Палітра роднага краю

Сярод праектаў, прадстаўленых на ХІХ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, значную частку складалі праекты грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, якая з’яўляецца асновай выхаваўчай работы. Кожны такі праект нібы яркая карціна, створаная педагогамі з мноства колераў багатай палітры свайго вопыту. Палюбуемся гэтымі работамі, іх разнастайнай колеравай гамай.

Рэспубліканская выстава па традыцыі была яркай, урачыстай, насычанай. Семінары, прэзентацыі, майстар-класы, круглыя сталы, інтэрактыўныя пляцоўкі, арт-фэсты, гульні, метадычныя дыспуты, экскурсіі праходзілі ў сталічным “рамонку” на працягу трох дзён з раніцы да вечара ў фармаце non-stop. Наведвальнікі ўсіх узростаў маглі знайсці сабе занятак па душы. Гэта што тычыцца насычанасці праграмы выставы. Калі ж гаварыць пра яе яркасць, урачыстасць, то тут у першую чаргу варта адзначыць афармленне выставачных стэндаў, якія літаральна стракацелі чырвоным, сінім, жоўтым, зялёным, белым колерамі і сотнямі іх адценняў. Такой жа яркай была палітра педагагічнага вопыту, прадстаўленага на стэндах.

Не сакрэт, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне пачынаецца з вывучэння малой радзімы. А вывучаць родны край лепш за ўсё падчас экскурсій, таму развіццю адукацыйнага турызму ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Так, у лістападзе Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства праводзіў тэматычны анлайн-семінар. А цяпер, у красавіку, удзельнікі семінара былі запрошаны на выставу для вочнай сустрэчы. Падчас круглага стала, арганізаванага на выставачным стэндзе цэнтра, абмяркоўваліся пытанні развіцця адукацыйнага турызму, а таксама вынікі рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы даведнікаў рэгіянальных экскурсійных маршрутаў адукацыйнай накіраванасці “Дарогамі ведаў”.

“Мэта конкурсу — папулярызацыя педагогамі і навучэнцамі турызму, фарміраванне станоўчага турыстычнага іміджу рэгіёнаў праз стварэнне даведнікаў. У якасці прыкладу хочацца адзначыць даведнік па Гродзенскай вобласці, створаны абласным цэнтрам турызму і краязнаўства. Гэты даведнік утрымлівае яшчэ і карту. Цікавыя даведнікі распрацавалі і ў Слуцкім цэнтры турызму, Крычаўскім раённым цэнтры турызму, края­знаўства і экскурсій дзяцей і моладзі, Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы. Пры гэтым перад канкурсантамі стаяла задача звязаць даведнікі з адукацыйнымі праграмамі па тых прадметах, якія вывучаюцца ў школе.

Па кожнай вобласці ў даведніках прадстаўлены экскурсіі разнастайнай тэматыкі: і ваенна-патрыятычныя, і краязнаўчыя, і веламаршруты. Звяртаецца ўвага на прафарыентацыйныя экскурсіі на вытворчасці, якія знахо­дзяцца побач з установай адукацыі. Такія экскурсіі цяпер асабліва актуальныя, паколькі ў краіне значная ўвага ўдзяляецца папулярызацыі рабочых прафесій. Інфармацыя ў даведніках падаецца не толькі на беларускай або рускай, але і на замежных мовах, у тым ліку кітай­скай. Важная ўвага ў папулярызацыі ведаў навучэнцаў пра малую радзіму адводзіцца вядзенню дзённіка вандроўніка, у якім дзеці не проста пазначаюць сухія факты пра аб’екты, што наведалі падчас экс­курсій, але і дзеляцца сваімі ўражаннямі. Экскурсіі праводзяцца не толькі дзеля таго, каб вучні ўбачылі пэўныя адметнасці малой радзімы, набылі веды, а ў першую чаргу, каб атрымалі эмоцыі”, — паведаміла намеснік дырэктара РЦЭіК Лі­дзія Андрэеўна Жур.

Падчас анлайн-семінара абмяркоўвалася пытанне прадастаўлення з боку Міністэрства спорту і турызму матэрыялаў, якія б дапамаглі педагогам прайсці атэстацыю на экс­курсавода. І такая дапамога была аказана. На круглым стале быў прэзентаваны зборнік матэрыялаў для падрыхтоўкі да камп’ютарнага тэсціравання з мэтай праходжання прафесійнай атэстацыі, якая па­цвярджае кваліфікацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Гэтыя зборнікі паступяць у кожны абласны цэнтр турызму і краязнаўства. Акрамя таго, Нацыянальнае агенцтва па турызме прадаставіла на выставу інфармацыю па развіцці спартыўнага, ваенна-патрыятычнага, прамысловага, гастранамічнага, аздараўленчага турызму ў Беларусі.

