Паменшыць выдаткі, палепшыць якасць

- 11:28Навіны рэгіёнаў

З верасня ў Веткаўскім раёне пачынаецца эсперымент, які мусіць распаўсюдзіцца і на іншыя рэгіёны Гомельшчыны. Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, размова ідзе пра ўвасабленне ў жыццё даручэння старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя — рэалізацыю праекта аптымізацыі сістэмы арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі вобласці.

На Веткаўшчыне праведзена дасканалае абследаванне, пасля якога вызначаны ўстановы адукацыі ў сельскіх населеных пунктах, дзе колькасць навучэнцаў меншая за 100 чалавек, а таксама тыя, што размешчаны на адлегласці, не большай за 5 км, паміж населенымі пунктамі.

— У праект плануецца ўключыць дзевяць устаноў адукацыі. Гэта Радужская сярэдняя школа імя М.Р.Батракова, Прыснянская базавая школа, Пыханская базавая школа, Данілавіцкі дзіцячы сад—пачатковая школа, Навасёлкаўскі дзіцячы сад—пачатковая школа, Шэрсцінская базавая школа, Хальчанская базавая школа, Веткаўскі цэнтр ка­рэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, гімназія Веткі. Ва ўсіх гэтых установах адукацыі займаюцца 865 чалавек, — расказвае начальнік аддзела забеспячэння і арганізацыі харчавання Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Людміла Бендэрская. — Гатаваць ежу для іх плануецца на базавых харчаблоках Радужскай сярэдняй школы імя М.Р.Батракова і гімназіі Веткі — менавіта ў гэтых установах адукацыі дастатковая вытворчая магутнасць аб’ектаў харчавання. Гатовая прадукцыя ў іншыя ўстановы адукацыі адсюль будзе дастаўляцца спецыяльным аўтатранспартам у тэрмакантэйнерах.

На сённяшні дзень сталовая Радужскай сярэдняй школы імя М.Р.Батракова разлічана на гатаванне і рэалізацыю 1150 страў на дзень, 500 страў у гадзіну. Усталяванне дадатковага тэхналагічнага абсталявання дасць магчымасць павялічыць вытворчыя магутнасці. Для гэтага запланавана перадача абсталявання з іншых устаноў адукацыі раёна. Ужо сёння вытворчыя цэхі аснашчаны тэхналагічным абсталяваннем, якое адпавядае патрабаванням існуючых стандартаў. Летась пабудавана сховішча для агародніны.

Дарэчы, у сталовых-раздатачных устаноў адукацыі, якія ўключаны ў пілотны праект, кухар будзе не толькі ажыццяўляць раздачу прывезеных гарачых страў, але і наразаць салат, хлеб, вырабляць гастранамію. Там жа будзе ажыццяўляцца мыццё сталовага посуду і тэрмакантэйнераў.

За два месяцы да пачатку дзейнасці праекта неабходна набыць спецыяльны аўтатранспарт, стэлажы, тэрмакантэйнеры, гастраёмістасці, вытворчыя ванны і іншае абсталяванне. Для якаснага і карыснага гатавання страў, якія падыходзяць для дзіцячага харчавання, плануецца набыць параканвектамат. Гэты сучасны прыбор дазваляе гатаваць ежу пры дапамозе цыркуляцыі ў печы гарачага паветра ці пары. У выніку атрымліваюцца смачныя і карысныя стравы для дзіцячага харчавання.

Таксама, лічаць у галоўным упраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама, базавыя харчаблокі неабходна будзе абсталяваць камерамі відэаназірання. Рэалізацыя гэтага праекта павінна паменшыць выдаткі на спажыванне электра­энергіі, водазабеспячэнне, дапамагчы кантраляваць працэсы гатавання ежы, выключыць крадзяжы на аб’ектах харчавання. Калі эксперымент будзе ўдалым, яго паступова распаўсюдзяць спачатку ў Гомельскім і Светлагорскім раёнах, а потым і па ўсёй Гомельшчыне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.