Палюбіць разнастайнасць

- 12:17Спецыяльная адукацыя

Што самае важнае для чалавека з інваліднасцю? Магчымасць зносін з людзьмі і справа, якая сапраўды падабаецца. Сёння мы гутарым з Аленай СЯРКУЛЬСКАЙ — трохразовай чэмпіёнкай свету і двухразовай чэмпіёнкай Еўропы па танцах на калясках. Усю сваю дзейнасць яна падпарадкоўвае ўвасабленню ідэй інклюзіі ў жыццё, пошуку разнастайных відаў заняткаў для тых, хто ў пэўнай ступені аказаўся ізаляваным ад грамадства. Алена — кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры лячэбнай фізічнай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, старшыня грамадскага аб’яднання інвалідаў “Асаблівы свет”. Яна знаходзілася ля вытокаў стварэння танцавальнага тэатра-студыі “Мандарын”, які вядомы сёння не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Мая інклюзія

Алена Сяркульская ў спорце з шасці гадоў. Падчас вучобы ў спартыўнай школе-інтэрнаце — сённяшнім вучылішчы алімпійскага рэзерву — займалася скачкамі ў ваду. Стала майстрам спорту, увайшла ў зборную Беларусі па гэтым відзе спорту, атрымала бронзавы медаль на чэмпіянаце СССР. Дзяўчына займалася спортам і ва ўніверсітэце фізкультуры. Выбрала найбольш папулярны ў той час кірунак — фрыстайл. Напачатку ўсё складвалася добра, а потым… быў той ракавы скачок падчас трэніровачных збораў на Эльбрусе. У выніку Алена атрымала траўму пазваночніка, пачала перамяшчацца ў інваліднай калясцы. Было ёй тады 19 гадоў.
“Я вельмі ўдзячна ўрачам, якія аказалі мне своечасовую дапамогу і падтрымку, настроілі на выздараўленне. Яны заўсёды ўпэўнівалі, што якасць майго далейшага жыцця ў многім будзе залежаць ад маёй прагі палепшыць яго, штодзённых намаганняў на гэтым шляху, — расказала Алена. — Медыкі парэкамендавалі мне масаж, пасіўныя практыкаванні, расцяжкі, заняткі з гантэлямі для ўмацавання рук і г.д. Менавіта штодзённая фізічная нагрузка падтрымлівала ў тонусе маё цела, а новыя захапленні дапамаглі захаваць радасць жыцця”.
Дзесяць гадоў Алена знаходзілася дома, можна сказаць, “у ізаляцыі”. Яна не бачыла сэнсу ў далейшай вучобе, у пошуку работы. Сяброў таксама не шукала, асабліва сярод здаровых людзей, бо была ўпэўнена, што яны зразумець хворага чалавека не змогуць. Але дзяўчына працягвала старанна выконваць рэкамендацыі медыкаў: кожны дзень займалася фізкультурай, асвоіла ўсе віды рукадзелля — шыла, вязала, гатавала смачныя стравы.
Да актыўнага жыцця Алену вярнулі танцы на калясках. Знаёмыя ўгаварылі яе, нарэшце, пайсці ў танцавальны гурток. І ўвесь свет змяніўся. Аднойчы Алена трапіла на мерапрыемства па актыўнай рэабілітацыі з удзелам шведскіх спецыялістаў, якія расказалі аб шырокіх магчымасцях інвалідаў у сваёй краіне, пра іх захапленні. І ўбачыла сваё будучае па-новаму, ацаніла яго больш пазітыўна.
…Сёння яна рэалізоўвае сябе на ўсе сто працэнтаў, свабоднага часу амаль не мае, заўсёды ў рабоце. “Мне нецікава рабіць адно і тое ж, я люблю разнастайнасць”, — кажа Алена. — Чытаю студэнтам лекцыі ва ўніверсітэце па адаптыўнай фізкультуры, побач са мной заўсёды маладыя людзі з дыпломнымі, курсавымі і магістарскімі работамі. Працую таксама інструктарам і ў цэнтры рэабілітацыі і сацыяльнай падтрымкі інвалідаў. Шмат клопатаў у мяне як у старшыні арганізацыі “Асаблівы свет”. Не ўяўляю свайго жыцця без спорту — займаюся вялікім тэнісам. Стала чэмпіёнкай Беларусі па плаванні сярод людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, асвоіла бодзіфлекс, ёгу, стральбу з лука і г.д. Я мабілізую сябе, мне многае ўдаецца дзякуючы энергічнасці і тэмпераменту. Падтрымлівае мяне як маральна, так і фізічна сям’я — без блізкіх людзей я не змагла б рэалізоўваць усё задуманае. Ёсць у мяне і яшчэ адзін добры памочнік — аўтамабіль, якім з задавальненнем кірую”.

