Памятаем, дзякуем, шануем

- 10:32Выхаванне

76-годдзю Вялікай Перамогі моладзь Віцебшчыны прысвяціла больш за 76 маштабных мерапрыемстваў, якія, згодна з канцэпцыяй “Кветкі Вялікай Перамогі”, праходзілі штодня з 3 па 9 мая.

У кожным раёне вобласці прадстаўнікі тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ адрасна павіншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны святочнымі канцэртамі, кветкамі, падарункамі. На інтэрнэт-пляцоўках абласной арганізацыі БРСМ запушчаны 2 патрыятычныя праекты: інтэрнэт-чэлендж “Песні Перамогі” і творчы конкурс тэматычных буктрэйлераў “Кніга з экрана”. Маладзёжныя велапрабегі з наведваннем воінскіх пахаванняў, прыбіраннем тэрыторыі, ускладаннем кветак праведзены 7 мая. Так, у Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах стартаваў велапрабег “Дарогамі Памяці” па месцах воінскай славы, у Чашніцкім раёне аднадзённы велапрабег пралёг па маршруце Чашнікі — Васькаўшчына. Моладзь Дубровеншчыны 8 мая далучылася да забегу “Пераможцы” на 1945 метраў па цэнтральнай вуліцы райцэнт­ра. У той жа дзень у Верхня­дзвінскім раёне адбыўся масавы аўтапрабег “Маршрут Перамогі”, а ў Докшыцах — патрыятычны міні-марафон “Разам да Перамогі”. Акрамя таго, на працягу тыдня ў Докшыцкім раёне прайшлі адкрытыя “Дыялогі пакаленняў” з ветэранамі вайны і маладзёжнымі актывістамі. У Дзень Перамогі маладыя людзі ўручылі ўдзельнікам урачыстасцей бутаньеркі — сімвал сувязі пакаленняў і падзякі героям, якія падарылі сваім дзецям і ўнукам шчасце свабодна жыць пад мірным небам. У Паставах на галоўнай плошчы Леніна 9 мая моладзь правяла флэш-моб: больш за 100 чалавек выстраіліся ў фігуру, якая ўтварае фразу “Мы памятаем”, трымаючы ў руках лампадкі. Мора эмоцый і ўражанняў пакінуў у жыхароў і гасцей Оршы оpen-аir “Кветкі Вялікай Перамогі” з тэматычнымі пляцоўкамі “Ліст да Пераможцы”, “Музей у чамадане”, “Орша Гераічная”.

— Моладзь шануе подз­віг нашых ветэранаў Вялікай Айчыннай Вайны, — адзначыў 9 мая першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. — Іх шлях да перамогі быў абмыты слязьмі маці, жонак і дзяцей, прасякнуты крывёй таварышаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў баях. Пакуль у нашых сэрцах адгукаюцца болем тыя, хто не вярнуўся з палёў бітваў, пакуль гучыць праўда пра тую вайну — мы памятаем! Нізкі паклон і бязмежная ўдзяч­насць вам за Вялікую Перамогу і мірнае неба! Беларусь памятае! Моладзь памятае!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абкамам БРСМ.