтаў, і яны, як правіла, пасля заканчэння ўніверсітэта вяртаюцца дадому. У Мінску ім складана заставацца. Зразумела, што любому спецыялісту патрэбна жыллё: інтэрнат, арэнднае памяшканне або наяўнасць перспектыў будаўніцтва ўласнага жылля. У гэтым плане ёсць спадзяванне, што выпускнікі сталічных педагагічных класаў пачнуць паступаць на наш факультэт, а пасля яго заканчэння — уладкоўвацца на працу ў дашкольныя ўстановы Мінска, дзе іх больш за ўсё чакаюць.

— У чым асаблівасці прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца на факультэце? Як вы рэкламуеце дашкольную педагогіку?
— У гэтым годзе на ўсе факультэты ўніверсітэта, на ўсе педагагічныя спецыяльнасці мы поўнасцю набралі студэнтаў. Шчыра кажучы, такога даўно не было. Універсітэт заявіў пра сябе як пра вядучую педагагічную ВНУ краіны. Карэнным чынам змяніць сітуацыю ўдалося дзякуючы сур’ёзнай прафарыентацыйнай рабоце, якая паслядоўна праводзіцца ва ўніверсітэце, і прынцыповай пазіцыі па гэтым пытанні рэктара ўніверсітэта Аляксандра Іванавіча Жука.
Зразумела, што прафарыентацыйная работа не абмяжоўваецца дэманстрацыяй школьнікам ролікаў аб перавагах педагагічнай прафесіі і раздачай адпаведных буклетаў. Мы рэкламуем сам вучэбны працэс, які ажыццяўляецца на нашых факультэтах, усе яго якасныя бакі — тое, наколькі студэнтам цікава тут вучыцца, якія незабыўныя гады яны праводзяць у сценах універсітэта, наколькі ўтульна жывецца ім у інтэрнатах установы. Інфармацыя аб перавагах навучання ва ўніверсітэце перадаецца з вуснаў у вусны, у тым ліку і праз сацыяльныя сеткі, ад цяперашніх студэнтаў тым, што толькі плануюць паступаць. Яны даведваюцца аб атмасферы, якая пануе ва ўніверсітэце, пра цікавыя праекты, у якіх яны змогуць удзельнічаць.
Наш факультэт — першы ў педагагічным універсітэце, які пачаў рэалізоўваць сумесна з Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя А.І.Герцэна ў Санкт-Пецярбургу міжнародную сеткавую праграму па падрыхтоўцы магістраў. Супрацоўніцтва наладзілі ў даволі перспектыўным кірунку экспертызы якасці дашкольнай адукацыі. Спецыялісты-эксперты будуць даваць свае заключэнні аб тым, наколькі адпавядае той ці іншы дзіцячы сад (прыватны або дзяржаўны) заяўленым патрабаванням і свайму статусу. У будучыні такія эксперты якасці адукацыі стануць вельмі запатрабаванымі спецыялістамі. У выніку рэалізацыі міжнароднай праграмы маладыя людзі атрымаюць магістарскі дыплом, які дасць ім права на адпаведную працу ў Беларусі і Расіі. У планах удзельнікаў праграмы — далучэнне да яе прадстаўнікоў іншых краін. Мы пашыраем і практыку студэнцкіх абменаў, якая ўжо наладжана з Ерэванам, Масквой, Кіевам (у тым ліку з Нацыянальным педагагічным універсітэтам імя М.П.Драгаманава).
Факультэт дашкольнай адукацыі вядомы ў нашай краіне і за яе межамі сваімі моцнымі навуковымі школамі — як у кірунку методык дашкольнай адукацыі на чале з прафесарам Наталляй Сцяпанаўнай Старжынскай, так і ў кірунку дашкольнай педагогікі на чале з прафесарам Ларысай Дзмітрыеўнай Глазырынай, агульнай і дзіцячай псіхалогіі на чале з прафесарамі Якавам Львовічам Каламінскім і Лізаветай Аляксандраўнай Панько. Факультэт з’яўляецца вядучым навукова-метадычным цэнтрам у сферы дашкольнай адукацыі. Па метадычных матэрыялах, падручніках і праграмах факультэта працуюць у іншых ВНУ, дзе рыхтуюць спецыялістаў дашкольнай адукацыі.
Трэба пераадольваць стэрэатыпы, якія існуюць у многіх маладых людзей адносна прафесіі выхавальніка. На лекцыях і ў гутарках са студэнтамі выкладчыкі заўсёды падкрэсліваюць, што спецыялісты-дашкольнікі — людзі асаблівыя. “Вы эліта, — кажуць яны студэнтам, — вы працуеце з самымі маленькімі, бацькі давяраюць вам самае каштоўнае — сваіх дзяцей. Нават школьны настаўнік, які можа проста ўціхамірыць хуліганістых вучняў, бывае безабаронным перад зусім маленькімі, перад дашкольнікамі. Ва ўсім цывілізаваным свеце дашкольнай адукацыі ўдзяляецца вялікая ўвага, яна лічыцца не менш важнай, чым навучанне ў школе”.