Патрабаваць роўных умоў

“Сёння ў грамадстве ўсё актыўней абмяркоўваецца тэма інклюзіі. На мой погляд, інклюзія — гэта не толькі пасіўная канстатацыя патрабаванняў з боку людзей з інваліднасцю, маўляў, усе абавязаны помніць пра нашы правы, — лічыць Алена. — Інклюзія — гэта пазітыўная актыўнасць саміх людзей з інваліднасцю. Калі, напрыклад, дзіця з абмежаваннямі прыходзіць у звычайную школу, то ад яго самога ў многім залежыць, як прымуць яго здаровыя равеснікі. Яно можа прыняць на сябе ролю ахвяры, а можа стаць і самым паважаным вучнем у класе. Людзі часам хаваюцца за інваліднасцю, каб не выконваць нейкія абавязкі, якія ад іх патрабуюць і якія ім па сілах. Але многае залежыць ад сітуацыі. У адной чалавек з інваліднасцю скажа: “Прапусціце, калі ласка, мяне наперад!”, а ў другой будзе гаварыць аб роўных да ўсіх адносінах”.
Па меркаванні Алены Сяркульскай, сёння трэба не толькі абмяркоўваць правы людзей з абмежаваннямі, а дзейнічаць: ствараць умовы для іх паўнацэннага жыцця ў соцыуме, і менавіта — адаптыўнае асяроддзе, якое дазволіла б ім вучыцца, працаваць, адпачываць і г.д. Праблема не толькі ў зняцці знешніх бар’ераў, але і ў пераадоленні перашкод пры міжасабовых адносінах, пры выкананні здаровымі людзьмі элементарных правіл добразычлівасці і ўвагі да людзей з абмежаваннямі. Некаторыя вадзіцелі ставяць свае машыны на паркоўкі, прызначаныя для інвалідаў (каля гіпермаркетаў, напрыклад), і не разумеюць, што для кагосьці спецыяльнае парковачнае месца — вельмі важная жыццёвая неабходнасць.
Пры вырашэнні пытання інклюзіі дзяцей з абмежаваннямі ў школах асноўны акцэнт сёння робіцца, як правіла, на тым, каб дзіцяці было зручна сядзець за партай, каб яно добра чула тлумачэнні настаўніка і бачыла, што напісана на дошцы. Пры адсутнасці гэтых умоў яно, зразумела, не асвоіць праграму. Але трэба памятаць і пра наладжванне добрых узаемаадносін паміж дзецьмі ў класе. Многія здаровыя дзеці не імкнуцца сябраваць з равеснікамі з інваліднасцю, яны часам як “іншапланецяне” — выглядаюць адзінокімі, адчужанымі. Але для людзей з інваліднасцю здаровыя людзі таксама не заўсёды зразумелыя.
Калі дзіцяці з абмежаваннямі дыскамфортна сярод аднакласнікаў, у яго можа праявіцца негатыўнасць да тых, хто побач. Але апраўдаць яго можна: нялёгка знаходзіцца ў пастаянным напружанні і пераадоленні цяжкасцей, звязаных не толькі з інваліднасцю, але і з узаемаадносінамі — з равеснікамі і нават з настаўнікамі, якія, на жаль, не заўсёды вылучаюцца разуменнем і спагадай. “Раскажу пра выпадак, які адбыўся ў адной са школ, — паведаміла Алена. — Дзеці ўсім класам збіраліся на прагулку, а дзяўчынку на калясцы педагог вырашыла пакінуць у класе, маўляў, шмат складанасцей, яе трэба апранаць, вазіць за сабой на вуліцы. Дзяўчынка запэўнівала, што ўсё яна можа зрабіць сама. Тым не менш яе пакінулі адну ў класе, да таго ж загадалі сцерагчы адзенне аднакласнікаў. Калі ўсе пайшлі, дзяўчынка ад крыўды напісала запіску: “Я не сабака, каб сцерагчы!”, затым зачыніла класны пакой і адправілася дадому.
Калі паразважаць, то ў педагогаў увогуле не павінна ўзнікаць пытання аб мэтазгоднасці прагулак дзяцей з абмежаваннямі з аднакласнікамі, як і думак, ці варта іх далучаць да творчых выступленняў у школьных канцэртах і іншых мерапрыемстваў. У каго, як не ў настаўнікаў, павінна спрацоўваць пачуццё гуманізму і любові да ўсіх дзяцей. Усе яны асвойваюць і выконваюць разнастайныя сацыяльныя ролі, вучацца зносінам, сяброўству. Гэтая навука нават важнейшая, чым матэматыка і іншыя прадметы.
Калі і як вучыцца сяброўству? Падчас урокаў рабіць гэта складана. На перапынках дзеці “кучкуюцца” і амаль не заўважаюць дзяцей не са сваёй групы. Не садзейнічаюць сяброўству і такія пазакласныя мерапрыемствы, як паходы ў кіно і тэатр, куды звычайныя дзеці іду ць без бацькоў, а дзяцей з абмежаваннямі абавязкова суправаджаюць бацькі, і, значыць, шчырых непасрэдных зносін паміж аднакласнікамі не атрымаецца. Сяброўства пачынаецца пры свабодным кантактаванні. Гэта могуць быць заняткі творчасцю або спортам, цікавая гульнявая дзейнасць, а таксама ўсе віды актыўнага адпачынку”.

