Паміж небам і зямлёй

- 9:46Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

Кожны настаўнік настройваецца на новы навучальны год ­па­-свойму. Адзін для гэтага складае планы, другі — праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, хтосьці — штодзённікі і ручкі ў сумку, а наша сённяшняя гераіня складае… парашуты. Менавіта асалода ад скачкоў у небе найлепш накіроўвае яе працоўны палёт.

Вызначальны скачок

Настасся Гаўрыш выкладае англійскую мову малодшым школьнікам у сярэдняй школе № 200 Мінска. З мая да апошніх жнівеньскіх дзён яна на зборах і не хоча рабіць выбар паміж “нябеснай” справай і “зямной”. І нават яе вучні не могуць раздзяліць у сваёй настаўніцы дзве гэтыя ролі і таксама мараць, як і іх Настасся Алегаўна, некалі выкладаць англійскую і скакаць з парашутам.

“Дзіцем я не рвалася у спорт. Усё змянілася пасля 10 класа, — успамінае настаўніца. — Я тады вучылася ў школе ў Навагрудку, а мой дзядзька займаўся парашутным спортам у Мінску. І я вельмі хацела стаць такім жа спартсменам, як ён. Да 16 гадоў нельга было скакаць самастойна, але я ўгаварыла дзядзьку. Скачок з інструктарам мне падаваўся несур’ёзным, нейкай забаўкай. І сёння памятаю, як не магла заснуць усю ноч перад паездкай у Мінск, на Баравую (тады гэта яшчэ быў аэрадром). Ужо тады я прыехала з устаноўкай, што не проста паспрабую скок­нуць, а пачну спартыўную кар’еру”.

Зрэшты, так і сталася. Калі трэба было вырашаць, куды паступаць, дзяўчына выбірала навучальную ўстанову тэрытарыяльна — толькі Мінск з яго Баравой. Прафесія для яе тады не мела значэння — яна паступіла ў лінгвагуманітарны каледж, а пасля яго скончыла і МДЛУ. Галоўным для яе было паралельнае навучанне на Баравой. Паўгода тэорыі, пазней — практыка: спачатку тры скачкі з круглым парашутам, а потым з рознымі. Толькі за першы год практыкі ў Настассі было каля паўсотні скачкоў. У яе, як і ў любога спартсмена-парашутыста, ёсць спецыяльная кніга, дзе фіксуюцца ўсе скачкі. На яе рахунку іх ужо каля 1600.

Парашутны спорт менш небяспечны, чым той жа футбол. Тут трагедыі, на жаль, здараюцца, але вельмі рэдка. І, як правіла, гэта чалавечы фактар. Проста так, з-за незалежных ад цябе прычын, тут трагедыі быць не можа.

Падбадзёрвалі Настассю і шматлікія перамогі. Ужо юніёрам яна шмат разоў перамагала на Рэспубліканскіх спаборніцтвах у камандным і асабістым заліках, не раз станавілася чэмпіёнам па дакладнасці прызямлення сярод жанчын. Сярод дарослых яна пераможца чэмпіянату Узброеных Сіл сярод жанчын, прычым удзель­ніцы былі не толькі з Беларусі. Сёлета атрымала судзейскую катэгорыю і цяпер на рэспубліканскіх спаборніцтвах удзельнічае не як спартсменка, а як суддзя.

“Першыя скачкі — хвалюючыя, бо гэта яшчэ вучоба. А калі ўжо адчуваеш сябе ў паветры ўпэўнена, кантралюеш сваё цела — скачкі становяцца настолькі цікавымі, натхняльнымі, што дзеля іх ты гатова адмовіцца ад многага ў жыцці, нават ад адпачынку з сябрамі. Зрэшты, кола маіх сяброў проста змянілася: цяпер мае сябры — спартсмены”. 

Звязаныя небам

Пад аблокамі дзяўчына знайшла не толькі дружбу, але і каханне. Яе муж Антон Гурыновіч — шматразовы чэмпіён свету па парашутным спорце. Зрэшты, гэта не рэдкасць — амаль усе спартсмены ў гэтай сферы бяруцца шлюбам з калегамі. Некаторыя нават вяселле ладзяць у небе, са скачкамі з вэлюмам. А вось яе з мужам тандэм у плане трэніровак не склаўся, хаця яны спрабавалі. Калі на скачкі трапляюць разам, муж можа даць парады жонцы, але яе трэніроўкі праходзяць без яго.

А вось у тандэме з мужам Настасся скокнула толькі адзін раз, калі адзначала свой 600-ы скачок. Увогуле, яна баіцца ска­каць не адна: “У тандэме з інструктарам я скокнула толькі аднойчы, каб паспрабаваць, толькі калі ў мяне было ўласных скачкоў больш за 300. І мне было не па сабе, калі трэба было выскокваць з самалёта, а ў мяне за спінай няма парашута”.

Дарэчы, Настасся Алегаўна разбурае міф пра бясстрашша парашутыстаў. У яе, прызнаецца, страх вышыні і быў, і застаўся. Асабліва, калі яна стала мамай — у маладой сям’і падрастае сын. Хаця пераканана: “Парашутны спорт менш небяспечны, чым той жа футбол. Тут трагедыі, на жаль, здараюцца, але вельмі рэдка. І, як правіла, гэта чалавечы фактар — грубая памылка можа каштаваць чалавеку жыцця. Проста так, з-за незалежных ад цябе прычын, тут трагедыі быць не можа”.

