Палітычная апазіцыя не змагла аб’яднацца

- 12:18Выбары 2015

Палітычная апазіцыя ў Беларусі не змагла аб’яднацца, хоць ёй ніхто ў гэтым не перашкаджаў. Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия” Павел Якубовіч у час тэлепраграмы “Клуб рэдактараў”, паказанай у вячэрнім эфіры канала “Беларусь 1” 19 ліпеня.

“Палітычная апазіцыя, на жаль, не знайшла ў сабе сілы аб’яднацца, кансалідавацца, вылучыць лідара. Таму што важна, каб наша палітычнае поле стала здаровым і нармальным, каб былі партыі, лідары. Ніхто палітычнай апазіцыі не перашкаджаў ні фізічна, ні маральна за гэты час нарэшце знайсці сур’ёзнага чалавека, вылучыць яго са сваіх радоў”, – заявіў Павел Якубовіч.
Паводле яго слоў, ва ўмовах адсутнасці кансалідацыі, выпрацоўкі нейкіх тэарэтычных платформ і ўсяго астатняга для нармальнай палітычнай дзейнасці, апазіцыі, тым не менш, трэба было неяк прадэманстраваць сваю работу. “Нешта рабіць трэба… Апазіцыя ж таксама дае справаздачу перад членамі сваіх партый, спонсарамі і гэтак далей. Таму прыдумалі такі нікому не пагражальны жэст: “А давайце вылучым асуджанага”, – адзначыў Павел Якубовіч. – На самай справе, якая гэта палітыка? Гэта людзі, якія сур’ёзную палітыку і лёсавызначальнае рашэнне – выбары Прэзідэнта – падмяняюць гульнёй у кепскі анекдот”.