Палітра студэнцкай творчасці

- 10:28"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Творчы марафон студэнтаў рэгіянальных універсітэтаў, якія ўдзельнічалі ў адборачным туры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, завяршыўся ў Гродне. Тут у адборачным туры прынялі ўдзел прадстаўнікі трох універсітэтаў.

Дэвіз “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні” ўвасобіўся ў конкурснай праграме праз крэатыўнае спалучэнне традыцый і наватарства. Студэнты ярка, таленавіта, вобразна прадэманстравалі любоў да традыцый, веданне народнай творчасці і самыя сучасныя кірункі мастацтва. Узяць хаця б пачатак творчага свята: юнакі, якія выступалі ў ролі “Гісторыі” і “Будучыні”, з’явіліся на першай пляцоўцы фестывалю каля Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на байках.

З 2003 года фестываль збірае лепшыя творчыя калектывы краіны, становіцца пляцоўкай выяўлення новых імён, сярод якіх нямала прадстаўнікоў Гродзеншчыны. Не адзін раз яны займалі першыя месцы і атрымлівалі гран-пры “АРТ-вакацый”. Вось і ў гэтым годзе творчая моладзь прадэманстравала, што адступаць ад традыцый не збіраецца.

Высокі тон фестывалю задалі першыя выступленні — вакальны ансамбль “Уні-song” пад кіраўніцтвам Алены Стэльмах з ГрДУ імя Янкі Купалы і вакальная група студыі эстраднай песні пад кіраўніцтвам Артура Якушава з Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсіта сустракалі журы і гледачоў на першай імправізаванай пляцоўцы — ганку ўніверсітэта. У іх выкананні прагучалі песні “Разам” і “Я люблю Беларусь”, што стала своеасаблівым лейтматывам канцэртнай праграмы. Студэнты з гэтых УВА разам выступалі на яшчэ дзвюх пляцоўках і дэманстравалі сваю любоў да краіны і творчасці.

Салон часоў Адама Міцкевіча — у такім антуражы члены студыі размоўнага жанру “Канферанс” ГрДУ прадставілі рэцытацыю пад назвай “Няўпэўненасць”. Неаднаразовыя ўдзельнікі “АРТ-вакацый” ансамбль народнай песні “Ясніца” і вакальны ансамбль “Заранка” (мастацкі кіраўнік Таццяна Бейма) з ГрДУ, ансамбль песні і танца “Цярэшкі” (мастацкі кіраўнік Валерый Кручкоў) з ГрДАУ выканалі беларускія народныя песні “Ой, выйду ж я на вуліцу”, “Вясна”, “Ой, у полі” так артыстычна і па-народнаму, што было відаць: гэты жанр творчасці падабаецца моладзі.

Падабаюцца студэнтам і іншыя жанры. Са сцэны гучалі і сучасныя беларускія песенныя творы, і класіка, напрыклад, “Багемская рапсодыя” Ф.Меркуры ў выкананні ансамбля “Уні-song”.

Танцавальныя нумары былі прадстаўлены ў шырокай палітры — ад народных да сучасных, і, галоўнае, вельмі прафесіянальна. Калектыў “Альмік” пад кіраўніцтвам Івана Бялеўскага, у які ўваходзяць студэнты факультэта фізічнай культуры ГрДУ, прадставілі кампазіцыю арыгінальнага жанру “Феерыя”.

Перад пачаткам канцэрта паразмаўлялі з Дзмітрыем Арцыменяй, які ў 2016 годзе атрымаў гран-пры фестывалю за пастаноўку “Сям’я”. У гэтым годзе народны тэатр “Вернісаж” ГрДУ імя Янкі Купалы, мастацкім кіраўніком якога і з’яўляецца Дзмітрый, прадставіў новую пастаноўку — “Шахматы”. І зноў падняў філасофскія тэмы аб прызначэнні чалавека, яго жыццёвым шляху. Дзмітрый скончыў факультэт эканомікі і кіравання, працуе па спецыяльнасці і працягвае займацца творчасцю са студэнтамі. На пытанне, чаму моладзі гэта цікава і патрэбна, Дзмітрый Арцыменя адказаў, што хтосьці выбірае спорт, хтосьці — творчасць як вельмі патрэбны элемент самарэалізацыі; што заўсёды ёсць студэнты, якім патрэбна такая творчая арганізацыя свайго жыцця і магчымасць праз творчасць данесці да іншых свае ўяўленні, жыццёвую пазіцыю.

