Паломніцтва ў беларускі Іерусалім

- 15:54Родная земля, Рознае

Убачыць Парыж — і ледзь не памерці ад радасці, прайсціся па вуліцах Рыма — і адчуць подых гісторыі, памаліцца каля святыняў Іерусаліма — і знайсці адказ на адвечныя пытанні пра сэнс жыцця… А якія словы падабраць, напрыклад, пра Іўе, які з-за стракатасці нацыянальнага і канфесійнага складу насельніцтва называюць беларускім Іерусалімам? Напэўна, правільна будзе так: наведаць Іўе — і зразумець прычыну талерантнасці і гасціннасці нашага народа.

“Залаты горад”

Калі гаварыць пра Іўе больш дакладна, то да словазлучэння “беларускі Іерусалім” варта дадаць яшчэ і “беларускі Рым”, а таксама “беларускі Парыж”. Чаму? Усё вельмі проста. Па-першае, прагуляўшыся па звілістых іўеўскіх вулачках, можна таксама адчуць подых гісторыі (канечне, не такой старажытнай, як рымская, аднак 600-гадовай дакладна). Па-другое, як і ў Парыжы, тут ёсць свая Эйфелева вежа — памятны знак “У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны”. Па-трэцяе, Іерусалім… Хрысціянскія, мусульманскія, іўдзейскія святыні ўзносяцца над былым мястэчкам гэтак жа велічна, як і храм Уваскрэсення Хрыстова (Гроба Гасподняга), мячэць Аль-Акса і Сцяна плачу над “залатым горадам”. Сярод іўеўскіх святынь можна вылучыць яшчэ адну катэгорыю — адукацыйна-культурныя: экспазіцыя пад адкрытым небам “Кола гісторыі”, ужо згаданы памятны знак, а таксама музеі. Па гэтых святынях і здзейснім своеасаблівае паломніцтва.
Для пачатку наведаем комплексны музей “Спадчына” Іўеўскай сярэдняй школы. Падчас знаёмства з яго арыгінальнай экспазіцыяй паспрабуем зразумець прычыну мірнага шматвяковага пражывання на беларускай зямлі прадстаўнікоў розных народаў і рэлігій. Музей “Спадчына” яшчэ малады, ён быў створаны з нагоды 60-годдзя Перамогі. Спачатку экспазіцыя ваеннай тэматыкі размяшчалася ў невялікім пакоі. Аднак з цягам часу музейны фонд стаў папаўняцца прадметамі народнага побыту, старымі рукапісамі, фотаздымкамі, кнігамі. Таму заканамерна, што адміністрацыяй школы было прынята рашэнне аб пашырэнні экспазіцыі і змяненні яе тэматыкі. У выніку сумесных намаганняў педагогаў, навучэнцаў, іх бацькоў было абсталявана новае памяшканне, дзе 4 мая 2012 года прайшло ўрачыстае адкрыццё музея з ужо новым статусам — комплексным.
— Дзейнасць музея накіравана на выхаванне патрыёта і грамадзяніна, які паважае гісторыю і культуру свайго народа, а таксама народаў, якія жывуць па-суседску. Актыўная работа музея ажыццяўляецца праз дзейнасць савета, што складаецца з некалькіх сектараў. Кожны сектар узначальваюць навучэнцы старшых класаў. Напрыклад, удзельнікі афарміцельскага сектара займаюцца распрацоўкай новых выстаў і экспазіцый, пошукавага сектара — камплектаваннем фондаў, сектар экскурсійнай работы ладзіць аглядныя і тэматычныя экскурсіі, — расказвае кіраўнік музея Ганна Мацвееўна Рафаловіч.
На думку настаўніцы гісторыі, у кожнага школьнага музея павінна быць адметнасць. Тады ён стане папулярным. Паколькі ваенная тэма ў справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, канечне, важная, аднак неарыгінальная, то ў аснову абноўленай экспазіцыі было вырашана пакласці галоўную асаблівасць горада і раёна — шматнацыянальнасць і шматканфесійнасць. У афармленні актыўную дапамогу школе аказаў Іўеўскі музей нацыянальных культур, з якім ва ўстановы адукацыі наладжаны сяброўскія адносіны. Канечне, у музеі сістэмы культуры захоўваецца значна больш унікальных экспанатаў, аднак і школьнаму музею ёсць чым ганарыцца.
Узяць для прыкладу мугіры — намаляваныя ўручную на аркушах паперы раслінныя арнаменты, выявы свяшчэнных для мусульман мясцін з абавязковым знакавым у ісламскай культуры надпісам на арабскай мове (напрыклад, “няма Бога, акрамя Алаха, і Мухамед — прарок яго”). На некаторых мугірах ёсць элементы родавых гербаў іўеўскіх татар. Адзін з такіх мугіраў прынесла ў музей і Ганна Мацвееўна. Незвычайны твор мастацтва дастаўся мужу настаўніцы ад дзеда. Гэта цяпер ёсць інтэрнэт, а шматлікія турыстычныя агенцтвы і кампаніі на вышэйшым узроўні арганізуюць падарожжа ў любую краіну. Раней жа культурныя і духоўныя сувязі з ісламскім светам падтрымліваліся вось такім арыгінальным чынам.

