Паміж даросласцю і адчуваннем дзяцінства

- 15:36Першае працоўнае месца

Вераніка Гарашчэня, 21-­гадовая настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 33 Мінска, — самая юная ўдзельніца і пераможца конкурсу прафмайстэрства “Мінскі майстар — 2021”. У ім традыцыйна ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных прафесій: рабочыя, кіраўнікі, урачы, спартсмены, педагогі, прадстаўнікі сілавых структур. Летась Вераніка Ігараўна перамагла і ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Будучыня ў сучаснасці” ў намінацыі “Мы — маладыя”.

— Прафесію выбрала невыпадкова: з’яўляюся прадстаўніком дынастыі педагогаў. З дзяцінства імкнулася вучыць, марыла стаць настаўнікам, — гаворыць Вераніка. — Пасля заканчэння сталічнага педкаледжа трапiла на работу ў гiмназiю № 33 Мiнска. Дзякуючы цудоўным умовам, якія тут створаны для маладых спецыялiстаў, высокаму ўзроўню метадычнага суправаджэння, мне ўдалося паспяхова выступіць i перамагчы ў самых прэстыжных конкурсах. Асаблівую падтрымку аказалі дырэктар установы Аксана Барысаўна Якубоўская і намеснік дырэктара Ірына Бернардаўна Латош.

Вераніка Ігараўна летась прыйшла ў свой 1 клас, дзе вучыцца 21 хлопчык і 11 дзяўчынак. Бацькі дзяцей даверылі юнаму педагогу клопат аб іх. І захлынулi вечныя пытанні: як наладзіць дысцыпліну ў класе? Як паставіць мэту ўрока і дасягнуць яе?

— Сустрэча з першым настаўнікам для дзіцяці — гэта сустрэча з новым, вельмі значным чалавекам. Менавiта гэтая сустрэча павiнна дапамагчы дзіцяці прая­віць індывідуальнасць, набыць упэўненасць у будучыні. Галоўнай маёй мэтай стала дапамога пачаткоўцам у іх адаптацыі да новай рэальнасці, стварэнне калектыву. Мне захацелася стаць для іх добрым сябрам. Вучу дзяцей бачыць добрае і цудоўнае вакол сябе. Мае вучні вельмі актыўныя і шустрыя. У 1 класе многім з іх было цяжка ўседзець за партай. Але не лічу сябе прыхільніцай строгай дысцыпліны.

Вераніка Гарашчэня:
“У нас з дзецьмі вельмі даверлівыя адносіны. Яны дзеляцца са мной усім, што іх турбуе. Па магчымасці застаюся ў школе пасля ўрокаў у групе прадоўжанага дня, каб паразмаўляць з вучнямі на тэмы, якія іх хвалююць.“

Поспех настаўніка пачатковай школы напрамую залежыць ад яго асабістых якасцей: любові да дзяцей, чуласці і ўвагі да дзіцячых патрэб, умення правільна рэагаваць на дзіцячыя канфлікты, далікатнасці і гуманізму. Не менш важныя камунікатыўныя здольнасці, высокая духоўная і агульная культура, пачуццё такту і талерантнасці, цвёрдыя маральныя прынцыпы. Настаўніку важна быць ветлівым і ўважлівым, каб выпадкова не пакрыў­дзіць дзіця словам ці поглядам, быць справядлівым да кожнага. Юны педагог вывела для сябе своеасаблівую формулу поспеху. Яна заключаецца ў захаванні педагагiчнага балансу паміж даросласцю і адчуваннем дзяцінства.

— Наша мэта не толькі вучэбная, — падкрэслівае Вераніка Ігараўна. — Паміж дзецьмі трэба наладзіць добрую камунікацыю, каб яны ўмелі слухаць, чуць і пава­жаць адно аднаго з маленства. Вучу іх быць ветлівымі, гава­рыць “дзякуй”, спачуваць таму, хто побач. Асобны напрамак работы — пашырэнне кругагляду, выхаванне любові да сваёй краіны. Многія людзі імкнуцца адпачы­ваць за мяжой, але пры гэтым не ведаюць славутасцей роднай зямлі. З вучнямі мы шмат вандруем па Беларусі. Наш клас як адна дружная сям’я, дзе ўсе пытанні вырашаюцца ва ўзаемадзеянні, узаемаразуменні, узаемадапа­мозе. Часам дзеці разважаюць, каго з іх я больш люблю. Я ж цікаўлюся ў іх: “А хіба тата цябе лю­біць менш, чым мама, ці ты любіш маму менш, чым тату? Кожнага з вас я люблю”.

У 1 клас да Веранікі Ігараўны прыйшлі вучні рознага ўзроўню падрыхтаванасці. Адны ўмелі чытаць, пісаць і лічыць, іншым яшчэ належала гэтаму навучыцца.

— Не кожнае дзіця здольна даць імгненны адказ на пытанне педагога. Але я ніколі не скажу вучню, які доўга думае: “Сядай, не ведаеш”, — гаворыць Вераніка Ігараўна. — Прапаную падумаць і адказаць пазней, але ніколі не забываю спытаць яго яшчэ раз. Запрашаю вучняў на падтрымліваючыя і стымулюючыя заняткі, прашу баць­коў далучацца да выпраўлення недахопаў у ведах дзяцей. Важна разабрацца ў прычынах вучнёўскай непаспяховасці — яны могуць быць як псіхалагічнымі, так і фізіялагічнымі.

На ўроках Вераніка Ігараўна выкарыстоўвае развіццёвае навучанне, дзейнасны падыход. Уся паралель 2-х класаў гімназіі ўдзель­нічае ў інавацыйным праекце “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў”. Найбольш здольным вучням Вераніка Ігараўна дае дадатковыя індывідуальныя заданні, рыхтуе іх да конкурсаў, фестываляў, алімпіяд. Зараз, напрыклад, разам з вучнем Вадзімам Букрэевым рыхтуе работу для ўдзелу ў гарадскім фестывалі праектных і даследчых работ вучняў пачатковых класаў “Пазнанне і творчасць”.

— Мая штодзённая работа — гэта мой уклад у будучыню, — упэўнена педагог. — І я нясу за гэта адказнасць, таму імкнуся ў любой сітуацыі захоўваць унутраны пазітыў. Бо мы, педагогі, як і бацькі, уплываем на фарміраванне лепшых чалавечых якасцей у дзяцей. Менавiта мы з’яўляемся сацыяльнымi выхавальнiкамi дзяцей i iх бацькоў, адказваем за лёс кожнага вучня, а значыць, i за лёс нашай краiны.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.