Паміж традыцыямі і інавацыямі

- 11:40Планёрка ў рэгіёне

Ленінскі раён Мінска ў пазамінулым годзе заняў 1 месца ў горадзе па агульных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця. Важкі ўклад у гэта ўносіць і сістэма адукацыі раёна, якая заняла 2 месца сярод упраўленняў адукацыі горада. Наш сённяшні госць — начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Алена Уладзіміраўна Цыпылова расказвае аб самых значных дасягненнях сістэмы адукацыі раёна за апошнія гады і аб праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца, а таксама аб шляхах іх вырашэння.

— Алена Уладзіміраўна, чым могуць ганарыцца сёння педагогі раёна?
— Па-першае, адзначу, каманды нашых школьнікаў традыцыйна ў апошнія гады ўваходзяць у тройку лепшых на гарадскіх этапах рэспубліканскіх алімпіяд па розных вучэбных прадметах. І хаця ў 2014 годзе па агульных выніках у нас толькі 4 месца ў горадзе, але дыпломаў мы атрымалі больш, чым у папярэднія гады. А гімназія № 1, як і ў 2013 годзе, зноў стала абсалютным лідарам у сталіцы па колькасці дыпломаў. У пазамінулым годзе Ленінскі раён заняў таксама 1 месца ў намінацыі “Лепшы раён горада па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння” (па выніках конкурсу “Энергамарафон-2013”). У рамках нашай адукацыйнай сістэмы дзейнічаюць 7 інавацыйных і 3 эксперыменальныя пляцоўкі, 5 рэсурсных цэнтраў.

— Адна з праблем, якая зараз на слыху, — залішні дакументазварот. У якой ступені яна закранула сістэму?
— Не магу сказаць, што наша ўпраўленне патрабуе ад устаноў адукацыі раёна вялікую колькасць справаздач. Так, ім, напрыклад, ужо не абавязкова кожны квартал даваць звесткі аб выніках выхаваўчай работы, але яны могуць прадастаўляцца па нашым запыце, калі ўзнікне пытанне да пэўнай установы. Настаўнікаў у апошні час таксама вызвалілі ад залішніх папер, таму што ў іх ёсць усе неабходныя вучэбныя метадычныя матэрыялы, распрацаваныя НІА, пачынаючы ад каляндарна-тэматычнага планавання, кантрольна-вымяральныя матэрыялы, ВМК па факультатывах і да электронных падручнікаў. Педагогі сёння запаўняюць толькі дзённік вучня і класны журнал. Не абавязковыя для іх і паўрочныя планы, хаця маладому педагогу, на мой погляд, планы ўсё ж пажадана пісаць. У класных кіраўнікоў папер больш: яны складаюць яшчэ план выхаваўчай работы, рыхтуюцца да класных гадзін, вядуць і сацыяльны пашпарт класа. Але класнае кіраўніцтва і аплачваецца дадаткова.