Татарскія беларусы

Пра іўеўскіх татар варта сказаць асобна. За больш чым 600-гадовае пражыванне татар на нашай зямлі іх звычаі і абрады настолькі цесна перапляліся з беларускімі, што цяпер нават складана вызначыць, хто яны, прадстаўнікі ісламскай культуры Іўя: беларускія татары або татарскія беларусы, а можа проста беларусы-мусульмане. Яскравым таму пацвярджэннем з’яўляецца татарскі Вялікдзень. Для ісламскай культуры гэта, наогул, унікальная з’ява. Нідзе ў свеце, нават у суседніх Польшчы і Літве, татары не адзначаюць так маштабна галоўнае хрысціянскае свята. Канечне, святкаванне носіць хутчэй абрадавае, а не рэлігійнае адценне, ды і адзначаюць яго ў першую чаргу дзеці. Аднак усё роўна мы павінны быць удзячны татарам за тое, што яны да сённяшяга часу захавалі ўнікальную з’яву беларускага фальклору — валачобніцтва.
Вось і наступнай вясной сённяшнія навучэнцы гімназіі № 1 Іўя і Іўеўскай сярэдняй школы з самай раніцы, калі на двары будзе яшчэ цёмна, хуценька апрануцца, возьмуць пакеты, сумкі і дружнай кампаніяй пойдуць у госці да сваіх родзічаў і знаёмых, каб у святочных песнях і жартах працягваць традыцыі продкаў. Дарослыя ў гэты дзень будуць абавязкова адорваць дзяцей прысмакамі і пафарбаванымі ў чысты чацвер яйкамі. На працягу многіх гадоў на Вялікдзень сярод татарскіх дзяцей адбываецца своеасаблівае спаборніцтва на самы вялікі пакет сабраных пачастункаў. Захаваліся ў асяроддзі татар і старадаўнія беларускія народныя песні. Адна з іх, што расказвае пра прыход дружак у госці да маладой, была запісана навучэнцамі Іўеўскай сярэдняй школы падчас фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі, калі разам з Ганнай Мацвееўнай дзеці наведалі татарскае вяселле.
— Асабліва яскрава беларускі ўплыў на абраднасць татар праяўляецца ў азане (хрэсьбінах), вяселлі, пахаванні, памінках. Разгледзім вяселле. Тыпова беларускім тут з’яўляецца момант, калі маладых у доме нявесты ставяць на кажух. Па татарскім звычаі яны павінны быць павернуты пры гэтым тварам на поўдзень, да Меккі. Арыгінальна праходзіць і застолле. Як вядома, у ісламе забараняецца ўжываць віно, аднак у некаторых нашых жыхароў ёсць свая трактоўка традыцый. Яны лічаць, што паколькі Мухамед забараніў толькі віно, а пра гарэлку не сказаў нічога, то на вяселлі не абавязкова павінна панаваць цвярозасць, — паведаміла настаўніца гісторыі.
Падчас вяселля навучэнцы запісалі і некалькі рэцэптаў традыцыйных татарскіх страў (поліўкі з мясам, перакачваннікаў з сырам і мясам, калдуноў, сырнікаў, гальмы). А цяпер увага! Спецыяльна ад іўеўскіх татар для чытачоў “Настаўніцкай газеты” фірменны рэцэпт гальмы. На адзін кілаграм пшанічнай мукі патрэбен кілаграм сметанковага масла і кілаграм мёду. Масла распускаюць у каструлі на пліце і на слабым агні кіпяцяць 10 —15 хвілін, затым малымі порцыямі дабаўляюць муку, на працягу
40 — 45 хвілін сумесь перамешваюць драўлянай лыжкай да таго часу, пакуль яна не пачне сцякаць з лыжкі. Зняўшы з агню, дадаюць мёд і зноў перамешваюць, пакуль сумесь ужо не саб’ецца ў камяк і не будзе свабодна адставаць ад сценак каструлі. На намочаны вадой стол кладуць цеста і раскачваюць яго ў блін таўшчынёй 1-2 см, надаючы форму ромба. Пасля застывання блін разразаюць нажом на кавалачкі ў форме ромбікаў.
Сабраны падчас экспедыцыі матэрыял стаў асновай для стварэння праекта “Татарскае насельніцтва ў Іўі: звычаі, традыцыі, святы”, які ўдзельнічаў у абласным этапе конкурсу на лепшы летапіс населенага пункта рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Пяць раздзелаў