А кіраўнік тэатра моды “Дасканаласць” Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Настасся Мікуліч на пытанне, як будучыя медыкі паспяваюць добра вучыцца і так прафесіянальна выступаць на сцэне, з усмешкай адказала, што, скараціўшы час знаходжання перад тэлевізарам і ў інтэрнэце, можна ўсё паспець.

— Студэнты медыцынскага ўніверсітэта апрыёры вельмі таленавітыя, бо медыцынскія УВА — адны з самых складных для вучобы, — гаворыць Настасся Фадзееўна. — Нашы дзяўчаты не толькі займаюцца дэфіле, яны ўдзельнічаюць у стварэнні касцюмаў. У калекцыі “Фларанс”, якую мы прадставілі на “АРТ-вакацыях” у гэтым годзе, каля 200 элементаў ўпрыгажэння касцюмаў зроблена рукамі дзяўчат. Студэнтка медыка-псіхалагічнага факультэта Лера Сядушкіна скончыла мастацкую школу і вучыла сябровак стварэнню дэталей касцюмаў.

Будучым медыкам па сілах аказаліся ўсе жанры творчаці. Членаў журы сустрэлі хор народнай песні “Зараніца” песняй “І туды гара” (кіраўнік Алена Волікава) і ўдзельнікі танцавальнага калектыву Vitality заўзятай харэаграфічнай кампазіцыяй “Не сумуй”. А кіруе Vitality студэнтка першага курса Аліна Янушэўская. Сваю творчасць прадэманстравалі ансамбль скрыпачоў “Кварта”, інструментальны ансамбль “Авеню”, рок-група One Way (кіраўнік Андрэй Пакаціла).

Тэатральны жанр пастаноўкамі “Модны шляхцюк” і “Хуткая дапамога” прадставіў калектыў Arsmedicus (кіраўнік Людміла Тадаровіч). Рэцытацыю твора Адама Міцкевіча “Хай радасць з вачэй маіх блісне” паказалі ўдзельнікі гуртка майстэрства вядучага пад кіраўніцтвам Алены Якіменка.

Народны тэатр танца Аlma Dea паказаў тры кампазіцыі: “Казачы пляс”, “Фанабэрысты Сава” і беларускую кадрылю “Забава” — і чарговы раз прадэманстраваў высокі патэнцыял і майстэрства пад кіраўніцтвам Наталлі Ваяводскай. Сучасны кірунак харэаграфіі прадставіла група Heart beat з кампазіцыяй “Імгненне за імгненнем” (кіраўнік Дзмітрый Куракулаў).

Адзначылі члены журы прафесіянальную і інтэлігентную работу вядучых канцэрта Лізаветы Горбік і Яўгена Доўгача.

Пасля завяршэння праграмы журы сустрэлася з кіраўнікамі творчых калектываў універсітэтаў і абмеркавала выступленні ўдзельнікаў фестывалю, дало рэкамендацыі. Як адзначыла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Алена Лаўрыновіч, ад кіраўніка мастацкага калектыву залежыць вельмі шмат. Карыснымі з’явіліся цыклы семінараў з правядзеннем майстар-класаў для іх, і такая практыка будзе працягнута.

— Важна захоўваць пераемнасць у рабоце ўстаноў дадатковай адукацыі і студэнцкіх клубаў, — падкрэсліла Алена Сяргееўна. — Калектывы трох гродзенскіх універсітэтаў паказалі высокі мастацкі ўзровень, а таксама высокі ўзровень творчага ўзаемадзеяння. Пры гэтым у кожнага ўніверсітэта свой творчы партрэт, аптымальная суадноснасць калектываў.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Кузьменка адзначыла, што ўсе прадстаўленыя праграмы вылучаліся высокім прафесіянальным майстэрствам, былі сучаснымі і па-маладзёжнаму крэатыўнымі, хоць прадстаўлялі іх не прафесіянальныя артысты, а будучыя настаўнікі і ўрачы, інжынеры і аграномы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.