Даступны спорт і адпачынак

Па ініцыятыве М.П.Асіпенка, загадчыцы ясляў-сада № 65 Мінска, які наведваюць дзеці з парушэннем апорна-рухальнага апарату, Алене Сяркульскай у 2000 годзе прапанавалі пазаймацца танцамі на калясках з групай дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў. Ужо ў працэсе высветлілася, што інклюзіўны характар заняткаў падтрымліваць складана. Здаровых партнёраў, якія жадалі б танцаваць з дзецьмі на калясках, знайсці не ўдавалася. І рашэнне прыйшло: танцамі з дзецьмі пачалі займацца іх бацькі. Пачаў свой адлік унікальны вопыт — пры грамадскай арганізацыі “Асаблівы свет” быў створаны танцавальна-тэатральны ансамбль “Мандарын”. А методыка навучання дашкольнікаў танцам на калясках, якую Алена Сяркульская сама распрацавала, легла ў аснову яе кандыдацкай дысертацыі.
Калектыў “Мандарына” шмат гастралюе, ён стаў пераможцам і прызёрам шматлікіх турніраў, фестываляў, конкурсаў. Адна з апошніх перамог была ў пачатку красавіка 2015 года. У галандскім горадзе К’юік у рамках Кубка свету праходзіў Адкрыты чэмпіянат Галандыі па танцах на калясках. Наша пара, Соф’я Празднова і Соф’я Бранько, прывезла з гэтых спаборніцтваў два залатыя медалі. Упершыню ад Беларусі была прадстаўлена дзіцячая пара — дзяўчынкам адпаведна было 10 і 12 гадоў. Упершыню яны выступалі на спартыўных спаборніцтвах такога ўзроўню. Дарэчы, спаборніцтвы гэтыя праводзяцца ўжо 27 гадоў, менавіта з іх пачалася кар’ера нашых спартсменаў-чэмпіёнаў у танцах на калясках — Барыса Бачкоўскага, Ганны Гарчаковай, Веранікі Махортавай, Ганны Сірацюк і маёй суразмоўцы Алены Сяркульскай.
У рамках супрацоўніцтва з Міжнародным дзіцячым фондам у Беларусі грамадскае аб’яднанне “Асаблівы свет” на працягу некалькіх гадоў арганізоўвае інтэграцыйны форум дзіцячых ініцыятыў. Яго мэта — прадэманстраваць шматбаковыя здольнасці і таленты дзяцей з інваліднасцю. Форум праходзіць у школах, дзе арганізавана інтэграванае навучанне. У мінулым годзе 12 школ Мінска прымалі ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства. І ва ўсіх установах атрымалася сапраўднае свята — дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах на лепшы малюнак і лепшае фота, для іх ладзіліся спартыўныя гульні, эстафеты, майстар-класы па вялікім і настольным тэнісе.