Усе звесткі пра жыццё татарскага насельніцтва захоўваюцца ў раздзеле “Іўеўшчына шматнацыянальная”. Музейныя прадметы расказваюць і пра яўрэяў і, канечне ж, беларусаў. Усяго экспазіцыя музея “Спадчына” налічвае пяць раздзелаў. Акрамя “Іўеўшчыны шматнацыянальнай”, гэта раздзел “З глыбіні вякоў” (археалагічныя знаходкі, архіўныя дакументы, фотаздымкі, што расказваюць пра гісторыю горада са старажытнага часу да пачатку Другой сусветнай вайны), “Беларуская хатка” (прадстаўлены прадметы побыту, працы народнай культуры беларусаў), “Іўеўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” (матэрыялы раздзела адлюстроўваюць подзвіг народа ў гады ліхалецця, цудоўна сведчаць пра тое, да якіх жудасных вынікаў можа прывесці нацыянальная і рэлігійная нецярпімасць). Экспанаты апошняга раздзела “Славутыя землякі” распавядаюць пра рэлігійную і асветніцкую дзейнасць святароў касцёла Святых Пятра і Паўла. Для наведвальнікаў музея праводзяцца такія аглядныя і тэматычныя экскурсіі, як “Сардэчна запрашаем”, “Гісторыя горада Іўе”, “Наша спадчына”, “Гісторыя і культура іўеўскіх татар у экспанатах музея”, “Побыт продкаў”, “У гады ліхалецця”, “Знакамітыя землякі”, “З чаго пачынаецца Радзіма”. Усяго музейны фонд прадстаўлены 657 экспанатамі, 333 з якіх асноўнага.
У музейнай зале захоўваецца і цэлы стос навукова-даследчых работ, створаных навучэнцамі. Сярод апошніх работ, якія папоўнілі незвычайную скарбонку, “Халакост. Трагедыя яўрэйскага народа” (праца адзначана Рэспубліканскім фондам “Халакост”), “Ніхто не забыты, нішто не забыта” (дыплом III ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў у Слоніме), “Дарогамі трох войнаў” (дыплом I ступені на раённай краязнаўчай канферэнцыі).
У апошні час вучні далучаюцца да пошукавай работы праз праектную дзейнасць. У мінулым годзе савет музея “Спадчына” стаў ініцыятарам праекта “Іўеўшчына шмат-нацыянальная”. У рамках праекта навучэнцамі былі створаны такія работы, як “Татарскае насельніцтва ў Іўі: традыцыі, абрады, святы”, “Мой радавод. Даследаванне гісторыі татарскай сям’і”, “Шлях да святыняў”, “Гісторыя яўрэйскага квартала ў Іўі”. Гэтыя работы неаднаразова прадстаўляліся навучэнцамі на канферэнцыях рознага ўзроўню, змешчаны ў іх матэрыял выкарыстоўваецца на факультатыўных занятках і пазакласных мерапрыемствах.
— Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаў праект “Скарбы Іўеўшчыны”, які рэалізоўваўся ў рамках абласнога конкурсу “Скарбы Гродзеншчыны”. На базе музея была арганізавана выстава сямейных і музейных калекцый. Лепшай была прызнана калекцыя вучня 9 класа Аляксандра Рафаловіча. Па выніках конкурсу “Скарбы Гродзеншчыны” ў намінацыі “Баністыка і нумізматыка” яна была адзначана дыпломам II ступені. Сёлета нашы вучні ўдзельнічаюць у праекце, арганізаваным Іўеўскім музеем нацыянальных культур “Пабудуем музей разам”. Пры арганізацыі праектнай дзейнасці музея шырока выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Актывісты музея падрыхтавалі камп’ютарную прэзентацыю “Мы памятаем вашыя імёны”, якая прыняла ўдзел у абласным конкурсе “Мультымедыйныя тэхналогіі ў ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў” і была адзначана дыпломам III ступені. Цяпер мы працуем над стварэннем віртуальнага музея, які, спадзяёмся, дапаможа нам знайсці больш сяброў, — паведаміла дырэктар школы Ганна Казіміраўна Чарняк.
Асаблівае месца ў рабоце музея займае культурна-асветніцкая дзейнасць. Адным з самых любімых школьных свят з’яўляецца фестываль нацыянальных культур “Мы розныя, але мы разам”. Фестываль доўжыцца два дні і прываблівае разнастайнасцю народных песень, танцаў, касцюмаў і абрадаў. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца кірмаш, дзе прадстаўляюцца стравы нацыянальных кухань, і пры гэтым кожную страву, у тым ліку і згаданую ўжо гальму, можна свабодна пакаштаваць. Члены савета музея прымаюць актыўны ўдзел і ў акцыях па ахове помнікаў на тэрыторыі раёна, шэфствуюць над мемарыялам у вёсцы Стоневічы, дзе знаходзіцца масавае пахаванне яўрэяў, расстраляных нацыстамі ў гады вайны. Па ініцыятыве вучняў створаны відэафільм “Мы памятаем”, які распавядае пра гісторыю і трагічны лёс прадстаўнікоў гэтага народа на Іўеўшчыне.

