Палітычная аснова дружбы вельмі моцная

- 11:39Інфармацыйная гадзіна

Кітай вельмі даражыць адносінамі з Беларуссю. Гэта падкрэсліў часовы павераны ў справах КНР у Беларусі Ло Чжаньхой у Доме дружбы на пасяджэнні клуба “Юны дыпламат”.

Дыпламат звярнуў увагу на тое, што беларуска-кітайскае супрацоўніцтва з’яўляецца вельмі моцным. “Палітычная аснова дружбы паміж Беларуссю і Кітаем вельмі моцная, і мы маем намер прадаўжаць усебаковае ўзаемадзеянне з Беларуссю па ўсіх напрамках”, — запэўніў Ло Чжаньхой.

Ён таксама сказаў пра важнасць дружбы паміж лідарамі дзвюх дзяржаў — Аляксандрам Лукашэнкам і Сі Цзіньпінам, якія на рэгулярнай аснове сустракаюцца і намячаюць новыя шляхі супрацоўніцтва.

На сустрэчы, якая была прысвечана 40-годдзю палітыкі рэформ і адкрытасці Кітая, Ло Чжаньхой вялікую ўвагу ўдзяліў кітайскім дасягненням у гэты перыяд. Дыпламат падкрэсліў, што Кітай нікому не навязвае свой шлях развіцця і паважае суверэнітэт і незалежнасць іншых дзяржаў. “Кожнай дзяржаве трэба выбіраць уласную дарогу развіцця са сваёй спецыфікай”, — заўважыў Ло Чжаньхой. Ён таксама звярнуў увагу на мірную накіраванасць знешняй палітыкі Кітая і імкненне развіваць узаемавыгадныя кантакты з усімі краінамі, у тым ліку ў рамках канцэпцыі “Адзін пояс і адзін шлях”.

Своеасаблівым падарункам кітайскаму госцю стала выкананне песень на кітайскай і беларускай мовах. Удзельнікамі сустрэчы былі студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі Мінска, якія задалі кітайскаму дыпламату пытанні пра беларуска-кітайскія сувязі і развіццё КНР.