Падчас маніторынгу мы вывучалі ўзровень задаволенасці студэнтаў якасцю навучання на факультэце, матывы, якімі яны кіраваліся пры паступленні ва ўніверсітэт. Высветлілі, што яны лічаць жыццё на факультэце вельмі насычаным. Ім падабаецца, што выкладчыкі адыходзяць ад паточна-лекцыйнай сістэмы, што побач з класічнымі лекцыямі адбываецца інтэрактыўнае ўзаемадзеянне са студэнтамі, арганізоўваецца дыстанцыйнае навучанне, праводзяцца анлайн-кансультацыі і анлайн-лекцыі. На сайце факультэта ў раздзеле “Рэпазіторый” студэнты заўсёды могуць адшукаць навуковыя артыкулы сваіх выкладчыкаў, вучэбна-метадычныя комплексы, канспекты лекцый.
Студэнтам імпануе, што выкладчыкі побач з імі не толькі на занятках, але і ў нефармальнай абстаноўцы: у інтэрнаце, на святах, на дыскатэках. Для студэнтаў арганізоўваецца і цікавы адпачынак. Праводзяцца балі, гульні КВЗ, дзейнічаюць творчыя калектывы. Склаліся ўжо і пэўныя традыцыі. Напрыклад, пасля кожнай зімовай сесіі студэнты і выкладчыкі адпраўляюцца ў так званыя “зорныя паходы” па Беларусі, падчас якіх выступаюць з канцэртнымі праграмамі, рэкламуюць свой факультэт.
Існуе ва ўніверсітэце і такая з’ява, як цьютарства, калі старшакурснікі курыруюць першакурснікаў, дапамагаюць ім адаптавацца да новых умоў жыцця, адчуваюць пэўную адказнасць за іх поспехі. За добразычлівую атмасферу, якая пануе ва ўніверсітэце, многія студэнты называюць яго сваім другім домам.

— Аляксандр Мікалаевіч, якім чынам, на ваш погляд, можна ўтрымаць выпускнікоў дашкольнага факультэта ў дзіцячых садах? Што можа гэтаму паспрыяць?
— У апошні час адток педагогаў з дашкольных устаноў замарудзіўся. Каб утрымаць спецыяліста ў садзе, на мой погляд, неабходна перш за ўсё прадаставіць яму магчымасць дадатковага заробку на асноўным месцы працы. Каб ён мог, напрыклад, пры жаданні сумясціць выхавальніцкую дзейнасць з гуртковай работай або папрацаваць псіхолагам, кіраўніком фізічнага выхавання і г.д. Для гэтага, безумоўна, педагогу патрэбны шматбаковыя веды. А іх і прапаноўвае наш факультэт, дзе разам з асноўнай спецыяльнасцю — “Педагог дашкольнай адукацыі” — студэнты атрымліваюць дадатковыя. Наш выпускнік, які атрымлівае, напрыклад, спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Выяўленчае мастацтва”, можа выкладаць дзецям лепку, габеленаткацтва, мастацтва батыку, весці гурток малявання, майстраваць з выхаванцамі лялек, займацца тэатральнай дзейнасцю. У апошні час мы імкнёмся адрадзіць на факультэце некаторыя спецыяльнасці, такія як “Дашкольная адукацыя. Псіхалогія”, “Дашкольная адукацыя. Замежная мова”, мы плануем адкрыць і зусім новыя — “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”. Пры неабходнасці маем права пашыраць набор на любую спецыяльнасць.
Безумоўна, замацаваць людзей на месцах можна не толькі рублём, але і падтрымкай у іх сапраўднай цікавасці да сваёй прафесіі. Трэба запрашаць педагогаў да інавацыйнай дзейнасці, адкрываць на базе садоў эксперыментальныя пляцоўкі, далучаць выхавальнікаў да ўдзелу ў міжнародных праектах.
