Паміж воўкам і сабакам — прыцемкі…

У мінулую пятніцу стартаваў XXII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Гэта 184 карціны з 60 краін. Сярод іх 91 ігравы фільм, 70 неігравых стужак, 23 анімацыйныя.

Сёння ўжо аўторак. А значыць, фестываль перасягнуў свой экватар. Што там, па той бок экватара?
Цудоўная цырымонія адкрыцця ў кінатэатры “Масква”, калі мы даведаліся, што спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” атрымаў народны артыст Расіі Вадзім Абдрашытаў.
Паказы высакаякаснага кіно, якое нідзе ні за якія грошы не паглядзіш, акрамя як на “Лістападзе”: “Назойлівыя рытмы” (рэжысёр Фані Ардан), “Таксі” (Іран), “Даліна кахання” (Францыя — Бельгія), “Урок” (Балгарыя — Грэцыя), “Аргенціна” (Аргенціна — Іспанія — Францыя), “Піянеры-героі” (Расія), “Шалаш” (Казахстан)…
А яшчэ былі людзі — тыя светлыя людзі, якія прывезлі ў Мінск свае фільмы.
Мы пазнаёмім вас з імі ў найбліжэйшых нумарах. А пакуль…
Я доўга не стрымліваў слёз пасля прагляду яе “Назойлівых рытмаў”. Спыняліся прахожыя: “Что с вами, мужчина?” А што са мной?
А што са мной можа здарыцца, калі я сузіраю галоўную гераіню — віяланчэлістку, а мая дачка штодня штудзіруе віяланчэль у музычнай школе?
А што са мной можа здарыцца, калі я скончыў курсы архітэктуры і крышку разумею, як гэта балюча — прэпараваць каменнае цела?
А што са мной можа здарыцца, калі ў мяне была такая ж настаўніца, як і ў Маргарыты з фільма “Назойлівыя рытмы”? Магла ўдарыць з усёй сілы ўказкай па руках, а потым… да вечара адхукваць, лашчыць, цалаваць…
Для мяне гэта было навінкай: калі Марго ішла вечарам дахаты і паўтарала: “Паміж воўкам і сабакам… Паміж воўкам і сабакам… Воўкам… Сабакам… Воўкам.. Сабакам…”
Я ведаў, што, напрыклад, у англічан ёсць выраз сats and dogs — “каты і сабакі”, гэта значыць ідзе дождж… Але ў французаў у выразе “Паміж воўкам і сабакам” схавана нешта глыбейшае.
На эксклюзіўнае пытанне нашай газеты “Што такое па-французску быць паміж воўкам і сабакам?” непараўнаная Фані Ардан адказала: “Гэта час сутак, які называецца прыцемкамі… Гэта прыцемкі, калі чалавек шукае сябе. І часцей за ўсё знаходзіць”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.