— Ці можам мы меркаваць аб майстэрстве педагога па тым, удзельнічаюць яго вучні ў алімпіядах і конкурсах ці не, і па іх перамогах?
— Да гэтага трэба падыходзіць па-філасофску. Некаторыя педагогі вельмі шмат працуюць у гэтым кірунку, а вынікаў няма. І пры гэтым яны — сапраўдныя прафесіяналы. Зразумела, ад асобы педагога залежыць шмат, як і ад асобы кіраўніка ўстановы. Калі кіраўнік з’яўляецца наватарам, рухавіком, які актывізуе ўвесь калектыў, то і педагогі, якія побач, будуць імкнуцца да прафесійнага самаўдасканалення. Крыніц для самаразвіцця шмат — гэта і павышэнне кваліфікацыі, і ўключэнне ў інавацыйную і даследчую дзейнасць, і рэалізацыя разнастайных праектаў. Асаблівыя надзеі ў нас на маладых педагогаў. Перш за ўсё іх неабходна матываваць да творчасці ў рабоце і да дасягненняў. Зразумела, каб маладыя педагогі сёння замацоўваліся на сваіх рабочых месцах, неабходна падтрымліваць іх яшчэ і даплатамі рознага віду.
Ёсць у раёне ўстановы, дзе моладзь пасля атрымання педагагічнай адукацыі трывала замацоўваецца, з некаторых жа — увесь час уцякае. Вылучаецца стабільнасцю калектыў гімназіі № 1. У многім гэта ўнікальная ўстанова. Дарэчы, яе дырэктар Наталля Уладзіміраўна Бушная ў мінулым годзе атрымала званне “Мінчанін года”. Ліцэй № 2 таксама станоўча вылучаецца сярод іншых устаноў нестандартнымі падыходамі да навучання дзяцей, спрыяльнай творчай атмасферай, якая пануе ў калектыве. Яго дырэктар — Галіна Мікалаеўна Багамолава.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе ўстаноў інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі?
— Мне даводзілася сустракаць педагогаў, якія не прымаюць ІКТ. Але зрабіць іх прымяненне абавязковым мы не можам. Кожны педагог мае права на прафесійнае самавызначэнне. Важна толькі вытрымліваць баланс паміж традыцыйнымі ўрокамі і інавацыйнымі. Аб шырокім прымяненні ІКТ на ўроках можна гаварыць у дачыненні да такіх прадметаў, як “Матэматыка”, “Фізіка”, “Хімія” і “Біялогія”, падчас якіх могуць праходзіць лабараторныя доследы, ажыццяўляцца эксперыментальная дзейнасць. Лепшым варыянтам можна лічыць камбінаваныя ўрокі: калі ёсць і электронная візуалізацыя матэрыялу, і засваенне яго праз прагляд традыцыйных картак і табліц. Тое ж можна сказаць і пра электронныя кнігі. Выкарыстоўваючы іх, педагогі павінны памятаць і пра звычайныя друкаваныя выданні.
Рэсурсным цэнтрам па інфарматызацыі ў Ленінскім раёне з’яўляецца сярэдняя школа № 55. Яна вядомая ў горадзе сваімі інтэрнэт-праектамі самай рознай накіраванасці, у тым ліку і праектамі рэспубліканскага ўзроўню (па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, па беларускай мове і інш.). Гэта школа, якая развівае сёння сеткавае ўзаемадзеянне ў межах усёй краіны. Адзін з апошніх яе праектаў, да якога далучыліся ўжо многія адукацыйныя ўстановы, прысвечаны прафілактыцы ўжывання моладдзю спайсаў.
З мінулага года гімназіі №№ 40 і 1, а таксама сярэдняя школа № 51 сталі ўдзельнікамі пілотнага праекта “Разумная школа” па ўкараненні электроннай карткі навучэнцаў. Першыя вынікі — самыя станоўчыя. З дапамогай электроннай карткі можна кантраляваць наведвальнасць школьнікамі ўстановы. Выкарыстоўваючы яе, дзеці могуць ажыццяўляць разлікі ў буфеце, яна служыць ім абанементам у школьнай бібліятэцы, праязным білетам у грамадскім транспарце (даведкай аб тым, што яго карыстальнік — навучэнец школы).

— Як вырашаецца вамі праблема перапоўненасці дашкольных груп (класаў)? Скажыце некалькі слоў у сувязі з гэтым пра кадравае пытанне.
— У агульнаадукацыйных школах Ленінскага раёна сёння сітуацыя, можна сказаць, нармальная: і з кадрамі, і з напаўняльнасцю класаў (у кожным — у сярэднім 25 школьнікаў). Ёсць праблема з наяўнасцю месцаў у дашкольных установах, асабліва ў мікрараёнах-новабудоўлях (Лошыцы, а таксама ў раёне вуліц Сямёнава — Козыраўская — Маякоўскага). Непакоіць нас і праблема недахопу спецыялістаў у садах. У дэфіцыце не толькі выхавальнікі і памочнікі выхавальнікаў, але і кухары. Ёсць і іншы момант — старэнне педагагічных кадраў у дашкольных установах.
Усімі сіламі шукаем выйсце: выводзім з дзіцячых садоў першыя класы, разглядаем па запытах бацькоў магчымасці падвозу дзяцей у дашкольныя ўстановы іншых мікрараёнаў. Кадравыя пытанні мы імкнёмся вырашаць праз перападрыхтоўку, праз уладкаванне ў сады студэнтаў апошніх курсаў педустаноў. Іншы раз дапамагаюць практыканты.
Наш кадравы патэнцыял — гэта перш за ўсё моладзь, нераўнадушная да таго, што робіць, моладзь, якая працуе з душой і сэрцам, шукае і прапаноўвае новыя ідэі.

Надзея ЦЕРАХАВА.