Паміж студэнцтвам і прафесійнай будучыняй

- 12:29Апошнія запісы, Вышэйшая школа

У гэтыя дні ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка праходзіць размеркаванне выпускнікоў. Попыт на педагогаў велізарны. Так, на 721 выпускніка дзённай бюджэтнай формы навучання ўніверсітэт атрымаў 2289 заявак.

Напэўна, самы вялікі попыт на выпускнікоў адзначаецца на факультэце дашкольнай адукацыі БДПУ. Сёлета тут выпускаюцца 134 студэнты дзённай бюджэтнай формы навучання, акрамя таго, жаданне атрымаць размеркаванне выказалі два “платнікі”. Дык вось на 136 маладых спецыялістаў пададзена амаль 780 заявак, 646 з якіх — ад устаноў адукацыі Мінска.
Мы пабывалі на размеркаванні выпускнікоў на факультэце дашкольнай адукацыі і пераканаліся, што пры такім раскладзе на маладых спецыялістаў могуць разлічваць толькі тыя работадаўцы, якія прапаноўваюць найлепшыя ўмовы працы, пажадана — жыллё. Ёсць сэнс і ў тым, каб загадзя пазнаёміцца з выпускніком і даслаць ва ўніверсітэт персанальную заяўку. Пры наяўнасці велізарнай колькасці вакансій работадаўцам, якія хочуць атрымаць спецыялістаў, трэба добра паварушыцца.
Ідэальнае размеркаванне — гэта калі жаданні выпускніка і работадаўцы супадаюць. Вітаецца, калі маладому спецыялісту прадастаўляецца жыллё або ён едзе дадому. “Дзе вы будзеце жыць?” — было адным з самых частых пытанняў да выпускнікоў з боку камісіі па размеркаванні. Можна хацець застацца ў Мінску, работы тут бездань, але наўрад ці маладыя спецыялісты са сваёй зарплаты могуць аплачваць жыллё ў сталіцы. Таму размеркаванне ў мінскія ўстановы адукацыі атрымлівалі, як правіла, тыя, хто мае рэгістрацыю ў Мінску ці Мінскім раёне.
“Мы стараемся максімальна задаволіць інтарэсы выпускнікоў і ўстаноў адукацыі, — заўважыў начальнік аддзела кадраў БДПУ Валерый Пятровіч Алавяннікаў, — таму ўжо з 1 верасня ва ўніверсітэце ішла планамерная падрыхтоўка да размеркавання. Міністэрства адукацыі прадстаўляе нам вакансіі, якія існуюць ці з’явяцца да лета, акрамя таго, выпускнікі могуць прыносіць персанальныя заяўкі. Напрыклад, студэнтка працавала ў дзіцячым садку, ёй спадабалася, і кіраўніцтва сада зацікаўлена ў тым, каб да іх прыйшла менавіта гэтая выпускніца, — усё гэта ўлічваецца камісіяй. Як правіла, да моманту размеркавання ўсе выпускнікі ведаюць, куды яны накіроўваюцца”.
Асноўныя заказчыкі кадраў у БДПУ імя Максіма Танка — камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама. Гэта значыць, што выпускнікі накіроўваюцца пераважна ў сталіцу і сталічны рэгіён. Аднак не застаюцца без увагі персанальныя заяўкі ад канкрэтных устаноў адукацыі.
“Напрыклад, Гродзенская вобласць — не асноўны наш заказчык, але мы заўсёды ідзём насустрач, калі кіраўнікі ўстаноў адукацыі прыязджаюць на размеркаванне і зацікаўлены атрымаць выпускнікоў — выхадцаў са сваёй мясцовасці. Пагадзіцеся, калі дзяўчына з Астраўца і выказала жаданне ехаць працаваць у Астравец і там ёсць вакансіі, то лагічна накіраваць яе туды”.
З усяго патоку, здаецца, была толькі пара выпадкаў, калі выпускніцы размеркаваліся не туды, куды захацелі самі. На жаль, яны не паклапаціліся загадзя пра будучае месца працы і не змаглі прадаставіць персанальныя заяўкі, а запытаў з рэгіёнаў, куды яны хацелі паехаць, не было. “Хачу размеркавацца ў Асіповічы, бо там жыве мой хлопец!” — такі аргумент не падзейнічаў на членаў камісіі, бо Магілёўская вобласць не падавала заявак на спецыялістаў. Таму дзяўчыне прапанавалі сталічны рэгіён і параілі хутчэй выходзіць замуж, што дасць ёй права на пераразмеркаванне па сямейных прычынах.
Цікава, што не ўсе выпускнікі хацелі ехаць працаваць дадому. Дзяўчына з Мядзела, напрыклад, папрасіла накіраваць яе ў любы іншы горад, бо не хоча жыць з бацькамі, а мінчанка сама папрасілася ў Жодзіна. Дзяўчаты заявілі, што хочуць жыць самастойна, і камісія па размеркаванні дала ім такую магчымасць.
“Прафесія педагога заўсёды будзе запатрабавана, — адзначыў Валерый Пятровіч
Алавяннікаў. — І калі ў іншых ВНУ ўжо ёсць праблемы з размеркаваннем, то працаўладкаванне выпускнікоў педагагічных універсітэтаў гарантавана. І вельмі важна, што яны самі могуць выбіраць, куды паехаць”.

Дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч размеркаваннем у цэлым задаволены. Ён шчыра перажывае за кожную сваю выпускніцу і спадзяецца, што на першым месцы працы яны ўпэўняцца ў правільнасці прафесійнага выбару.

— Сёння толькі два “платнікі” выказалі жаданне атрымаць размеркаванне і разам з гэтым статус маладога спецыяліста. Скажыце, Аляксандр Мікалаевіч, а куды яны пойдуць працаваць: таксама ў дзіцячыя садкі ці знайшлі сабе справу ў іншай сферы?
— Як вы ўжо зразумелі, праблем з працаўладкаваннем нашых выпускнікоў няма, а таму большасць “платнікаў” вырашылі шукаць работу самастойна. Некаторыя таксама пойдуць працаваць па спецыяльнасці, многія паспрабуюць уладкавацца ў інспекцыі па справах непаўналетніх, дзе вельмі ахвотна бяруць нашых выпускнікоў. Ёсць і тыя, хто паспрабуе рэалізаваць сябе ў іншых сферах. Але я ўпэўнены, што большасць з іх вернуцца ў педагогіку.
Сённяшняя сітуацыя, як кажуць дыпламаты, унушае падставы для асцярожнага аптымізму. Цяжкасці ў прамысловасці і бізнесе плюс меры, якія прымаюцца ў краіне па папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, вымушаюць многіх людзей шукаць работу. А педагогі запатрабаваны заўсёды і маюць стабільную зарплату. Нам паступае інфармацыя з дзіцячых садкоў, што сітуацыя з кадрамі пакрысе стала паляпшацца: выхавальнікі пачалі вяртацца.
Так, педагагічная прафесія масавая, і педагогі зарабляюць нямнога. Але ж ёсць і шэраг пераваг: да канца жыцця настаўніку гарантаваны працяглы летні адпачынак (ні будаўнік, ні юрыст, ні міліцыянер не пахваляцца падобным) плюс стабільная зарплата. І калі раней мужы смяяліся з зарплаты жонкі-выхавальніцы, то цяпер многія на яе жывуць. Акрамя таго, прафесія дае жанчынам магчымасць рэалізаваць сябе як выхавальніцу ўласных дзяцей. І пакуль будуць дзеці, мы будзем запатрабаваны.

— Сёння ніякіх “слёзных” размеркаванняў не было. Практычна ўсе размеркаваліся туды, куды хацелі. Напэўна, гэтаму паспрыяла сур’ёзная папярэдняя работа?
— Так, у нас ужо было папярэдняе размеркаванне, дзе мы разгледзелі кожную заяву і пагутарылі з кожнай выпускніцай. На сённяшні дзень амаль усе ведалі, куды паедуць. Я рады, што нашы выпускніцы настроены пазітыўна, нават у пэўным сэнсе рамантычна. Яны разумеюць, што для іх пачынаецца новае самастойнае жыццё.

