Памятаем традыцыі пушкінсканскай эпохі

- 12:20Нам пішуць

У Парэцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна адзначылі дзень памяці вялікага рускага паэта А.С.Пушкіна. З іменем паэта звязана гісторыя ўзнікнення школы ў нашым аграгарадку.

У канцы ХIХ стагоддзя ў Парэччы працавала народнае вучылішча. Але ў сувязі з ростам насельніцтва заможныя сяляне падалі прашэнне Гродзенскаму генерал-губернатару аб выдзяленні сродкаў на будаўніцтва пачатковай школы на станцыі Парэчча. Гэта адбылося ў 1897 годзе. І вось 12 мая 1899 года Гродзенскі губернскі распарадчы камітэт, разгледзеўшы гэтую справу, прыняў наступнае рашэнне: “Исходя из самого искреннего побуждения увековечить в народе память о незабвенном поэте и принимая во внимание, что … для чествования столетия со дня рождения Пушкина и увековечивания памяти о нём может быть открытие школы …, распорядительный комитет определяет: …отпустить …2000 рублей на постройку школы близ станции Поречье с тем, чтобы школа именовалась «Пушкинскою».”

Будаўніцтва школы пачалося ў 1902 годзе і поўнасцю было завершана да 1908 года. Гэта быў аднапавярховы драўляны будынак. У ім размяшчаліся 3 класы пачатковай школы, настаўніцкая і кухня. Каля 1914 года ў школе вучылася каля 80 дзяцей. Акрамя таго, у будынку размясцілася яўрэйская школа на 50 вучняў. У розныя часы навучанне вялося на польскай або на рускай мовах. Школа ў Парэччы не працавала толькі ў гады вайны. Заўсёды тут свята захоўвалася памяць аб паэце, у гонар якога яна была пабудавана.

Будынак новай школы ў Парэччы з’явіўся ў 1969 годзе. Пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ліліі Іванаўны Шаламіцкай пачалася работа па вывучэнні жыццёвага і творчага шляху А.С.Пушкіна, вялася перапіска з пскоўскай сярэдняй школай № 9 імя А.С.Пушкіна, тагачасныя школьнікі ездзілі на экскурсіі па пушкінскіх мясцінах, збіралі фактычны і ілюстрацыйны матэрыял, які лёг у аснову стэндавай экспазіцыі.

Зараз фае другога паверха нашай школы ўпрыгожваюць стэнды, створаныя на аснове тых, што афармляліся яшчэ з удзелам бацькоў цяперашніх вучняў. Члены гуртка “Юны экскурсавод”, вучні 6 класа, падрыхтавалі экскурсійную праграму па стэндавай экспазіцыі, якую прысвяцілі памяці паэта. На першую экскурсію запрасілі сваіх настаўнікаў і вучняў школы. Экскурсанты апынуліся ў літаратурнай гасцёўні, або салоне, як гаварылі ў ХIХ стагоддзі. Юныя пушкіністы расказвалі аб жыцці паэта, прыводзілі малавядомыя факты з яго біяграфіі, чыталі ўрыўкі вершаў, напісаныя ў розныя перыяды яго жыцця. Для больш поўнага разумення пушкінскай эпохі разыгралі сцэнку “На балі”, прадэманстравалі відэфрагмент апошняй дуэлі Пушкіна. У “салоне” гучала музыка М.Глінкі, Г.Свірыдава, В.Моцарта.

Мерапрыемства дапамагло ўдзельнікам наблізіцца да гісторыі, літаратуры, культуры пушкінскай эпохі і яшчэ раз згададаць вядомага з дзяцінства паэта, чый свет розуму, цеплыня і задушэўнасць паэзіі саграюць і асвятляюць нашы душы і сёння.

Наталля ДАНІЛОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод”
Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.