Беларускі шлях

Па словах Настассі, асноўны акцэнт у Беларусі робіцца на класічны парашутызм: “Гэта дзве дысцыпліны (дваябор’е) — дакладнасць прызямлення і індывідуальная акрабатыка. Даклад­насць прызямлення — гэта камандны від спорту — скачам камандай з 4 ці 5 чалавек з вышыні 800—1000 м, раскрываем парашуты і пачынаем работу над дакладнасцю прызямлення. Наша задача як спартсменаў — прызямліцца ў 0. На зямлі знаходзяцца маты, а на іх — круглы датчык дыяметрам 16 сантыметраў, у цэнтры датчыка — маленькі жоўты кружочак. І менавіта да яго трэба пры прызямленні дакрануцца пяткай — спусціцца акуратненька, падляцець, спыніцца і паставіць нагу ў гэты кружок. Так на табло з’явіцца “0” — найлепшы вынік. Кожны сантыметр адхілення ад гэтага нуля — мінус ачкі.

Настасся Гаўрыш: “Не трэба баяцца мяняць хобі ці ўдзяляць увагу адразу некалькім. Варта не зацыклівацца на нечым адным, а атрымліваць асалоду ад таго, што цікава якраз цяпер”.

Індывідуальная акрабатыка — гэта скачкі па адным з вышыні 2200 метраў і выкананне ў вольным падзенні комплексу фігур. Гэта дзве спіралі (развароты на месцы ў адзін бок, у супрацьлеглы) і сальта назад. Увесь комплекс здымае з зямлі спецыяльная відэаўстаноўка, а суддзі ацэньваюць вынік, прагледжваючы запісы на экране. Тут таксама ўсё вызначае вопыт: пастаноўку нагі і індывідуальную акрабатыку мы адпрацоўваем на спецыяльных трэнажорах, на іх жа можам імітаваць паставу і адпрацоўваць кручэнні. Дапамагае тут і дынамічная труба — раскоша, якая з’явілася ў нас толькі ў мінулым годзе, аднак заняткі ў ёй нятанныя. Але ўсё ж адтачыць акрабатыку можна толькі падчас саміх скачкоў у паветры”.

Настасся Гаўрыш высока ацэньвае ўзровень беларускага парашутнага спорту: “Калі гэта сусветныя спаборніцтвы, то ў беларусаў стабільна 1—3 пазіцыі на п’едэстале — і камандныя, і асабістыя. Увогуле, беларускі парашутны спорт вельмі перспектыўны, асабліва ў катэгорыі “юніёры”. Бо ў свеце няшмат маладых людзей да 24 гадоў, якія б складалі годную канкурэнцыю сваім беларускім сапернікам. Ды і сярод больш дарослых беларусаў агромністая колькасць спартсменаў з вельмі сур’ёзным узроўнем падрыхтоўкі. Вось у гэтай катэгорыі сусветная канкурэнцыя вельмі моцная”.

Па меркаванні маёй гераіні, немалую ролю адыгрывае даступ­насць парашутнага спорту ў нашай краіне: “Беларусь, мабыць, засталася адзінай, дзе займацца парашутным спортам можна бясплатна. Так, мы робім узносы ў ДТСААФ, але гэта нязначная сума. Узамен жа атрымліваем бясплатнае навучанне (і тэарэтычную, і практычную пад­рыхтоўку), бясплатныя парашуты, палёты і г.д. Мы самі купляем толькі вышынямер і сваю амуніцыю — шлем, камбінезон, пальчаткі (гэта нядорага)”.

Дарэчы, пакараецца паветра не толькі мужчынам, але і жанчынам. Настасся гаворыць: “Мне падаецца, што жанчын у парашутным спорце нават больш, чым мужчын. Ва ўсялякім выпадку, сярод маладых спартсменаў. Прычым, дзяўчаты маюць куды лепшы ўзровень падрыхтоўкі, чым іх равеснікі-хлопцы, — гэта я заўважаю на спаборніцтвах ужо як суддзя”.

Але пры ўсім гэтым рабіць выбар паміж спортам і школай Настасся не хоча. Настаўніцтва з’явілася ў яе жыцці амаль выпадкова, але поўнасцю супала з яе чаканнямі: “Я не думала, што стану настаўніцай, таму, калі мяне размеркавалі ў школу, нават плакала. Але гэта прайшло вельмі хутка. Я папрацавала крыху і сама не чакала, што мне настолькі можа спадабацца настаўніцтва. Таму мая двухгадовая абавязковая адпрацоўка ў школе доўжыцца ўжо 8 гадоў. Мы з дзецьмі лёгка знаходзім агульную мову, мне з імі цікава, прыемна бачыць і адчуваць, што і ім са мной”.

Але і без неба свайго жыцця Настасся ўжо не ўяўляе. Прызнаецца, што парашутны спорт дорыць ёй непаўторныя эмоцыі: “Я навучылася цаніць жыццё, свет навокал, атрымліваць асалоду ад прыроды. Вось сёння пасмурны дзень, і для кагосьці, можа, гэта і нагода для смутку, але толькі не для парашутыстаў! Мы ведаем, што там, над аблокамі, ёсць сонца. І каб яго ўбачыць, дастаткова падняцца над імі — там чысцюткае неба і ярка свеціць сонца. І кожны раз у момант такога пераходу я прыліпаю да ілюмінатара і зайздрошчу сама сабе, што ў адрозненне ад большасці людзей маю магчымасць убачыць гэты цуд”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота за архіва Настассі Гаўрыш.