— Вам удалося задаволіць менш за 20% заявак. Можна сказаць, што спецыялістаў атрымаюць толькі тыя, хто паклапаціўся пра гэта загадзя: прапанаваў выпускнікам жыллё, зацікавіў сваёй установай і перспектывамі…
— Сапраўды, у нас ёсць план Міністэрства адукацыі, які мы стараемся задаволіць у першую чаргу, а ёсць дадатковы спіс заяў, у тым ліку персанальных. Вельмі часта яны супадаюць. Акрамя таго, мы ўлічваем пажаданні выпускнікоў. У кожным выпадку стараемся паступаць па-чалавечы. Вітаецца размеркаванне на радзіму або калі работадаўца прадастаўляе маладым спецыялістам жыллё. Калі чалавеку ёсць дзе жыць, гэта знімае палову праблем. Безумоўна, многія хацелі б застацца ў Мінску, але, калі ў выпускніцы няма мінскай рэгістрацыі і невядома, дзе яна будзе жыць, такое размеркаванне мы не лічым удалым. Лепш паехаць, напрыклад, у Астрашыцкі гарадок, Бараўляны ці аграгарадок Лясны, дзе маладым спецыялістам прадастаўляецца жыллё.

— Іншымі словамі, рэгіёны, якія хочуць атрымаць спецыялістаў, павінны накіроўваць на вучобу як мага больш абітурыентаў, бо з вялікай верагоднасцю яны вернуцца працаваць на радзіму?
— Дакладна так. Хочаце спецыялістаў — арыентуйце абітурыентаў на атрыманне адпаведных спецыяльнасцей. Напрыклад, у нас вучыцца не так шмат мінчан, таму Мінск больш, чым іншыя рэгіёны, абдзелены кадрамі. Вядома, многія іншагароднія студэнты прыкіпаюць да сталіцы, робяць мінскую рэгістрацыю, ствараюць тут сем’і і застаюцца. Калі б мы размяркоўвалі ў сталіцу толькі карэнных мінчан, то сітуацыя з кадрамі тут была б значна больш складанай. У той жа час рэгіёны, якія клапоцяцца пра кадравую забяспечанасць, укамплектаваны спецыялістамі значна лепш, чым сталіца.

— На размеркаванні многія дзяўчаты казалі, што збіраюцца замуж. Але намеры, як правіла, не браліся пад увагу, і яны атрымлівалі размеркаванне на агульных падставах. Адначасова ім тлумачылася, што ў выпадку ўступлення ў шлюб і змены месца жыхарства яны могуць атрымаць пераразмеркаванне. Наколькі частая такая практыка?
— Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што многія нашы дзяўчаты замужам або збіраюцца замуж за ваенных. Справа ў тым, што наш факультэт вельмі сябруе з Ваеннай акадэміяй, у прыватнасці з факультэтам ваеннай разведкі. Пабачылі б вы, якія хлопцы прыходзяць на нашы факультэцкія святы, вечарыны, дыскатэкі: стройныя, падцягнутыя, талковыя. Яны вывучаюць складаныя навукі, дзве мовы… І ў мяне душа спакойная. Я ведаю, што мае студэнткі не ходзяць у сумніўныя клубы, а, як кажуць, у надзейных руках: у ваенных няма ні выпіўкі, ні курэння, ні якога б там ні было парушэння парадку. І гэтае сяброўства прыносіць плён: многія нашы дзяўчаты выходзяць замуж за ваенных. У выпадку, калі яны мяняюць месца жыхарства ў сувязі з сямейнымі прычынамі (зрэшты, гэта тычыцца не толькі сем’яў ваенных), ім прадастаўляецца магчымасць пераразмеркавацца. І такая практыка нярэдкая. Думаю, ужо да канца лета да нас паступіць некалькі адпаведных заяў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.