Падчас такіх мерапрыемстваў “Асаблівы свет” прэзентуе не толькі свае дасягненні, яго актывісты расказваюць аб іншых новых цікавых ідэях. Напрыклад, аб планах па развіцці — новых для Беларусі — відаў адаптыўнага спорту і адпачынку, якія даступны людзям з самымі рознымі абмежаваннямі: танцавальнага фітнесу, паратурызму (безбар’ерных турыстычных маршуртаў па краіне), адаптыўнага тэнісу на інвалідных калясках. Арганізацыя папулярызуе адаптыўныя настольныя спартыўныя гульні, якія прывёз і прэзентаваў у нашай краіне латвійскі гросмайстар па новусе (марскім більярдзе), 12-разовы чэмпіён свету, 35-разовы чэмпіён Латвіі, чэмпіён Масквы па новусе Гунтарс Браліціс. Яго гульні цікавыя як для дзяцей, так і для дарослых — як для здаровых людзей, так і для тых, у каго ёсць абмежаванні.
Возьмем, напрыклад, новус. У спаборніцтвах па ім людзі з інваліднасцю выступаюць нароўні са здаровымі і нават выйграюць у іх. Для перамогі ў марскім більярдзе ўдзельніку патрабуецца дакладнасць рухаў, уседлівасць, добры вакамер. Гульня “Тэйбл Эласцік” падыходзіць людзям з праблемамі зроку. “Шафлборд”— цудоўная спартыўная гульня для трэніроўкі лагічнага мыслення, памяці, дробнай маторыкі і зрокавага ўспрымання. Настольны боўлінг дапамагае гульцам развіваць маторыку, яго рэкамендуюць дзецям. Цікавыя гульні кульбута, джакола, матрошка, карум, тэйбл боўлінг, а таксама нок-хакей, палет пентаж, настольны кёрлінг, бокс-хакей. Паспрабаваць свае сілы ў гэтых адаптыўных настольных гульнях могуць сёння наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска.
“У найбліжэйшых планах нашай арганізацыі — рэалізацыя праекта па стварэнні інклюзіўных гульнявых пляцовак па настольных спартыўных гульнях, — расказала Алена. — Ужо рыхтуем валанцёраў, якія будуць дапамагаць людзям з інваліднасцю асвойваць усе гэтыя гульні. Плануем набыць належнае абсталяванне, якое будзе ўстаноўлена ў пілотных установах адукацыі (у Баранавічах і ў Мінску). Мяркую, што ў будучым такія інклюзіўныя гульні з’явяцца ў кожным рэабілітацыйным цэнтры і нават у кожнай школе. Настаўнікі фізкультуры, напрыклад, змогуць уключаць іх і ў свае заняткі, і ў спартыўныя святы, а таксама выкарыстоўваць падчас адпачынку дзяцей”.

Надзея ЦЕРАХАВА.