Палявыя ўмовы і рэальныя выпрабаванні

З 4 па 7 ліпеня ў Спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС праходзіў рэспубліканскі палявы летнік “Выратавальнік”. Нягледзячы на капрызы надвор’я палатачныя гарадкі былі “ўзведзены” і нішто не перашкодзіла дзецям спаборнічаць, адпачываць і з карысцю бавіць час.

У летніку ўзялі ўдзел 8 каманд з усіх рэгіёнаў краіны і ліцэя МНС. Каб трапіць на рэспубліканскі этап, камандам спатрэбіліся воля і імкненне да перамогі ў адборах на рэгіянальным узроўні.

Усё было па-сапраўднаму: палявыя ўмовы і рэальныя выпрабаванні. Арганізатары падрыхтавалі конкурсы, у якіх трэба было праявіць не толькі спрыт і творчыя здольнасці, але і прадэманстраваць свае ўменні, навыкі, якія неабходныя ў жыцці.

Пачаліся спаборніцтвы з баявога разгортвання, устаноўкі палатачных гарадкоў, развядзення вогнішча і творчага конкурсу “БМГАВП — арганізацыя мая”.

Падчас конкурсу “Баявое разгортванне” хлопчыкі і дзяўчынкі павінны былі правільна апрануць баявую форму ратавальнікаў, пракласці рукаўную лінію і пасля падачы вады патрапіць па мішэні. Без памылак і пралікаў выканалі гэтае заданне навучэнцы ліцэя МНС.

Ужо некалькі гадоў запар у конкурсе “Развядзенне вогнішча” пазіцыю лідара займаюць магілёўцы. Высушыць дровы, скласці іх пэўным спосабам і зрабіць так, каб ад адной запалкі вогнішча ўспыхнула і ўмомант перапаліла нацягнутую вяроўку — задача няпростая, але цалкам вырашальная. І таму сакрэт свайго поспеху каманда трымае ў сакрэце.

У конкурсе па ўстаноўцы палатачнага лагера 1-е месца ў ліцэістаў, лепшымі ж у творчым конкурсе на прадстаўленне Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных стала каманда юных ратавальнікаў Гродзеншчыны.

Астатнія спаборніцтвы былі не менш насычанымі. Каманды разгортвалі турыстычную палатку, спаборнічалі ў дакладнай стральбе, а таксама паказвалі веды і ўменні ў ліквідацыі тэхнагеннай аварыі і конкурсе першай медыцынскай дапамогі.

Па выніках спаборніцтваў прызёраў узнагародзіў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. Лепшыя вынікі паказалі каманды ліцэя МНС, на 2-м месцы — каманда з Магілёва, на 3-м — прадстаўнікі Віцебскай вобласці.

Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *