Развіццё сістэмы паліятыўнай дапамогі дзецям мае асаблівае значэнне, заявіла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава перад пачаткам пасяджэння Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці.
Віцэ-прэм’ер адзначыла, што першая частка пасяджэння прайшла на базе ўстановы аховы здароўя “Дом дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі” невыпадкова: у гэтай установе функцыянуе 4 палаты паліятыўнай дапамогі на 25 ложкаў. “Развіццё паліятыўнай дапамогі дзецям апошнім часам набыло асаблівае значэнне, у Беларусі больш за 800 дзяцей, маюць патрэбу ў такой дапамозе”, — растлумачыла Наталля Качанава.
Паліятыўная дапамога — сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на падтрыманне якасці жыцця пацыентаў з невылечнымі захворваннямі, захворваннямі, якія пагражаюць жыццю.
У Беларусі развіваецца сістэма паліятыўнай дапамогі, у многіх гарадах створаны ложка-месцы, палаты або ўстановы для аказання такой дапамогі. “Пры гэтым работу трэба праводзіць не толькі з дзецьмі, сур’ёзную псіхалагічную падтрымку трэба аказваць і дзецям, і іх сем’ям. Здароўе дзяцей, іх правы — гэта тое, што з’яўляецца прыярытэтам для нашай дзяржавы”, — сказала яна і паведаміла, што па выніках пасяджэння будуць прыняты меры, якія даюць магчымасць удасканаліць гэтую работу.
“Наша задача — усебакова разгледзець гэтае пытанне, вывучыць, якія створаны ўмовы для такіх дзяцей, што яшчэ трэба зрабіць, якія пытанні мы павінны вырашаць у тым ліку на заканадаўчым узроўні. Мы павінны паглядзець, якія ўмовы па аказанні паліятыўнай дапамогі створаны ў нашых рэгіёнах, ці ўсё робіцца, ці аказваецца дапамога ў патрэбным аб’ёме”, — канстатавала Наталля Качанава.
Першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што Беларусь ужо гатова да абмеркавання такіх пытанняў, як аказанне паліятыўнай дапамогі дзецям. “Паліятыўная дапамога — гэта доля развітых у эканамічных і агульнаграмадзянскіх адносінах краін з дастаткова развітой сістэмай аховы здароўя. У краінах трэцяга свету аб такой дапамозе размова ў прынцыпе не ідзе”, — адзначыў ён.
Паводле апошніх даных, сярод дзяцей, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, амаль 80 працэнтаў (674 дзіцяці) знаходзяцца ў сем’ях, яшчэ 104 дзіцяці — у інтэрнатах, 72 — у дамах дзіцяці.
Таксама на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці абмяркоўваўся ўдзел маладзёжных арганізацый (БРСМ, піянерскай арганізацыі) у прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і падлеткаў і выкананне пратаколаў папярэдніх пасяджэнняў. Акрамя таго, у спісе пытанняў было складанне плана работы на 2017 год.