Паляўнічыя за… батарэйкамі

- 15:04Адукацыйная прастора

У Брэсце падвялі вынікі гарадской экалагічнай акцыі “Батарэйкі, здавайцеся!”. Арганізатарам мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел 8 устаноў адукацыі, выступіў Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

— Акцыя праводзілася з мэтай прыцягнення ўвагі вучняў да праблемы ўтылізацыі адходаў, паляпшэння экалагічнай сітуацыі і фарміравання ў школьнікаў адказных адносін да энергарэсурсаў, — расказала загадчыца аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога ЦТіКДіМ Г.І.Уварава. — Радуе, што дзеці ахвотна адгукнуліся на заклік зрабіць родны горад чысцейшым, далучыўшы да акцыі бацькоў, сяброў і знаёмых. Дзякуючы актыўнай і нераўнадушнай пазіцыі школьнікаў, за невялікі час удалося сабраць больш за 17,6 тысячы батарэек, якія былі здадзены на Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод. Улічваючы запатрабаванасць акцыі, было вырашана прадоўжыць яе да наступнага лета.

У індывідуальным заліку перамаглі Кацярына Сагойка, Кацярына Маташук і Ілья Іоўлеў з сярэдняй школы № 9 (1247, 823 і 453 батарэйкі), Ягор Селівончык з сярэдняй школы № 32 (714), Маргарыта Тарасевіч з сярэдняй школы № 18 (440) і Ніколь Петрасян з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава (343). У камандным заліку лепшымі аказаліся вучні сярэдняй школы № 9 (3141 батарэйка), сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата (2687), сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава (2671), сярэдняй школы № 32 (2040) і сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована (685).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.