Эпідэміялагічная сітуацыя, якая склалася ў краіне, не дазваляла адпраўляцца на экскурсіі вялікімі групамі, таму заканамерна, што колькасць экскурсантаў зменшылася. Спадзяёмся, у бягучым годзе сітуацыя зменіцца. У любым выпадку трэба працягваць стварэнне экс­курсійных маршрутаў, бо такая работа вельмі патрэбная і важная. Любіць Радзіму — гэта ў першую чаргу яе ведаць. Менавіта з такой мэтай у Гродне — маладзёжнай сталіцы — 2021, быў урачыста да­дзены старт Усебеларускай мала­дзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Па словах загадчыка аддзела края­знаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК Аляксандры Яўгенаўны Кравец, у экспедыцыі ўдзельнічаюць атрады ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў вышэйшай адукацыі па напрамках “Нам дарогі гэтыя забыць нельга”, “Славутыя імёны Айчыны”, “Святыня роднага краю”, “Спадчына зямлі беларускай”, “Запаведнымі сцежкамі прыроды”. Вынікам Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі стане стварэнне творчых праектаў.

На вывучэнне малой радзімы праз падарожжы накіраваны трэвел-праект “Сямейны дыліжанс” Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Як паведаміла метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнага су­праваджэння эколага-краязнаўчай работы Аксана Аляксандраўна Ані­шчык-Яўсеенка, унікальнасць праекта ў тым, што ён аб’ядноўвае дзяцей і бацькоў не толькі падчас падарожжа, але і ў рамках сумеснай сямейнай творчай дзейнасці. Праект ахоплівае ўстановы рознага ўзроўню адукацыі. Сем’і, якія вырашылі ўдзельнічаць у праекце, ствараюць сваю канцэпцыю падарожжаў па Беларусі. Некаторыя з гэтых канцэпцый і былі прадстаўлены падчас выставы.

Ідэя падарожжаў у кожнай сям’і свая. Напрыклад, сям’я вучняў гімназіі Фаніпаля Аліны, Ганны, Ула­дзіслава Брыштэн вырашыла зыходным пунктам свайго падарожжа выбраць малую ра­дзіму сваіх баць­коў — Брэсцкую вобласц­ь. Яны аб’ехалі практычна ўсю Беларусь па перыметры і завяршылі яго ў Цэнтры экалагічнага турызму “Станькава” — брэндавым турыстычным аб’екце сваёй малой радзімы. Далучылася да праекта і сям’я педагога дадатковай адукацыі Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Алесі Вячаславаўны Чалевіч. Яе сын Ула­дзіслаў вучыцца толькі ў 2 класе Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея, але ўжо шмат дзе пабываў разам з бацькамі. “Много где семьей побывали, // На природе хорошо отдыхали, // Пешком, на велосипедах, на лыжах, на машинах — // Запечатляем все в стихах и на картинах”, — так пра захапленне сваёй сям’і падарожжамі паведаміла Алеся Вячаславаўна.

“Наш трэвел-праект узнік з праекта дашкольнікаў “Вясёлая прагулка разам”. Ён разросся па прынцыпе пераемнасці. Наша задача заключаецца ў тым, каб бацькі, педагогі, дзеці не толькі сумесна вывучалі гістарычна-культурную спадчыну, але — самае галоўнае — далучаліся да здаровага ладу жыцця і да стварэння станоўчага псіхаэмацыянальнага фону. Акцэнт у праекце мы, канечне, робім на жамчужынах Мінскай вобласці. Асаблівым поспехам карыстаецца Цэнтр экалагічнага турызму “Станькава”, Нясвіжскі палацава-зам­кавы комплекс, парк-музей інтэр­актыўнай гісторыі “Сула” Стаўбцоўскага раёна, музейныя комплексы “Дукорскі маёнтак” і “Дудуткі” ў Пухавіцкім раёне, мемарыяльныя комплексы “Курган Славы” і “Хатынь” і інш. Гэтыя аб’екты прасякнуты сямейнымі каштоўнасцямі, гордасцю за сваю малую радзіму, фарміруюць тое, што сёння асабліва актуальна і запатрабавана соцыумам, — пачуццё грамадзянскасці і патрыятызму, якое пачынаецца з сям’і”, — паведаміла рэктар МАІРА Інга Пятроўна Кандрацьева.