Мне хацелася б расказаць пра новую форму супрацоўніцтва педагагічнага ўніверсітэта і дашкольнай установы, якая рэалізоўваецца зараз на базе ясляў-сада № 35 “Вясёлка” Мінска. Адзначу, што сувязі з педуніверсітэтам гэты сад падтрымліваў і раней. Сюды заўсёды прыходзілі і прыходзяць працаваць яго выпускнікі. У мінулым годзе па ініцыятыве студэнтак 4 курса ва ўстанове пачалося адраджэнне тэатра “Батлейка”. Дашкольны факультэт прадаставіў усе неабходныя атрыбуты для паказу спектакляў. У сумесных планах факультэта і сада далучэнне не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў універсітэта да арганізацыі і правядзення сумесных мерапрыемстваў — навагодніх свят, дзён адкрытых дзвярэй, навукова-практычных канферэнцый, да ўдзелу ў праектах. Адзін з такіх праектаў “Пяшчота” (па арганізацыі групы кароткачасовага знаходжання дзяцей) прапанаваў наш студэнт Канстанцін Ерамееў. Сутнасць ідэі ў тым, каб студэнты-завочнікі (а ўсе яны, як правіла, ужо сямейныя людзі і маюць дзяцей), наведваючы час ад часу ўніверсітэт, маглі пры неабходнасці ўладкоўваць сваіх дзяцей у пакой часовага знаходжання. Там з малышамі будуць займацца студэнты дашкольнага факультэта: гуляць з імі, развіваць. Гэтая ініцыятыва можа тычыцца і дзяцей студэнтаў іншых ВНУ.
На базе ясляў-сада № 35 Мінска плануецца ажыццяўленне навукова-даследчых праектаў, з якімі выхавальнікі прымуць затым удзел у рэспубліканскіх конкурсах навуковых работ, у саісканні грантаў Міністэрства адукацыі і Мінгарвыканкама. Гэтая дашкольная ўстанова стане эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага раздзела “Развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін (замежная мова)”. Выхаванцы сада вывучаюць нямецкую і англійскую мову ў форме гульні, падчас разгляду казачных сюжэтаў. Як кіраўнік праекта я ўзяўся выкладаць для малышоў нямецкую мову.
У межах супрацоўніцтва плануецца правядзенне навукова-метадычных і педагагічных нарад, цыклаў псіхалагічных трэнінгаў, аказанне кансультацыйнай падтрымкі. Бацькі вельмі пазітыўна ўспрынялі гэтыя ініцыятывы і шмат чаго ад іх чакаюць. План сумесных мерапрыемстваў дзвюх устаноў разлічаны на год, на працягу якога БДПУ будзе прадастаўляць саду сродкі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

— У якіх сферах акрамя педагогікі знаходзяць прымяненне сваім ведам выпускнікі вашага факультэта?
— Яшчэ раз падкрэслю, што на факультэце дашкольнай адукацыі студэнты атрымліваюць рознабаковую адукацыю. Будучая мама атрымае тут веды, якія спатрэбяцца ёй пры выхаванні дзяцей. Нашы выпускнікі змогуць рэалізаваць сябе ў шматграннай палітры прафесій. Сярод іх ёсць і шоўмены, і медыяперсоны. Наша выпускніца Надзея Цімафеева, а цяпер ужо і супрацоўніца нашага ўніверсітэта, вядзе праграму “Добрай раніцы, Беларусь!”. Дашкольны факультэт па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя. Фізкультура” скончылі таксама трэнер маладзёжнай школы БАТЭ А.С.Скасырскі, чэмпіёнка свету па тайландскім боксе Алена Мішчук, член зборнай Беларусі па біятлоне Людміла Калінчык і многія іншыя.
Кожны ініцыятыўны і прадпрымальны чалавек можа разглядаць дашкольную адукацыю як прыступку да пачатку сур’ёзнага бізнесу, як справу на ўсё жыццё. Сёння ў нашай краіне рэалізоўваюцца праграмы прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў сферы дашкольнай адукацыі, ствараюцца прыватныя дзіцячыя сады, развіваецца сетка дзіцячых садоў дома, а значыць паміж дашкольнымі ўстановамі развіваецца здаровая канкурэнцыя.
Паступова мяняюцца і адносіны бацькоў да адукацыі малышоў. У сучаснай сям’і бацькі, як правіла, шмат працуюць і імкнуцца ўладкаваць дзіця ў дашкольную ўстанову як мага хутчэй. Роля бабуль і дзядуляў у грамадстве паступова трансфармуецца. Яны жадаюць быць актыўнымі, працаваць, а не сядзець з унукамі. І ўвогуле, сям’я зацікаўлена ў тым, каб побач з малышом у дзіцячым садзе былі прафесіянальныя педагогі, якія валодаюць сучаснымі педагагічнымі методыкамі, каб існаваў выбар разнастайных адукацыйных паслуг для дзяцей, прычым з самага ранняга ўзросту. Адпаведна, і роля дашкольных устаноў у грамадстве з кожным годам будзе ўзрастаць.

Надзея ЦЕРАХАВА.