Паміж коштам і якасцю: якую дашкольную ўстанову выбраць?

- 12:04Актуально, Рознае

Днямі ў прэс-цэнтры газеты “Аргументы і факты” ў Беларусі” прайшла прэс-канферэнцыя на тэму “Як правільна выбраць дашкольную адукацыю для дзіцяці?”. Абмяркоўваліся вельмі актуальныя пытанні: недахоп месцаў у дашкольных установах і платныя паслугі, захаванне здароўя выхаванцаў, дзейнасць прыватных садоў і іншыя. У дыскусіі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя, а таксама кіраўнікі прыватных адукацыйных цэнтраў для дзяцей дашкольнага ўзросту.

“Сёння ў нашай краіне функцыянуе 4030 устаноў дашкольнай адукацыі, — адзначыла кансультант аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Юлія Мікалаеўна Кіслякова. — Дашкольным выхаваннем у цэлым па краіне ахоплена 92,8 працэнта дзяцей. Адна з асноўных задач, акрэсленых дзяржаўнай праграмай развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Беларусі, разлічанай на 2009—2014 гады, — будаўніцтва новых устаноў для дзяцей. На 1 верасня бягучага года ў краіне былі адкрыты 7 такіх устаноў. У найбліжэйшыя месяцы плануецца адкрыць яшчэ тры. Асабліва вострую патрэбу ў садах маюць жыхары мікрараёнаў-новабудоўляў і мікрараёнаў кропкавай забудовы. Найбольш складаная сітуацыя ў Мінску. Гэтая праблема вырашаецца не толькі праз узвядзенне новых устаноў, але і праз арганізацыю падвозу дзяцей да існуючых, больш далёкіх устаноў раніцай, а ўвечары — дадому. Зараз у Мінску дзейнічаюць тры такія “бацькоўскія” маршруты — у Першамайскім і Фрунзенскім раёнах.

З кожным годам усё большы попыт маюць платныя адукацыйныя паслугі, якія аказваюць дашкольныя ўстановы дзяржаўнай формы ўласнасці (як згодна з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, так і звыш таго, што прапаноўвае праграма). Кожная ўстанова імкнецца гнутка рэагаваць на запыты бацькоў. У садах актыўна развіваецца сетка груп кароткачасовага наведвання, адкрываюцца адаптацыйныя пляцоўкі і мацярынскія школы, працуюць групы выхаднога дня і вячэрнія групы, сезонныя і прагулачныя пляцоўкі. Вялікай запатрабаванасцю ў бацькоў і дзяцей карыстаюцца паслугі эстэтычнай накіраванасці, у прыватнасці, навучанне дзяцей харэаграфіі, а таксама гурткі, якія развіваюць мастацкія здольнасці — там дзеці займаюцца лепкай, габеленапляценнем, робяць аплікацыі. На другім месцы па папулярнасці — спартыўныя гурткі. Многія бацькі выбіраюць для сваіх дзяцей гурткі па навучанні замежнай мове (англійскай, польскай, нямецкай і французскай) і гурткі, дзе дзяцей вучаць элементам камп’ютарнай граматнасці”.
Бацькі шукаюць для сваіх дзяцей такую ўстанову, дзе для іх будуць створаны найбольш камфортныя ўмовы, дзе іх фізічнаму і псіхалагічнаму здароўю нічога не будзе пагражаць. Але прычыны для хваляванняў у бацькоў пакуль што ёсць. Па статыстыцы, якую агучыла загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 8-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Людміла Аляксандраўна Барысёнак, сярод паталогій, што сустракаюцца ў дзяцей з 3 да 5 гадоў, на першым месцы — дэфекты маўлення, якія маюць 12% малышоў, затым ідуць паталогіі органаў зроку (9%) і парушэнне паставы (5%). Калі дзецям спаўняецца 6 гадоў, сітуацыя мяняецца: парушэнне паставы назіраецца ўжо ў 20% дашкольнікаў, паталогія органаў зроку — у 14%, а дэфекты маўлення — на тым жа ўзроўні. Насцярожвае ўзрастанне артапедычнай паталогіі ў дзяцей, у тым ліку скаліёзу і востэахандрапатыі.

Калі бацькі выбіраюць, у якую дашкольную ўстанову аддаваць сваё дзіця, — дзяржаўную або прыватную, то часцей за ўсё зыходзяць са сваіх фінансавых магчымасцей (бо плата за наведванне прыватных устаноў складае 400—500 умоўных адзінак у месяц). Бацькоў, якія гатовы плаціць такую суму, прыцягвае ў прыватных установах меншая напаўняльнасць груп (да 15 чалавек), 5-разовае харчаванне, вялікая колькасць адукацыйных паслуг. Сёння ў краіне дзейнічае 10 дашкольных устаноў прыватнай формы ўласнасці, у тым ліку вучэбна-педагагічныя комплексы “школа — сад”. У іх таксама рэалізуецца дзяржаўная праграма дашкольнай адукацыі. Існуюць і цэнтры ранняга развіцця, клубы і студыі, якія аказваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі. Дырэктар адной з прыватных устаноў адукацыі Ілона Герашчанка адзначыла: “Наш міжнародны дзіцячы адукацыйны клуб працуе з дзецьмі ва ўзросце ад 6 месяцаў да 11 гадоў. Яны маюць магчымасць навучацца не толькі на рускай мове, але і на англійскай, іспанскай. Дзеці вучацца думаць, лічыць, пісаць і размаўляць на замежных мовах. З розных праграм, якія прапаноўваюцца ў клубе, бацькі могуць выбраць тую, якая адпавядае, па іх меркаванні, інтарэсам дзіцяці. Заняткі па падрыхтоўцы дзяцей да школы праходзяць на рускай мове ў адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы дашкольнай адукацыі нашай краіны, паколькі дзеці, якія наведваюць клуб, ідуць вучыцца пераважна ў беларускія школы. Спецыялісты клуба ў курсе найноўшых тэндэнцый у галіне адукацыі і ўкараняюць самыя эфектыўныя методыкі навучання і праграмы, у шэрагу якіх оксфардская сістэма навучання чытанню, аўтарскі курс іспанскай мовы для дзяцей ад 4 гадоў і іншыя. Наша ўстанова супрацоўнічае з лепшымі школамі Англіі, Іспаніі, Мальты”.

Ілона закранула пытанне перспектыў адкрыцця прыватных адукацыйных устаноў у Беларусі. З аднаго боку, такі працэс вітаецца сёння на ўсіх узроўнях, у тым ліку прадстаўнікамі ўлады, бо прыватныя ўстановы адукацыі часткова вырашаюць праблему перагружанасці дзяржаўных дашкольных устаноў. Бацькі таксама зацікаўлены ў пашырэнні магчымасцей адукацыі сваіх дзяцей. Тым не менш колькасць прыватных устаноў павялічваецца вельмі марудна. І галоўная перашкода на гэтым шляху — высокі кошт іх будаўніцтва, а таксама пакупкі або арэнды памяшканняў, якія адпавядалі б усім санітарным нормам і правілам дзіцячых устаноў. Неабходна, каб з’явіліся такія заканадаўчыя акты, якія палепшылі б эканамічныя ўмовы для развіцця прыватных адукацыйных паслуг.

Надзея ЦЕРАХАВА.