Кожны рэгіён прадставіў багатую палітру свайго вопыту па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі правёў піяр-акцыю абласнога праекта #МаяЗямляПрыдняпроў­е. Педагогі ліцэя № 1 Гродна прадставілі бібліятэку турыстычных маршрутаў шостага школьнага дня, краязнаўчы квест “Памяць Перамогі” і мабільны адукацыйны дадатак з элементамі гульняфікацыі “Рыцар краязнаўства”. Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі прадставіў тэматычныя цыклы відэафільмаў “Любі свой край”. Завочнае падарожжа па сядзібна-паркавым ансамблі Пуслоўскіх у рамках адукацыйнага гістарычна-турыстычнага праекта можна было здзейсніць разам з педагогамі гімназіі Белаазёр­ска Бярозаўскага раёна. А ў падарожжа па Мінску гістарычным і Мінску сучасным запрасіў сталічны Палац дзяцей і моладзі “Арыён”. Мінскі дзяржаўны турыстычна-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі правёў постарную прэзентацыю “Адукацыйны турызм з тэматычнымі QR-кодамі”. Падчас выставы быў дадзены старт рэспубліканскім акцыям “Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням”, “Пасланне ветэрану”, прэзентаваны работы рэспубліканскага конкурсу эсэ “Жывая памяць удзячных пакаленняў”.

Сярод удзельнікаў выставы нельга было не заўважыць рэканструктараў у форме Чырвонай Арміі 1940-х гадоў. Гэта ўдзельнікі клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Бу­дзем памятаць” сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі “Вікторыя”. Было шмат жадаючых пагутарыць і з настаўнікам гісторыі сярэдняй школы № 16 Мазыра Ула­дзімірам Віктаравічам Гімбутам. Па словах педагога, быць рэканструктарам — справа няпростая. Галоўнае — дакладная адпаведнасц­ь пэўнаму часу, у нашым выпадку — Вялікай А­йчыннай вайны. Трэба ведаць не толькі воінскі статут, дэталі абмундзіравання, але і сачыць за сваёй мовай, не забруджваць яе сучаснай лексікай. Сярод рэканструктараў ёсць яшчэ адно правіла: калі ты па ваенным білеце, напрыклад, радавы, то ў рэканструктарскім клубе ніколі не будзеш выконваць ролю капітана або маёра. Асноўны перыяд Вялікай Айчыннай вайны, рэканструкцыяй якога займаецца Уладзімір Віктаравіч, — Калінкавіцка-Мазырская наступальная аперацыя. Яна адбывалася ў студзені 1944 года. Зіма — не самы спрыяльны час для рэканструктарскіх баёў, аднак ні завея, ні мароз, ні адліга не з’яўляюцца перашкодай для правядзення маштабнай рэканструкцыі. Па традыцыі, дзейства адбываецца каля вёскі Гулевічы Калінкавіцкага раёна, дзе створана цудоўная рэканструктарская пляцоўка з зямлянкамі, акопамі, дзотамі.

Патрыятычнае выхаванне можа праводзіцца не толькі ў афлайн-, але і анлайн-фармаце. Менавіта на гэта накіравана інтэрактыўная платформа “Патрыятычнае выхаванне”, прэзентацыя якой адбылася падчас выставы. Па словах загадчыка кабінета патрыятычнага выхавання РЦЭіК Хрысціны Аляксандраўны Борбут, платформа ўяўляе сабой інфармацыйны рэсурс сістэмы ўзаемадзеяння моладзі нашай краіны і мае шэраг цікавых магчымасцей. Гэта трансляцыя разнастайных маштабных мерапрыемстваў, атрыманне актуальнай інфармацыі пра рэспубліканскія і рэгіянальныя праекты ў галіне патрыятычнага выхавання, абмен вопытам і меркаваннямі па пэўнай тэматыцы. Платформа распрацавана як для педагогаў, так і для навучэнцаў, што дазваляе ёй выступаць і арганізацыйна-кіраўніцкім цэнтрам — працаваць з педагогамі, і вучэбна-выхаваўчым — працаваць з моладдзю. Складаецца платформа з некалькіх модуляў: “Афіша падзей”, “Спікеры”, “Канферэнц-зала”, “Бібліятэка” і “Трансляцыі”. Пакуль платформа працуе ў тэставым рэжыме, аднак у хуткім часе (плануецца, што да канца гэтага навучальнага года) наведвальнікі змогуць скарыстацца ўсімі яе магчымасцямі.

Мы разгледзелі толькі невялікую частку праектаў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці — незвычайных карцін, створаных педагогамі з мноства колераў багатай палітры свайго вопыту. Наша выданне абавязкова будзе і надалей знаёміць чытачоў з іншымі творамі вельмі важнага мастацтва — мастацтва грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.