Мы памятаем

Сапраўды, самы незайздросны лёс сярод прадстаўнікоў стракатай палітры народнасцей Іўеўшчыны, выпаў на долю яўрэяў. У гады Вялікай Айчыннай вайны яны былі амаль цалкам знішчаны карнікамі. Тыя ж, хто ўцалеў, эмігрыраваў у Ізраіль або ЗША. А калісьці больш за 70 працэнтаў жыхароў мястэчка былі менавіта яўрэі, у многім дзякуючы ім адбывалася прамысловае развіццё населенага пункта. Таму памяць пра гэты народ жыве сярод мясцовых жыхароў, захоўваюць яе і ва ўстановах адукацыі.
Акрамя Іўеўскай сярэдняй школы, актыўная работа ў гэтым напрамку вядзецца ў вёсцы Трабы. Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Трабскай сярэдняй школы Алена Тадэвушаўна Астрамецкая, ва ўстанове адукацыі з 2008 года дзейнічае валанцёрскі атрад “Цяпло ў далонях”. Яго ўдзельнікі ў рамках праекта “Памятай імя сваё” пры падтрымцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа шэфствуюць над закінутымі яўрэйскімі могілкамі. Удзельнікі атрада працуюць над рэалізацыяй яшчэ трох сацыяльна значных праектаў: “Падары цяпло” (праект накіраваны на аказанне дапамогі адзінокім жыхарам Трабаў), “Жыццё без гвалту” і “Права на надзею” (папярэджанне гандлю людзьмі).
Дзякуючы працы над праектам “Памятай імя сваё”, было наладжана і плённае міжнароднае супрацоўніцтва. А пачалося ўсё пасля таго, як юныя валанцёры спачатку пачысцілі тэрыторыю закінутых могілак ад хмызняку і пустазелля, а потым пафарбавалі літары на надмагільных валунах яркай блакітнай фарбай. Сталася так, што праз могілкі праязджала група турыстаў з Германіі і Польшчы, якіх старшыня Рэспубліканскага фонду “Халакост” Іна Паўлаўна Герасімава везла ў Ашмяны. Кранутыя паважлівымі адносінамі да памяці пра яўрэйскі народ, замежныя госці завярнулі ў Трабы і пачалі шукаць тых, хто зрабіў добрую справу. А ў студзені мінулага года Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын сумесна з Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліканскім фондам “Халакост” запрасіў трабскіх валанцёраў на цырымонію, прысвечаную Міжнароднаму Дню памяці ахвяр Халакоста “Дзеці і Халакост”, што праходзіла ў Мінску. Вынікам цеснага супрацоўніцтва з яўрэйскімі грамадскімі аб’яднаннямі стаў і ўдзел былога дырэктара школы Валянціны Мечыславаўны Марусавай у міжнародным семінары “Метадалагічныя і акцэнталагічныя прынцыпы вывучэння Халакоста”, што праводзіўся ў музеі Яд-Вашэм у Іерусаліме (Ізраіль).
