Памеры датацый на пуцёўкі ў лагеры ўзрастуць

- 10:18Інфармацыйная гадзіна

Памеры датацый на пуцёўкі для дзяцей у лагеры на летніх канікулах у Беларусі ў 2016 годзе ўзрастуць. На гэтыя мэты плануецца накіраваць больш за Br340 млрд, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

Са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне адной пуцёўкі ў аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем будзе накіравана Br1 млн 600 тысяч (у мінулым годзе было Br1 млн 400 тысяч), з дзённым знаходжаннем — Br660 тысяч (было Br580 тысяч), у профільныя аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш як 9 дзён — Br680 тысяч (было Br600 тысяч), у лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем — Br740 тысяч (было Br650 тысяч).
Паводле слоў дырэктара цэнтра, у летнія месяцы плануецца аздаравіць у лагерах усіх тыпаў як мінімум 346,7 тысячы школьнікаў.
Летам мінулага года былі на аздараўленні 362 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў (105,2 працэнта ад плана). Генадзь Балбатоўскі нагадаў, што ў краіне аздараўленне школьнікаў традыцыйна праводзіцца таксама на асенніх, зімовых, вясенніх канікулах у лагерах з дзённым знаходжаннем і ў профільных лагерах.