— На тэрыторыі Трабскага сельсавета жывуць беларусы і рускія, літоўцы, армяне і казахі, праваслаўныя і католікі. Для эфектыўнага міжэтнічнага ўзаемадзеяння і паспяховай адаптацыі вучняў у полікультурным асяроддзі праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на паглыбленне ведаў пра культуру, традыцыі і звычаі народаў. Так у мінулым навучальным годзе школа працавала над рэалізацыяй праекта “Зямля бацькоў — мая зямля”, у рамках якога адбыўся фальклорны фестываль “Што ні край, то свой звычай”, была арганізавана выстава работ дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Наш дом талентамі багаты”, урок-падарожжа “Усе мы жыхары Зямлі”, праведзены класныя гадзіны “Усе розныя — усе роўныя”, дыспуты “З чаго пачынаецца сяброўства людзей розных нацыянальнасцей?”. З удзелам святароў прайшоў круглы стол “Культура міжнацыянальных адносін. У чым яна праяўляецца?”, ток-шоу “Маё стаўленне да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей”. Часта арганізоўваюцца экскурсіі ў Іўеўскі музей нацыянальных культур. Не першы год у школе выкладаюцца факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”, “Вучымся жыць у міры і згодзе”, — паведаміла кіраўнік валанцёрскага атрада Рамуальда Станіславаўна Махнач.

Просты адказ

Што тычыцца полікультурнага выхавання, то адпаведная работа, па словах намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама Тарэсы Эдуардаўны Шаблінскай, плённа праводзіцца ва ўсіх установах адукацыі раёна. І выхаванне гэтае адбываецца не толькі падчас фестываляў, класных гадзін, музейных экскурсій, але і знаёмства з рэлігійнымі святынямі райцэнтра: царквой, касцёлам, мячэццю, будынкам былой сінагогі. Наведваюць настаўнікі і вучні і своеасаблівыя адукацыйна-культурныя святыні — экспазіцыю пад адкрытым небам “Кола гісторыі”, дзе на вялікіх валунах змешчаны шыльды з датамі, на якіх пазначаны асноўныя падзеі гісторыі горада. Экскурсійны маршрут абавязкова пралягае і праз манумент, узведзены ў гонар чатырох канфесій.
Дык чаму беларусы талерантныя і гасцінныя? Думаю, знайсці адказ вельмі проста:
трэба ўсяго адзін раз пабываць у Іўі і прайсціся па звілістых вулачках беларускага Іерусаліма.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.